“Mojo Blues” – беларускі блюз у Эўропе

Зьміцер Падбярэскі, Менск Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.
(Зьміцер Падбярэскі: ) “Беларускія музыканты за мяжой — мы ўжо неаднаразова зьвярталіся да гэтай тэмы. Аднак па-новаму зірнуць на яе дазволіла паездка групы нашых музыкантаў на міжнародны фэстываль “Noc bluzowa”, які адбыўся ў апошнія дні траўня ў польскім горадзе Рава Мазавецка. Чацьверты год запар блюзавыя выканаўцы зь Беларусі на сьпэцыяльнае запрашэньне арганізатараў паказваюць сваё майстэрства на гэтым фэстывалі, праграма якога складаецца зь дзьвюх частак: конкурсу музыкантаў-аматараў і гасьцявой праграмы. Сёлета ў конкурсе браў удзел дуэт “1 блюз 1” з Гомелю, а ў якасьці гасьцей ад Беларусі выступала група “Mojo Blues”.

За чатыры гады беларусы змусілі гаварыць аб сабе. Нагадаю, што летась у конкурсе ўпэўнена перамагло менскае трыё “Big Val, Svet & Al”. І сёлета беларусы не засталіся без узнагародаў. Ды пра гэта крыху пазьней. Сам жа фэстываль адбываецца ў надзвычай прыязнай атмасфэры. Пра значэньне фэстывалю “Noc bluzowa” гаворыць старшыня Славацкай блюзавай фэдэрацыі музыкант Ян Літэцкі-Швэда”.

(Ян Літэцкі-Швэда: ) “Дзякуючы “Noc bluzowa” я ведаю, што ў Беларусі выконваюць добры блюз. Дзякуючы фэстывалю пашыраецца веданьне таго, што ёсьць у Эўропе. Вельмі добра тое, што фэстываль пашырае маштабы, і многія людзі зь Беларусі таксама, магчыма, раней ня ведалі пра блюз са Славаччыны, Чэхіі, Вугоршчыны. І гэта вельмі добра, што ёсьць такая прапаганда, таму што раней гэтая прапаганда была скіраваная на Захад, аднак мы мусім ведаць, што ёсьць тут, у Сярэдняй і Ўсходняй Эўропе”.

(Падбярэскі: ) “Чым могуць нашыя выканаўцы зацікавіць польскі музычны рынак? На гэтае пытаньне адказвае лідэр групы “Mojo Blues” Ільля Шэўчык”.

(Ільля Шэўчык: ) “Насамрэч няважна, які рынак, проста музыка твая мусіць ісьці ад душы. Справа ў тым, што ўсе гэтыя падладжваньні пад моду, пад тое, што нібы актуальнае, сёньня тое, заўтра іншае, — гэта ўсё толькі мыльныя бурбалкі. Трэба іграць тую музыку, якая ідзе ад душы, і ўсё!”

(Падбярэскі: ) “Цяпер “Mojo Blues” дастаткова вядомы ў Польшчы калектыў. А што трэба рабіць музыкантам, якія зацікаўленыя сябе паказаць у той жа Польшчы для таго, каб быць тут запатрабаваным?”

(Шэўчык: ) “Трэба проста імкнуцца рабіць уласную справу і імкнуцца да таго, каб рабіць яе добра”.

(Падбярэскі: ) “На маё пытаньне, колькі ж часу спатрэбілася яму, каб набыць вядомасьць у блюзавай Польшчы, Ільля Шэўчык пачынае адлічваць вельмі здалёк, ці не з таго часу, як ён упершыню ўзяў у рукі гітару”.

(Шэўчык: ) “Калі так наогул падлічыць, дык гадоў дзесяць. Роўна два гады таму мы паехалі ў Польшчу, пачалі з удзелу ў конкурсах. І для таго, каб сябе зарэкамэндаваць, трэба сябе годна паказаць. Для мяне гэта жыцьцё, а не прафэсійная праца ці чарнавая. Блюз для мяне — гэта крык душы, і гэта зьмяшчае абсалютна ўсё”.

(Падбярэскі: ) “Славэк Вэшхольскі — вядучы канцэртаў фэстывалю, радыёжурналіст, лідэр групы “Nocna zmiana bluza”, старшыня Польскага блюзавага таварыства. Адным словам — блюзавы аўтарытэт. У яго я запытаўся, ці дадаў нешта да агульнага вобразу “Nocy buzowej” удзел у фэстывалі беларусаў?”

(Славэк Вэшхольскі: ) “Я вельмі ўсьцешаны, што тут выступае група зь Беларусі, “Mojo Blues”, якая іграе на такім высокім узроўні, таму што як прапагандыст блюзу, радыёжурналіст я ўвесь час даводжу людзям, што блюз на пачатку 21 стагодзьдзя — гэта ўжо не амэрыканская музыка. Гэта ўжо музыка ўсясьветная. Як і джаз, як і рок — гэтая музыка можа выконвацца паўсюль. Але многім здаецца дзіўным, што ў Беларусі ёсьць блюзавыя групы. І гэта вельмі добра, таму што трэба прапіхваць гэтую тэзу, што блюз — ўсясьветная зьява. Ня трэба ўжо быць цемнаскурым, бедным і п’яным, каб выконваць блюз, як гэта мы раней думалі. Цяпер — не! Цяпер трэба умець проста добра іграць”.

(Падбярэскі: ) “Ня мог я не пацікавіцца ў Славэка Вэшхольскага, ці існуе такі панятак як славянскі блюз — і калі так, чым ён адрозны ад, напрыклад, амэрыканскага?”

(Вэшхольскі: ) “Цяжка мне гэта вызначыць. Ён — іншы, магчыма, больш лірычны, але іншы. У нас яго такім зрабіў Тадэвуш Налепа, зрабіў вельмі асабістае. Думаю, што і я зрабіў у гэта нейкі ўнёсак, калі злучыў блюз з польскімі народнымі інструмэнтамі ў альбоме “Польскі блюз”. І гэта не пытаньне толькі аранжаваньня, а, відаць, іншы падыход да музычнага матэрыялу — у музыцы наогул многае цяжка акрэсьліць, таму што гэта від мастацтва — але, напэўна, ня горшага ад амэрыканскага”.

(Падбярэскі: ) “Падводзячы вынікі конкурсу, у якім бралі ўдзел дзесяць калектываў зь пяці краінаў Эўропы, журы адзначыла адной зь дзьвюх спэцыяльных прэміяў юнага гітарыста і сьпевака з Гомелю Аляксандра Бондарава, якому ня споўнілася яшчэ 17 гадоў”.

(Падбярэскі: ) “З Аляксандрам Бондаравым мы гутарым на зваротным ужо шляху, недзе пад Варшавай. Саша, як табе наогул спадабаўся фэстываль?”

(Аляксандар Бондараў: ) “Гэты фэстываль для мяне вельмі шмат значыць. Ён даў мне зразумець, што блюз у маёй душы, што іграць аднаму з гітарай і сьпяваць — гэта сапраўдны блюз. Сюды я ехаў адным, а вяртаюся зусім іншым чалавекам”.

(Падбярэскі: ) “З чаго ты, уласна кажучы, пачаў цікавіцца блюзам, адкуль у тваім узросьце, калі твае аднагодкі іграюць зусім іншую музыку, імкненьне выконваць тое, што цяпер называюць не інакш, як музэем?”

(Бондараў: ) “Я бачу ў гэтым блюзе 1920–30-х гадоў дзікасьць. Яна вельмі яскравая, у ёй я бачу натуральнасьць”.

(Падбярэскі: ) “Але я так і не зразумеў, чаму цябе менавіта прыцягвае такая вось першатворная музыка, неўтаймаваная?”

(Бондараў: ) “Яна мяне вельмі прыцягвае. У ёй я бачу цяпло, яно павявае ад гэтых блюзаў. Калі я слухаю Робэрта Джонсана, то я чую голас Амэрыкі 1920–30-х гадоў”.

(Падбярэскі: ) “Ці чакаў ты таго, што так годна ацэняць тваё майстэрства дасьведчаныя сябры журы?”

(Бондараў: ) “У самы апошні момант, калі я пачаў выступаць, я ўбачыў, што на гэтым фэстывалі людзям спадабалася гэтая музыка, я ўбачыў аддачу — і я атрымаў вялікае задавальненьне”.

(Падбярэскі: ) “Што ты далей зьбіраесься рабіць?”

(Бондараў: ) “Я пачну працаваць усё больш і больш. Я зразумеў, што тут шмат крутых музыкантаў. Канечне, многія зь іх выконваць падобную музыку, але ўласны ўзровень я ўсё адно мушу падымаць”.

(Падбярэскі: ) “І вось на гэтым мы разьвітваемся з вамі на фэстывалі “Noc bluzowa” ў польскім горадзе Рава Мазавецка ў чаканьні наступнага году, калі тут адбудзецца 15-ы, а гэта значыць — відаць, што трошкі юбілейны фэстываль, на якім, я спадзяюся, Беларусь з дапамогай нашых польскіх сяброў таксама будзе прадстаўленая ня горшым чынам. Да сустрэчы ў праграме “Па-за тактам”!”