Маладыя галасы – гімназія ў Лужасьне

Дзяніс Філееў, Лужысна
Прывітаньне!

Чарговы выпуск праграмы “Маладыя галасы” прысьвечаны Гімназіі ў Лужысьне. Распавядаць пра яе буду я — Дзяніс Філееў, сёлетні выпускнік. Да вашага ведама: поўны назоў нашае ўстановы — Школа-інтэрнат-гімназія для здольных і таленавітых дзяцей зь вясковай мясцовасьці Віцебскай вобласьці. Знаходзімся мы недалёка ад Віцебску, у вёсцы Лужысна. Навучаньне ў нас спэцыялізаванае: ёсьць матэматычная, гуманітарная, біялягічная і вайсковая клясы. Гімназія існуе 7 гадоў.

У гэтай праграме мы прэзэнтуем асаблівасьці нашага жыцьця. А менавіта:

— праўда пра школьныя алімпіяды. Расповеды ўдзельнікаў пра сыстэму падрыхтоўкі, пра плянаваньня колькасьці перамогаў і пра наступствы ад паразаў;

— узаемадачыненьні з выкладчыкамі. Ад маўклівай нянавісьці да перавыхаваньня настаўніка расейскай мовы і літаратуры ў прыхільніка беларускай культуры;

— экстрэмальныя бытавыя ўмовы. Экзатычныя месцы для самападрыхтоўкі, адсутная гарачая вада і недастатковае харчаваньне; — асаблівасьці сэксу і каханьня ў гімназіі. Дырэктар цкуе каханкаў. А таксама — парады, як забрацца ў жаночы інтэрнат.

ГАВОРКІ ПРА АЛІМПІЯДЫ

Яшчэ некалькі гадоў таму пра гімназію ў Лужысьне ніхто й ведаць ня ведаў. Паводле нейкай іроніі лёсу, сёньня мы жывём і вучымся ў тых памяшканьнях, дзе некалі былі дзіцячы дом і школа-інтэрнат для дзяцей з парушэньнем функцыяў маўленьня. А пасьля ў ціхай вёсцы зьявіліся мы. І назва паселішча ўсё часьцей і часьцей гучыць на рознага кшталту інтэлектуальных спаборніцтвах. Для некаторых удзел у алімпіядах стаў своеасаблівым стылем навучаньня і жыцьця.

Прыкладам, Аля Кіт. Тры гады запар на роўні раёну і Віцебскай вобласьці яе прызнавалі адной з найлепшых у вывучэньні гісторыі Беларусі. Сёлетні выступ быў апошні, бо ўлетку Аля заканчвае гімназію.

(Кіт: ) “Я ўдзельнічала ў Алімпіядах па гісторыі. Сёлета ў мяне неяк не атрымалася. Толькі што на “рэспубліку” патрапіла. Тыя гады неяк было лепей. На алімпіядзе як пашанцуе. Пакуль нашае гімназіі дастаткова шанцавала. Гэта, натуральна, з-за геніяльнасьці саміх навучэнцаў. Калі табе падабаецца нейкі прадмет, табе даюць магчымасьць гэтым займацца, ніхто цябе не цкуе, ніхто не забірае твайго часу”.

(Філееў: ) “Удзел у алімпіядах — гэта асабістае жаданьне, ці гэта патрабаваньне настаўнікаў?”

(Кіт: ) “З майго цяперашняга гледзішча, магчыма, я бы гэтым не займалася. Першапачаткова рабіла гэта для сябе, а пасьля ўжо не для сябе — ад мяне нечага чакалі. Папросту гэта дае нейкі досьвед у камунікацыі, пасьля лягчэй будзе ў нечым разьбірацца”.

(Філееў: ) “Алімпіяды праходзяць паводле спартыўнага прынцыпу: перамагае майнейшы. Але апроч маральных узнагародаў, ці існуе нейкая маральная падтрымка алімпіяднікаў? Ці прыносіць перамога нешта канкрэтнае?”

(Кіт: ) “Калі ты перамагаеш на “рэспубліцы”, табе могуць даваць грошы, шмат грошай. На “вобласьці” — меней, але таксама нешта даюць. Пераможцы не атрымліваюць ніякіх матэрыяльных узнагародаў у год алімпіяды. Атрымліваюць толькі праз год. А грошай, як наагул усяго матэрыяльнага, хочацца цяпер і зараз. Вось такая складанасьць”.

Для тых, хто ня ведае: алімпіяды — гэта ўсяго толькі спаборніцтвы і ўрачыстыя моманты ганараваньня пераможцаў. Насамрэч тут, як і ў вялікім спорце, справа не абыходзіцца бяз доўгай падрыхтоўкі, без спадарожных інтрыгаў і трагедыяў з-за паразаў.

Вользе Кірык усяго толькі 16 гадоў. Тым ня менш, ейнае імя ўжо добра вядомае сярод выкладчыкаў і юных геніяў беларускай філялёгіі.

(Кірык: ) “Я ўдзельнічала ў алімпіядах па беларускай мове. Вынікамі першых дзьвюх я вельмі задаволеная, бо “раён” і “вобласьць” у мяне першыя месцы. На Рэспубліканскую алімпіяду я патрапіла ўпершыню. І таму я атрымала толькі пахвальны водгук. Магчыма, такі невысокі вынік атрымаўся праз тое, што ёсьць вельмі вялікая розьніца паміж абласной алімпіядай і рэспубліканскай. Я нават ня ведаю, ці буду ўдзельнічаць у наступным годзе. Як мы рыхтаваліся? Сядзелі над кнігамі, спалі з кнігамі, прачыналіся з кнігамі. Асабліва пасьля таго, як дырэктар нас папярэдзіў, што ад нас чакаюць дыплёмаў. Наагул з намі размаўлялі як не зь людзьмі, а як зь нейкімі машынамі дзеля здабычы дыплёмаў. Цябе і ў гімназіі ведаюць, кілі ты алімпіяднік, калі ты прывозіш дыплёмы. Нічога не зьмяняецца, за выняткам першых некалькіх дзён. Цябе ўсе віншуюць, але пасьля ты становісься звычайнаю навучэнкаю, ты працуеш, як усе. Не, дакладней сказаць, не як усе. Ты працуеш болей — усё, што ты не вывучыў, трэба нагнаць. А калі на цябе разьлічвалі, а ты нечага не зрабіў… Гэта карэнным чынам усё зьмяняе. Псыхалягічна мне было цяжка вярнуцца без дыплёму. І я ня ведала, як мяне сустрэнуць. Адкрытых папрокаў не было. Дарэчы, настаўнікам за тое, што мы не прывозім дыплёмаў, дастаецца значна болей, чым нам. Яны атрымліваюць вымовы. Калі я прыехала без дыплёму, у аблраяна сказалі “Дзяўчына вельмі таленавітая, яна мае вялікі патэнцыял, але настаўніца дрэнная. Настаўніца не змагла падрыхтаваць”. Але ў мяне вельмі добрая настаўніца. Усё трымаецца толькі на настаўніках”.

(Філееў: ) “Тое, што ты згадала, вельмі падобнае на выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра нейкі плян здабычы мэдалёў напярэдадні спаборніцтва. Ці апраўдвае перамога ў алімпіядзе тыя сілы, якія ты змарнавала на падрыхтоўку?”

(Кірык: ) “Калі гаварыць пра маральны сэнс, то безумоўна. Быў і станоўчы бок. Я пазнаёмілася з цудоўнымі людзьмі. Ёсьць моладзь, адданая і таленавітая, якая размаўляе на сваёй роднай мове. Не зважаючы ні на што, мы гаворым па-беларуску, мы думаем па-беларуску. Калі я паеду на наступную алімпіяду, у большай ступені таму, што я хачу пабачыць гэтых людзей зноў”.

ГАВОРКІ ПРА НАСТАЎНІКАЎ

Ці перарастуць прыродныя дадзеныя і схільнасьці ў сапраўдны талент і прафэсіяналізм, шмат у чым залежыць ад выкладаньня. Мы ня будзем кранаць праблемаў матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня. Незалежна ад таго, ёсьць тут цяжкасьці ці не, якасьць выкладчыцкай працы мусіць трымацца на належным роўні. А тым больш калі гаворка ідзе пра спэцыялізаваную гімназію для таленавітых дзяцей.

Пра дачыненьні старэйшага і малодшага пакаленьня разважае Марыся Цак.

(Цак: ) “Некаторых настаўнікаў хочацца вельмі любіць і паважаць, рабіць ім добрае, а некаторых настаўнікаў дзеці папросту ненавідзяць. Мы гуманітарная кляса. Але ёсьць яшчэ хімія, якая нам не патрэбная. Настаўніца лічыць, што хімія патрэбная заўсёды і безь яе мы нават не згатуем сабе ежы. Выйсьце тут адно — “забіць” на ўсё. Калі з чалавекам непрыемна знаходзіцца ў пакоі, то будзе нялюбы і прадмет, які ён выкладае. У гімназіі існуе такое, што ненавідзяць моўчкі. Папросту праходзяць не вітаючыся”. (Філееў: ) “У гімназіі некалькі дзясяткаў настаўнікаў і выхавацеляў. Ці выяўляюць яны сваё стаўленьне да беларушчыны?” (Цак: ) “Што да поглядаў: як лічыць адміністрацыя, так лічыць і бальшыня настаўнікаў. Дырэктар і ягоныя памочнікі вызначаюць усе сьветапогляды. Каб дзеці адкрыта казалі штосьці благое пра прэзыдэнта — дырэктар да гэта ня вельмі добра ставіцца. Што да беларускасьці, то некаторыя настаўнікі файна працуюць на гэтай глебе й захапляюць гэтым дзяцей. Менавіта ў гімназіі я адчула нейкую свабоду. Тут можна размаўляць па-беларуску. І гэтым ты будзеш вылучацца з усіх. Даюць мянушкі, кшталту “Беларусачка”. Неафіцыйным гімнам нашае гімназіі стала “Пагоня”.

Дакладна магу сказаць, што сёлетні выпуск увойдзе ў гісторыю Гімназіі, а можа, і ўсёй адукацыйнай сыстэмы Беларусі. І рэч тут не ў перамогах на алімпіядах.

Навучэнцы гуманітарнага аддзяленьня перавыхавалі свайго кляснага кіраўніка Зьмітра Казакевіча. Пры мікрафоне — удзельніца згаданых падзеяў Вольга Аніська.

(Аніська: ) “Трэба разглядаць, як вучні паўплывалі на нашага кляснага кіраўніка Зьмітра Станіслававіча. Ён выкладчык расейскай літаратуры і мовы. Але Зьміцер Станіслававіч яскрава розьніцца ад іншых настаўнікаў расейскай мовы і літаратуры тым, што ён ня ставіцца пагардліва да беларускай мовы, да беларускай культуры. Наадварот, ён гэта падтрымлівае. Гэта зьдзіўляе. Пачуць ад яго беларускую гаворку куды прыемней, чым чуць расейскую мову. Быў такі час, калі ён размаўлялў з намі па-расейску. Але пасьля пачаліся зьмены: ён пачаў размаўляць з намі на роднай мове. Ён пачаў чытаць беларускую літаратуру, добрых аўтараў. Нам было лёгка абменьвацца нашымі адкрыцьцямі. Можна сказаць, што кожны з нас зрабіў у гэта свой унёсак. Мы яму дапамаглі. Вельмі прыемна гэта адчуваць і ўсьведамляць. А цяпер можна распавесьці пра тое, як на нас паўплываў наш клясны кіраўнік. Ён навучыў нас больш абстрактна глядзець на нейкія рэчы, не падганяць усё пад звычайныя межы паўсядзённага жыцьця. Нават сваімі жыцьцёвымі прыкладамі ён вучыў знаходзіць выйсьце. Неабавязкова, каб гэтае выйсьце было самае правільнае. Дастаткова, каб яно было тваім, бо знайшоў яго ты, каб яно было крыху нестандартнае”.

ГАВОРКІ ПРА ЖЫТЛО І ХАРЧЫ

Навучальным корпусам гімназіі і інтэрнатам ужо 50 гадоў. Самі можаце ўявіць, у якім стане яны знаходзяцца. А асаблівасьць жыцьця ў Лужысьне — гэта непарыўны працэс навучаньня. На пачатку дня — традыцыйныя ўрокі, а затым — самападрыхтоўка. Прычым самападрыхтоўка гэткая сур’ёзная, што часам не хапае ня толькі дня, але і ночы. Але гэта — палова бяды. Праблема яшчэ і ў тым, што ў гімназіі катастрафічна бракуе месцаў для навучаньня.

Дамо слова Зьмітру Жалуновічу. І ён на канкрэтных прыкладах пацьвердзіць мае словы:

(Жалуновіч: ) “У нас два корпусы. Адзін — адмыслова для дзяўчынак, другі — для хлопцаў. Умовы ў дзяўчатаў лепшыя, а ў нас выхавацелі больш строгія. А 10-й вечара яны заўсёды выключаюць сьвятло. Мы вымушаныя вучыць на калідоры, дзе ў гэты час халодна. У іх жа больш лібэральныя парадкі. Пра наш корпус — гэта так званы гатэль. Але яго вельмі цяжка назваць гатэлем. Вельмі шмат пакояў. У кожным жыве 8–9 чалавек. Цяжка жыць у такіх умовах — для таго, каб добра вучыць, патрэбная цішыня і вельмі шмат часу, але такіх умоваў у нас няма”.

(Філееў: ) “Як вы знаходзіце месцы, дзе можна спакойна рыхтаваць хатнія заданьні?”

(Жалуновіч: ) “Кожны хоча знайсьці ціхае месца, дзе ён можа вучыць адзін. Але ў гімназіі 300 чалавек. І вельмі цяжка знайсьці такое месца. Кожны вучыць нешта сваё, і вельмі цяжка засяродзіцца”.

(Філееў: ) “А якое месца самае экзатычнае для падрыхтоўкі хатніх заданьняў?”

(Жалуновіч: ) “Гэта была распранальня. Падумалася: чаму калі-нікалі і мне не зайсьці туды павучыць? Значна спакайней, чым дзе-небудзь, і яшчэ ніхто не здагадаўся пра такое месца. Мне падалося, што там нікога няма. Я адкрыў сумку, пачаў даставаць свае рэчы. Раптам заўважыў, што ў шафе сядзіць дзяўчынка і вучыць прадмет. Яна рабіла сваё хатняе заданьне ў распранальні”.

(Філееў: ) “Ці робіць адміністрацыя гімназіі нейкія захады, каб палепшыць сытуацыю? Ці прасілі бацькі гімназістаў зрабіць лепшыя ўмовы?”

(Жалуновіч: ) “Натуральна, прасілі. Але я мяркую, што ў будучыні нічога ня зьменіцца, бо патрэбныя вельмі вялікія выдаткі, а такіх фінансаў нашая гімназія ня мае”.

Зьмітра Жылуновіча дапаўняе Аўген Лісаковіч. Ён жыве ў тым самым інтэрнаце. Хлопец турбуецца, што пабытовыя цяжкасьці не найлепшым чынам адбіваюцца на навучаньні.

(Філееў: ) “З усіх побытавых цяжкасьцяў, што раздражняе болей за ўсё? Што не падабаецца?”

(Лісаковіч: ) “Недахоп сну. Тут да поўначы ня сьпіш. Вельмі цяжка жыць у такіх умовах. У кожнага свае інтарэсы, і цяжка заснуць. А тады цэлы дзень у цябе няма ніякай працаздольнасьці, і адпадае ахвота да вывучэньня прадметаў”.

(Філееў: ) “У мужчынскім інтэрнаце няма гарачай вады. Гэта вельмі цяжка. Нават ня ўсё дарослыя людзі спраўляюцца з гэтым”.

(Лісаковіч: ) “Усе мыюцца пад халоднаю вадою. Усё неяк дзіка і нязвыкла. Дома ёсьць гарачая вада — гэта вельмі прыемна прыехаць дамоў і адчуць гарачую ваду. А калі ты вяртаесься сюды, складваецца ўражаньне, што гэта 19 стагодзьдзе”.

(Філееў: ) “Псыхалёгі кажуць, што калі чалавек нечага прагне, гэта яму часам сьніцца. Ці сьніцца табе гарачая вада?”

(Лісаковіч: ) “У мяне сны толькі не пра гарачую ваду, гэта ня самая першая патрэба. Сны ў мяне пра іншае. Аднойчы распавядалі, які хлопчык ляжаў і ўсю ноч сьніў, як ён вячэрае ў рэстарацыі. Я ня ведаю, гэта здарова ці не, але такое было”.

(Філееў: ) ”А што, у гімназіі праблемы з харчаваньнем? Ці падабаецца ежа і ці дастаткова яе?”

(Лісаковіч: ) “Разумовая праца забірае больш сілаў і намаганьняў, чым фізычная праца. А мы тут працуем больш разумова. У нашай гімназіі харчаваньня недастаткова. Хацелася бы большыя порцыі, каб якасьць была вышэйшая. Я бы пагадзіўся, каб усяго давалі паболей. Было бы добра”.

(Філееў: ) “Ці ёсьць у гімназістаў магчымасьць мець сваю патэльню і лядоўню, каб самому згатаваць сабе ежу?”

(Лісаковіч: ) ”Патэльню мець ты можаш, але гатаваць забараняецца. Каб зрабіць гарбаты ўвечары, патрэбны імбрык альбо кіпяцільнік, якія ў нас забаронены. Але ўсё робіцца падпольна, не на вачах у настаўнікаў ці выхавацеляў. Неяк выжываем, спраўляемся”.

ГАВОРКІ ПРА СЭКС І КАХАНЬНЕ

І ня трэба думаць, што ўвесь час гімназісты толькі тым і займаюцца, што вучацца. Таксама ня варта меркаваць, што халодны душ пасьпяхова ўтаймовае натуральныя жаданьні й памкненьні. У жыцьці гімназістаў ёсьць месца для сэксу і каханьня.

Бляндынка з ладнаю фігураю й чароўнай ўсьмешкай — гэта 10-клясьніца Вольга Чайкоўская. Натуральна, што з такой зьнешнасьцю яна мае посьпех у мужчынскай часткі гімназіі.

Уласна кажучы, вольны час у нашае закрытае ўстанове праходзіць амаль аднолькава: можна супольна рыхтаваць хатнія заданьні, можна паглядзець заход сонца над Дзьвіной і паслухаць птушак. Не такое салодкае было бы каханьне, ды перашкоды дапамагаюць.

(Чайкоўская: ) “Наш дыэктар супраць усіх зносінаў паміж дзяўчынкай і хлопцам. Аднойчы ён прыйшоў да дзяўчат і сказаў: “У нас в гимназии секса нет! Вы сюда прыехали учиться, а не играть в любовь”.

(Філееў: ) “Словы дырэктара пра тое, што ў гімназіі сэксу няма, — вельмі нагадвае раней папулярную фразу, што ў Савецкім Саюзе сэксу няма. Але вядома, што тое не было праўдаю. Дык як у гімназіі з “гэтым”? Наколькі загады дырэктара і кіраўніцтва стасуюцца з рэчаіснасьцю?”

(Чайкоўская: ) “Загады не перашкаджаюць сустракацца дзяўчатам і хлопцам”.

(Філееў: ) “А ў гімназіі забаронены толькі сэкс ці наагул спатканьні, трыманьні за ручку, сядзеньне на лаўцы, пацалункі?”

(Чайкоўская: ) “І гэта таксама. Калі ён /дырэктар/ бачыць дзяўчыну і хлопца, якія сядзяць побач, — гэта ўжо вялікая праблема. Ён пачынае злавацца. Ён можа прайсьці па ўсёй тэрыторыі гімназіі й павылоўліваць усе парачкі. Але ад гэтага схаваных меней не становіцца. Папросту, парачкі знаходзяць іншыя месцы, дзе можна бавіць час разам. Навошта хаваць тое, што натуральна?”

(Філееў: ) ”Якія пакараньні ўжывае дырэктар да закаханых? Што ён робіць?”

(Чайкоўская: ) “Можа што-небудзь ня вельмі прыемнае сказаць на твой адрас. “Вайскоўцы” атрымліваюць нарады за тое, што дырэктар іх зь некім убачыў. Дзяўчына з нашае клясы сустракаецца з “вайскоўцам”, у іх адны праблемы з-за гэтага. А наконт таго, ці размаўляюць з бацькамі, — так. Выхавальнікі абавязкова размаўляюць на гэтую тэму. Неяк вы праглядалі адпаведную тэчку, і адной з тэмаў размовы з бацькамі дзьвюх дзяўчынак былі адносіны з хлопцамі — што іх было зашмат”.

А на чарзе яшчэ адзін закаханы, Кастусь Ракіцкі. Юны геній праграмаваньня з уласьцьвай матэматыкам лёгікай раскладвае ўсё па паліцах.

(Філееў: ) “Ці цяжка знайсьці сваю другую палову?”

(Ракіцкі: ) “Асаблівых цяжкасьцяў няма, бо тут сабраліся такія людзі, якія разумныя і прыгожыя адначасна. І знайсьці можна ўсё, што табе патрэбна, на любы густ. Каханьне і дзяўчына падштурховае да нейкіх посьпехаў у навучаньні. Яна з гуманітарнае клясы. Мяне аж разьдзірае, калі ідуць заняткі па беларускай мове, імкнуся да лепшай адзнакі, каб не было сорамна перад ёю”.

(Філееў: ) “Якія дзяўчыны найбольш папулярныя? Гэта нейкае разьдзяленьне паводле профіляў навучаньня, паводле складу характару, зьнешнасьці?”

(Ракіцкі: ) “Усё вельмі проста. Гэта як магніт — прыцягваюцца дзьве супрацьлегласьці: матэматык да гуманітарыя, а біёлягам ужо што застанецца, яны міжсобку заўсёды. З боку кіраўніцтва… Нас бачылі, мы таксама іх бачылі. Ну і што з таго? Як бы дырэктар не адцягваў, мы ўсё адно разам. Ён нават казаў, што налета гуманітарную клясу ці нашую клясу куды-небудзь перавядзе. Схавае ў розныя карпусы. Але мы лічым, што ад гэтага нічога ня зьменіцца — усе як жылі, так і будуць жыць”.

(Філееў: ) “Самае прывабнае месца ў гімназіі — гэта жаночы інтэрнат. Ці лёгка туды прабрацца?”

(Ракіцкі: ) “Уначы там знаходзіцца нельга. І гэта самае дрэннае! Але кабінэт інфарматыкі знаходзіцца ў жаночым інтэрнаце, таму трапіць туды няма ніякіх праблемаў. “Начныя” нас разумеюць. Можна падысьці да іх і падлашчыцца цукеркамі. Але гэта спрацуе на пэўны час, на хвілінаў 5–10. Начныя — гэта такія добрыя цёткі, якія сядзяць і сочаць, каб мы не бадзяліся па жаночых інтэрнатах, каб не парушалі дысцыпліну і спалі, а не займаліся рознымі глупствамі”.

(Філееў: ) “Але мы павінны разумець, што ўсё гэта робіцца дзеля нашага дабра, дзеля нашага здароўя, каб ня здарылася нічога дрэннага. Ці разумеюць дзеці, што ў кіраўніцтва менавіта такая пазыцыя, каб было лепей самім гімназістам?”

(Ракіцкі: ) “Мне падаецца, што гэта нават і неабходна. Гэта дадае экстрыму: так нават цікавей і весялей. Але зь іншага боку, кантроль патрэбны. Некаторыя забываюцца на заняткі. Некаторым трэба, каб за імі сачылі. А што да здароўя, у нас установа закрытага тыпу, у нас хваробаў ніякіх няма!”

Можа скласьціся ўражаньне, што жыцьцё ў гімназіі для асабліва адораных дзетак у Лужысьне — гэта нейкай спалучэньне вялікага спорту і традыцыяў закрытых элітарных школаў. І такая выснова блізкая да праўды. Усе неабходныя складнікі навідавоку: спартанскія ўмовы, інтэнсіўны расклад працы, няспынныя спаборніцтвы і кантроль за ўласным жыцьцём.

Але ёсьць адно вялікае адрозьненьне. Перамога на Алімпійскіх гульнях — гэта ўсясьветнае прызнаньне. Пасьля такога спартовец забясьпечаны – забясьпечаны чалавек. У нас жа шматлікія дыплёмы, узнагароды і выпуск з гімназіі — гэта проста заканчэньне дзяцінства і пераход да новага этапу, у дарослае жыцьцё.