У актывіста АГП Алеся Карніенкі будуць апісваць маёмасьць

Альгерд Невяроўскі, Менск Улады хочуць такім чынам спагнаць са спадара Карніенкі штраф 1 мільён 650 тысяч рублёў, які быў накладзены на яго за арганізацыю 7 лістапада летась у Гомелі акцыі грамадзкага галасаваньня ў справе трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. Алесь Карніенка гаворыць, што ня мае сродкаў для аплаты штрафу. Але калі бы нават і меў, то ўсё роўна не заплаціў.
15 чэрвеня 32-гадовы актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алесь Карніенка быў выкліканы ў суд Заводзкага раёну Менску. Судовы выканаўца Сяргей Веташкін нагадаў, што спадар Карніенка павінен заплаціць штраф 1 мільён 650 тысяч рублёў, гэта прыкладна 800 даляраў. Алесь патлумачыў чыноўніку, што ён беспрацоўны і ня мае грошай, каб аплаціць такі вялікі штраф. Гаворыць Алесь Карніенка:

(Карніенка: ) “Сёньня мяне выклікалі ў суд у гэтай справе, і хочуць спагнаць штраф. Але, наколькі я разумею, пакуль у іх гэта не атрымліваецца. Дамовіліся, што прыйдуць апісваць маёмасьць. Але плаціць гэты штраф я не зьбіраюся, нават калі б у мяне і былі грошы. Тым больш, што ёсьць у нас нейкія магчымасьці ўзаемадапамогі сярод дэмакратаў і апазыцыянэраў. Але я прынцыпова не хачу да кагосьці зьвяртацца, прасіць грошы дзеля таго, каб падтрымаць рэжым Лукашэнкі. У той час, калі ён рыхтуецца да правядзеньня рэфэрэндуму ў справе трэцяга тэрміну. Навошта?”

Судовы выканаўца патлумачыў, што апісаньне маёмасьці спадара Карніенкі ў гэтай справе абавязковае. Калі, напрыклад, у яго знойдуць рэчы ня першай неабходнасьці — кампутар, магнітафон, мікрахвалевую печ, мабільны тэлефон і г.д., то гэтыя рэчы будуць канфіскаваныя ў даход дзяржавы. Могуць быць канфіскаваныя і тэлевізар, мэбля ды іншыя рэчы, калі іх у кватэры некалькі адзінак.

Алесь Карніенка сказаў, што ў яго няма рэчаў, якія бы маглі трапіць пад канфіскацыю. Спадар Карніенка быў аштрафаваны за тое, што разам зь сябрамі Васілём Паляковым і Арцёмам Бурылам арганізавалі летась 7 лістапада ў Гомелі акцыю грамадзкага галасаваньня ў пытаньні трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. За чатыры гадзіны ўдзел у галасаваньні ўзялі 2172 чалавекі. Зь іх амаль 90% выказаліся супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну. За арганізацыю гэтай акцыі суд таксама аштрафаваў спадара Палякова на 1 мільён 650 тысяч рублёў, а спадара Бурылу — на 825 тысяч.

У найбліжэйшы час падобныя акцыі грамадзкага галасаваньня актывісты АГП зьбіраюцца правесьці ў шэрагу іншых гарадоў Беларусі.