Як ставяцца вяскоўцы да магчымага рэфэрэндуму пра трэці прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі?

Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Ці ўхваляюць беларускія вяскоўцы ідэю рэфэрэндуму пра падаўжэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвярнуўся да жыхароў Бабаўнянскага сельсавету Капыльскага раёну, што на Меншчыне.
(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да магчымасьці рэфэрэндуму пра трэці тэрмін Аляксандра Лукашэнкі?”

(Спадар Аляксандар: ) “Мне бяз розьніцы. Мне з гэтага заробку ня прыбавяць”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Ужо, мусіць, не. Нічога лепшага ён нам не дае. Адно што цэны растуць. Начальства нібыта кажа адно, але цэны невядома якія”.

(Карэспандэнт: ) “Ці трэба праводзіць рэфэрэндум наконт трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэнкі?”

(Спадар Іван: ) “Прызначаць, і ўсё”.

(Спадар Васіль: ) “Галасуй, не галасуй — толку мала”.

(Карэспандэнт: ) “Ці добра вам жыць пры Лукашэнку?”

(Спадар Аляксандар: ) “Ён вёсцы дапамагае. Таму лепш жыць”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Дзе там лягчэй жыць? Жылі добра пры Брэжневе”.

(Спадар Васіль: ) “Раней былі райкамы, райвыканкамы, абкамы. Дык было хоць куды дастукацца”.

(Спадарыня Ганна: ) “Ну, праўда. Каб Лукашэнка дапамог людзям, якія хлявоў ня маюць. Дахі пагнілі ў Бабоўні. Як там людзям жыць, калі дамы там цякуць?”

(Спадарыня Марыя: ) “Я Лукашэнку падтрымліваю. Ціха, спакойна ў нас”.

(Карэспандэнт: ) “А ці не задоўга кіруе краінай?”

(Спадарыня Марыя: ) “У пэнсіянэраў пэнсіі нармалёвыя, але вось мой зяць не атрымлівае і ста тысяч рублёў. Ён кіроўцам працуе. Трэба Лукашэнку глядзець за стратнымі гаспадаркамі. Скарачаць, расфармоўваць, перарабляць”.

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Каб ён сюды прыехаў ды паглядзеў, як мы жывём!”

(Карэспандэнт: ) “Вы лічыце, што Лукашэнка ня ведае, што Бабоўняй кіруе кепскае начальства?”

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Ён ня ведае. Ён ня ведае, што тут робіцца. Мы цёмныя людзі. Калі мы паскардзімся, то нам тут ня будзе жыцьця”.

(Карэспандэнт: ) “На вашую думку, якімі могуць быць вынікі галасаваньня на магчымым рэфэрэндуме пра падаўжэньне тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі?”

(Спадарыня Людміла: ) “Рэфэрэндум будзе ўсё роўна. Гэта ад мяне не залежыць. Ужо бы выбары дык выбары, для чаго рэфэрэндум? Яму вельмі пашэнціла. Буш столькі не прабыў пры ўладзе, колькі Лукашэнка. І плянуе яшчэ”.

(Спадар Сяргей: ) “Моладзь супраць Лукашэнкі. А пэнсіянэры — за”.

(Спадарыня Людміла: ) “Пэнсію ён прыбавіць. Ён наабяцае ўсяго. Так было. На папярэднім рэфэрэндуме і я за Лукашэнку галасавала. Ён умее пераконваць, бо ў калгасе нарадзіўся. Як тэлевізар уключыў, дык ён абяцае тое і тое. А дзе ён возьме, каб у яго спытаў!”