10 актывістаў АГП заявілі, што далучаюцца да галадоўкі

RFE/RL Дзесяць актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі заявілі, што далучаюцца да галадоўкі дэпутатаў парлямэнцкай групы “Рэспубліка”. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька прывітаў гэты крок рэгіянальных кіраўнікоў.
Кіраўнікі рэгіянальных арганізацыяў АГП Марына Багдановіч з Менску, Генадзь Ананьеў зь Віцебску, Уладзімер Чырвоненка і Юры Істомін з Горадні распачалі галадоўку сёньня а 21-й гадзіне паводле менскага часу. Астатнія актывісты АГП выехалі ў Менск і далучацца да акцыі заўтра раніцай. Яны маюць намер праводзіць галадоўку ў намётах, але месца, дзе будуць пастаўленыя намёты, пакуль нявызначанае.

Мы патэлефанавалі старшыню АГП Анатолю Лябедзьку і папрасілі пракамэнтаваць рашэньне лідэраў рэгіянальных арганізацыяў партыі далучыцца да галадоўкі.

(Лябедзька: ) “Натуральна, што мае калегі паставілі кіраўніцтва да ведама пра сваё рашэньне, пра сваю ініцыятыву. Мы ня можам гэтаму пярэчыць. Гэта іх грамадзянкі выбар, гэта выбар іх сумленьня. Пэўна, нейкія складанасьці ўзьнікнуць у дзейнасьці арганізацыі, але мы віталі такі падыход рэгіянальных кіраўнікоў. А што датычыць пэрспэктывы, я думаю, што гэта можа стаць даволі масавай зьявай, калі людзі будуць далучацца і прычым людзі, якія не абавязкова будуць сябрамі нейкіх палітычных партыяў ці дэпутатамі”

Гэта быў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.