Сусьветныя лідэры вітаюць прыняцьцё рэзалюцыі па Іраку

ПРАГА. Сусьветныя лідэры сёньня вітаюць прыняцьцё новай рэзалюцыі ААН па Іраку. Каардынатар зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Хаўер Саляна заявіў, што спадзяецца на супрацоўніцтва з будучым ірацкім кіраўніцтвам.

(Саляна: ) “Гэта вельмі добрая навіна. Цяпер адкрываецца новая старонка, і няма сумневу, што Эўрапейскі Зьвяз гатовы дапамагчы новаму ірацкаму ураду і супрацоўнічаць зь ім”.

Сказаў Хаўер Саляна.

Кітай вітаў прыняцьцё рэзалюцыі і заявіў, што Пэкін гатовы ўдзельнічаць у эканамічнай рэканструкцыі Іраку. Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Масква падтрымвае рэзалюцыю, паколькі яна надае легітымнасьць ірацкаму кіраўніцтву і ўводзіць часовы кантроль над амэрыканскімі вайсковымі сіламі ў Іраку.

Дзьве найбуйнейшыя курдскія партыі Іраку абмяркоўваюць ступень іх удзелу ў новым ірацкім часовым урадзе, паколькі рэзалюцыя ААН не пацьвердзіла часовую Канстытуцыю, якая гарантавала правы нацыянальных мяншыняў. Рэзалюцыя прадугледжвае перадачу сувэрэнітэту часоваму ўраду Іраку і надае міжнародным сілам на чале з ЗША права падтрымваць бясьпеку ў краіне.