Сябры АГП далучаюцца да галадоўкі

Алесь Дашчынскі, Менск Разам з дэпутатамі галадоўку працягваюць старшыні абласных арганізацый АГП : менскай - Марына Багдановіч, віцебскай - Генадзь Ананьнеў і гарадзенскай – Уладзімер Чырвоненкаў. Сёньня да іх павінны далучыцца некалькі сяброў з Горадні.
Жыхары дамоў побач з жытлом дэпутата Валерыя Фралова яшчэ толькі пачынаюць даведвацца, што адбываецца ў іх двары.

(Спадар: ) ”Я думаю, ім нешта не падабаеца, калі яны аб’явілі галадоўку". (Карэспандэнт: ) "Вы можаце пачытаць плякат, што на ім напісана?" (Спадар: ) ”Не -- трэцяму тэрміну, справядлівыя выбары, свабоду Марынічу”. (Карэспандэнт: ) "Як вы да іх ставіцеся?" (Спадар: ) ”Цяжка адказаць. Наш просты рабочы народ далёкі ад гэтай палітыкі. (Спадарыня: ) ”Я ведаю, што Парфяновіч, Фралоў і Скрабец аб’явілі галадоўку. Я падтрымліваю іх патрабаванні і я вельмі ўдзячна такім людзям, якія ідуць на такі крок. Я бачу тут сёньня міліцыя дзяжурыць вакол дома, нейкая напружаная абстаноўка".

Паводле галадоўнікаў, міліцыянты папярэдзілі Валерыя Фралова аб тым, каб ён зьняў плякат з балькона. Але гэтае патрабаваньне не было выканана на момант падрыхтоўкі перадачы. Галадоўнікі трымаюцца і паводле Марыны Багдановіч ёсць многа жадаючых далучыцца да акцыі.

(Багдановіч: ) ”Мы ўсім кажам, што кожны вырашае сам, хто можа на дзень-два прыехаць пагаладаць, мы ўсім будзем рады, тым болей, што месца пакуль хапае – чатыры месцы на балконе.”

Спроба разгарнуць у суботу гарадок з намётаў у двары дома скончылася тым, што міліцыянты сканфіскавалі і намёты, і спальныя мяшкі. Галадоўнікі вырашылі пакуль заставацца ў доме і па магчымасьці не выходзіць на вуліцу. Аднак найбліжэйшым часам мяркуецца зноў разгарнуць намёт у двары. Гавораць Ананьнеў, Чырвоненка і Багдановіч.

(Ананьеў: ) ”Мы думалі, што будзем тут у двары, месца будзе многа. Мы разлічвалі, што будзе 20 чалавек і столькі ў нас было намётаў. Але ў нас іх забралі. Мы спім практычна на падлозе.” (Карэспандэнт: ) Як доўга вы будзеце працягваць сваю галадоўку, на колькі вас хопіць? (Багдановіч: ) ”Пакуль не адвязе хуткая.” (Ананьеў: ) ”Таксама – да канца. “ (Чырвоненкаў: ) ”Я тут самы малады, здароўя многа, так што я абавязаны сысці пазьней за маіх сяброў, калі нічога не здарыцца.” (Багдановіч: ) ” Ёсць яшчэ пагроза, што нас у панядзелак могуць забраць з кватэры міліцыянэры і проста прымусова пасадзіць нас на 15 сутак за тое, што мы выйшлі з палаткамі сюды. Гэта несанкцыянаваны мітынг нам сказалі, што мы сядзелі на спальніку і чыталі газеты".

Паводле сяброў АГП, яны не зьбіраюцца ісьці ў Ленінскі суд паводле позваў, бо адчуваюць сябе ня вельмі добра. Магчыма, замест іх у суд накіруюцца адвакаты.