Алесь Аркуш, Полацак Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”.
Асабістыя запісы мінулага тыдня прадстаўляе Алесь Аркуш з Полацку — паэт, выдавец, каардынатар Таварыства вольных літаратараў
29 траўня
Сёньня Полацак адзначаў Дзень гораду, ужо трэці раз за сваю найноўшую гісторыю. Традыцыйна лілося ракой піва і гарэлка — людзі адпачывалі, як умелі. Не было ніякага жаданьня выпраўляцца на тлумныя, гаманкія цэнтральныя вуліцы, балазе ў другой палове дня прыехалі сваякі віншаваць з днём нараджэньня. Насамрэч дзень маіх народзінаў мінуўся ўчора — адзначыў яго ў кампаніі з Уладзімерам Арловым і Вінцэсем Мудровым.
З раніцы наведаў адкрыцьцё выставы сучаснага іканапісу ў Мастацкай галерэі. Пачуў навіну — званьне “Ганаровы грамадзянін Полацку” нададзенае ўладыку Філарэту. Адкрываючы выставу, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі падзякаваў палачанам за ўшанаваньне і адзначыў, што гэта вялікі гонар, бо Полацак зь сівой мінуўшчыны “зьяўляецца цэнтрам нацыянальнай гісторыі і духоўнага жыцьця”. Ніякага адмаўленьня адносна гэтай кандыдатуры ў маёй душы не нарадзілася, адно падумаў: а ці хутка зьявіцца магчымасьць адзначаць заслугі перад Полацкам божых служкаў іншых канфэсіяў і рэлігіяў?
Цудоўны падарунак учора зрабіў рэстаўратар фрэсак Спаскае царквы Ўладзімер Ракіцкі — экскурсію па легендарнай бажніцы сьвятой Эўфрасіньні. Акрамя мяне ў падарожжа па мінуўшчыне выправіліся Ўладзя Арлоў і дзьве Тацяны — мая жонка і сястра Ўладзі. Ракіцкі натхнёна апавядаў пра апошнія знаходкі. Фрагмэнты фрэсак 12 стагодзьдзя, якія рэстаўратар ужо адкрыў, заварожвалі сваёй мастацкай глыбінёю і вобразнасьцю. Увогуле, гэта цуд, што тыя фрэскі захаваліся да нашых дзён. Захаваліся ні ў зацішным куточку сьвету, а ў шматпакутнай Беларусі, дзе за апошнія два-тры стагодзьдзі асноўныя культурныя скарбы і помнікі былі скрадзеныя, спляжаныя, знішчаныя, зтрушчаныя, ператвораныя ў друз і пыл. Полацкі цуд, які надарыўся ў Спаскай царкве, цепліць надзею на іншыя сэнсацыйныя знаходкі.
30 траўня
Палову дня правёў у сваёй “летняй рэзыдэнцыі” — дамку на беразе Дзьвіны ля Сафійскага сабору. Летась гэтую сядзібу набыла мая жонка Тацяна — прадала двухпакаёўку-майстэрню і ўклала грошы ў прыватны сэктар. Прымусіла зрабіць такі абмен істотная падвышка расцэнак на камунальныя паслугі. Цяпер Тацяна плаціць толькі падатак на нерухомасьць і зямлю — раз на год. Плюс за электраэнэргію, паліва і ваду — дамок падлучаны да цэнтральнага гарадзкога водазабесьпячэньня. Новыя плацяжы непараўнальныя з ранейшымі. Цяпер мы дзячым той падвышцы — паспрыяла ў набыцьці сядзібы. З майго лапіку цудоўны від на Сафійку і Дзьвіну. Культавае места. Пад нагамі амаль тры мэтры культурнага слою. Тыдзень таму пасьля атрыманьня “Глінянага Вялесу” гасьцяваў на маіх сотках Пятро Васючэнка. Ягоныя байкі ўважліва слухалі ня толькі гаспадары і запрошаныя госьці, але й мае чатырохногія — сабака Жуля і котка Маша. Калі ўлічыць, што ім някепска перапала зь “вялесаўскага” стала, дык увогуле той дзень добра запомніўся ўсім.
31 траўня
Амаль гадзіну па тэлефоне абмяркоўваў з полацкім краязнаўцам Міхасём Баўтовічам успаміны Ільінскага, якія я прапанаваў надрукаваць у Полацкім нумары часопісу “Архэ”. Успаміны адшукала Лілія Сазанавец у Ангельшчыне. Яны былі надрукаваныя ў 1956 годзе ў эмігранцкім расейскім часопісе “Грани”. Ільінскі падчас другой сусьветнай вайны апынуўся ў акупаваным Полацку і падрабязна апісаў сваю дзейнасьць на дзьвінскіх берагах. Гэты чалавек быў расейскім нацыяналістам і беларусафобам. Беларускасьці Полацку ён не прызнаваў і нават у складаныя часы акупацыі, працуючы ў царкоўным аддзеле гаруправы, усяляк імкнуўся праводзіць прарасейскую палітыку. Напрыклад, стварыў у Полацку самадзейную царкоўную арганізацыю і падпарадкаваў яе Смаленскаму япіскапу. Трэба разумець, што беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву, якая паўставала ў варунках незабароны з боку акупацыйнай улады, гэты расейскі патрыёт і прыхільнік нямецкага парадку таксама не прызнаваў. Усяляк імкнуўся і перашкодзіць беларусізацыі полацкіх школаў. Варта пачытаць гэтыя ўспаміны, каб лепш зразумець сёньняшнія падзеі.
1 чэрвеня
Сёньня ў “Полацкім весьніку” прачытаў, што гарадзкое сьвята прайшло без сур’ёзных правапарушэньняў. За два дні, 29–30 траўня, толькі 17 чалавек былі дастаўленыя ў бальніцу зь цялеснымі пашкоджаньнямі. А колькі пацярпелых абышліся без дапамогі лекараў, падцёршы юшку пад носам рукавом кашулі?! З агульначалавечай бытавой культурай у нас па-ранейшаму праблема. Побач з маім дзевяціпавярховікам знаходзіцца футбольнае поле мясцовай школы. Божухна, як мацюкаюцца дзеці, ганяючы мяч! Таму няма чаго зьдзіўляцца з культурнага ўзроўню сярэдняга беларускага чыноўніка. Так бы мовіць, народаўладзьдзе ў дзеяньні.
2 чэрвеня
Амаль дзень аддалі з Тацянай веснавым клопатам на сядзібе. За працаю нарадзілася думка: вось каб сьвядомыя беларусы паскуплялі побач дамкі, можна было бы заснаваць у гэтай старажытнай частцы Полацку беларускую слабаду. З сваёй адміністрацыяй, з сваімі парадкамі, сымбалямі й традыцыямі. І яшчэ. Рэальна адчуў, што незалежнасьць — гэта праца, парадак і свабода. Дастаткова мне зімой некалькі дзён не прагрэць дому, як адразу ўзьнікаюць праблемы — кнігі, карціны, габэлены трэба захоўваць рупліва. Бачыў на вёсковых гарышчах зацьвілыя бібліятэкі з кнігамі 1960–70-х гадоў. Пакаленьне сыходзіць — і ўсё іхнае на сьметніцу. Мала зрабіць, пабудаваць, нечага дамагчыся, трэба яшчэ выхаваць удзячных спадкаемцаў.
Зноў дасталося за Жулю — патаптаўся па кветках. “Пасадзі ты яго на ланцуг!” — сварыцца жонка. А я не магу абмежаваць свабоду свайго сябра.
3 чэрвеня
З раніцы паехаў у полацкі гарадзкі суд на судовае паседжаньне. Экс-дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Валеры Шчукін падаў пазоў аб абароне гонару і годнасьці да старшыні Полацкага гарвыканкаму Ўладзімера Тачылы. Судовае паседжаньне, вядома, не адбылося — у суд не зьявіўся адказчык. Але нават тое, што суд прыняў да разгляду такую незвычайную для Беларусі справу, выглядае на божы цуд.
4 чэрвеня
Сёньня Тацяна зьехала на тры дні ў Рыгу, пакінуўшы на мае плечы ўсю гаспадарку. “Зноў будзе макарона!” — зрабіў прагноз на найбліжэйшыя выходныя старэйшы сын. А малодшы сваіх прэтэнзіяў словамі выказаць пакуль ня можа — у яго ўсё наперадзе.