Напярэдадні прэзыдэнцкіх і эўрапарлямэнцкіх выбараў у Літве экспэрты прадказваюць 50-працэнтную актыўнасьць выбаршчыкаў

Тацяна Поклад, Вільня У гэтую нядзелю ў Літве адбудуцца выбары ў Эўрапарлямэнт, а разам зь імі – і прэзыдэнцкія выбары. Паводле рэйтынгаў, у ліку фаварытаў – і кандыдат ад партыі сацыял-лібэралаў, якая ініцыявала бязьвізавы рэжым зь Беларусьсю.
Датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары ў Літве адбываюцца пасьля таго, як папярэдні прэзыдэнт Раландас Паксас быў пазбаўлены пасады ў выніку імпічмэнту. На пасаду прэзыдэнта прэтэндуюць 5 кандыдатаў. Паводле апытаньняў, найніжэйшы рэйтынг маюць сацыял-дэмакрат Чэславас Юршэнас, а таксама Казіміра Прунскене – лідэр саюзу дзьвюх партыяў, Сялянаў і Новай дэмакратыі, чыю кандыдатуру падтрымаў Раландас Паксас.

У ліку фаварытаў розныя апытаньні называюць Валдаса Адамкуса, Пятраса Аўштравічуса і Вілію Блінкявічуце. Палітолягі адзначаюць, што ў часе свайго прэзыдэнства у 1998 –2003 гг. Валдас Адамкус падрыхтаваў глебу для далучэньня краіны да НАТА і Эўразьвязу. (77-гадовы Валдас Адамкус ужо быў прэзыдэнтам, і ў Літве памятаюць аб тым, што ён падрыхтаваў глебу для далучэньня краіны да НАТА і Эўразьвязу). Прэзыдэнт В.Адамкус меў у сваім працоўным раскладзе рэгулярныя сустрэчы з прадстаўнікамі нацыянальных супольнасьцяў – яго наступнік Р. Паксас гэтую традыцыю скасаваў. Паводле розных апытаньняў, 77-гадовы В.Адамкус атрымае ад 16 да 30 адсоткаў галасоў.

За 40-гадовага эканаміста Пятраса Аўштравічуса, які кіраваў перамовамі пры далучэньні Літвы да Эўразьвязу, аддадуць свае галасы недзе 16 – 19 адсоткаў апытаных. Ён паходзіць зь Віленшчыны і, як мяркуецца, ведае асаблівасьці гэтага шматнацыянальнага рэгіёну. Кандыдатуру П.Аўштравічуса падтрымліваюць кансэрватары і партыя Працы, якую аналітыкі называюць папулісцкай.

Падобны рэйтынг (16,2% галасоў) мае, паводле аднаго з апытаньняў, Вілія Блінкявічуце, міністар працы і сацыяльнай аховы, што як адзіная з усіх кандыдатаў ня мае сям’і. 43-гадовая В.Блінкявічуце карыстаецца папулярнасьцю дзеля яе рэальных дасягненьняў у справе паляпшэньня сацыяльных гарантыяў, у тым ліку й павышэньня пэнсіяў. Яе сацыял-лібэральная партыя, якая змагаецца таксама і за месцы у Эўрапарлямэнце, выказала найбольшую ўвагу да сытуацыі беларуска-літоўскага памежжа й выступіла з прапановай увядзеньня бязьвізавага рэжыму зь Беларусьсю ды іншых палёгкаў пры перасячэньні беларуска-літоўскай мяжы.

Паводле аналітыкаў, нутрапалітычныя праблемы адсоўваюць выбары ў Эўрапарлямэнт на другі плян – як у Літве, так і ў іншых балтыйскіх краінах. Аднак у Літве ў сувязі з адначасовым правядзеньнем прэзыдэнцкіх выбараў прагназуюць большую актыўнасьць выбаршчыкаў. За 13 месцаў у Эўрапарлямэнце тут агульным лікам змагаецца 241 кандыдат ад 13 партыяў. Дзьве зь іх – партыя палякаў у Літве Акцыя Выборча і Саюз расейцаў Літвы – выступаюць у кааліцыі й абяцаюць адстойваць інтарэсы ўсіх нацыянальных мяншыняў у Эўрапарлямэнце). Як і ў большасьці краінаў Эўразьвязу, рэйтынгі паказваюць найбольшую папулярнасьць апазыцыйных партыяў – перадусім нядаўна створанай літоўскім міліянэрам расейскага паходжаньня В.Успаскіх партыі Працы, якая абяцае змагацца за працоўныя месцы і сацыяльныя выгоды для бяднейшых.

Экспэрты прадказваюць 50-працэнтную актыўнасьць выбаршчыкаў у Літве, а таксама магчымасьць другога тура выбараў.