Польская прэса піша пра галадоўку дэпутатаў у Беларусі

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Пра галадоўку дэпутатаў групы “Рэспубліка” піша сёньня і польская прэса. З публікацыямі ў аўтарытэтных польскіх штодзёньніках “Rzeczpospolita” i “Gazeta Wyborcza” вас пазнаёміць наш варшаўскі карэспандэнт.
“Да страты прытомнасьці”– такі загаловак мае матэрыял у сёньняшнім нумары газэты “Rzeczpospolita”, прысьвечаны акцыі пратэсту дэпутатаў.

“Мы ня маем ніякай іншай магчымасьці каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да праблемаў, якія нас хвалююць. Можа людзі, даведаўшыся пра галадоўку, зразумеюць, чаго гэтыя дэпутаты дамагаюцца”, – цытуе штодзёньнік словы дэпутата Валерыя Фралова.

“Rzeczpospolita” адзначае таксама, што ў будынку, дзе жыве спадар Фралоў і дзе цяпер адбываецца галадоўка, жывуць таксама іншыя дэпутаты, але яны пасьля пачатку акцыі рэзка зьмянілі сваё стаўленьне да Валерыя Фралова, Сяргея Скрабца і Уладзімера Парфяновіча.

“Яны дазваляюць сабе жарты кшталту “можа вам не хапае ікры ці бананаў”, хаця да пачатку галадоўкі ў мяне з гэтымі дэпутатамі былі добрыя адносіны”, – кажа Валер Фралоў.

Газэта піша, што нягледзячы на малыя шансы на тое, што патрабаваньні галадоўшчыкаў будуць выкананыя, яны гатовыя працягваць акцыю “да страты прытомнасьці”.

У сваю чаргу “Gazeta Wyborcza” у матэрыяле “Галадоўка супраць трэцяга тэрміну Лукашэнкі” распавядае пра гісторыю знаходжаньня цяперашняга беларускага кіраўніка пры ўладзе і намер “застацца на сваім месцы, калі гэтага папросіць народ”.