Галадоўнікаў адведаў амбасадар ЗША

Валер Каліноўскі, Менск Дэпутаты Фралоў, Скрабец, Парфяновіч, а таксама актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Беларускага Народнага Фронту, якія трымаюць галадоўку пратэсту, мелі сустрэчу з амбасадарам Злучаных Штатаў Амэрыкі Джорджам Кролам. Яны патлумачылі яму прычыны свайго пратэсту і перадалі зварот да Кангрэсу і прэзыдэнта ЗША.
У дакумэнце пералічваюцца палітычныя патрабаваньні дэпутатаў наконт выкананьня Беларусьсю сваіх забавязаньняў перад АБСЭ, у прыватнасьці — дэмакратычнае зьмяненьне Выбарчага кодэксу, вызваленьне Міхаіла Марыніча, недапушчэньне трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва А.Лукашэнкі. Удзельнікі акцыі пратэсту таксама выказалі занепакоенасьць лёсам зьніклых палітыкаў, палітычных вязьняў, праблемай перасьледу незалежных СМІ ў Беларусі. Дэпутат Парфяновіч заявіў, што галоўнае іх жаданьне — бачыць дэмакратычнай Беларусь.

Амбасадар Крол паабяцаў перадаць і дакумэнт, і словы галадоўнікаў у Кангрэс, Дзярждэпартамэнт і ўрад ЗША. Ён назваў пратэст галадоўнікаў экстрэмальным і выказаў павагу і падтрымку справядлівым патрабаваньням дэпутатаў і іншых галадоўнікаў:

(Крол: ) “Я прызнаю як чалавек, як замежнік, як прадстаўнік ЗША вашае імкненьне да дэмакратыі, і прызнаем з павагай вашую адданасьць радзіме, будучыні Беларусі”.

Амбасадар Крол назваў прысутных яскравым прыкладам годнасьці Беларусі.