Ці сталі больш дарагімі тавары ў Польшчы пасьля далучэньня да Эўразьвязу

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Прайшоў месяц пасьля далучэньня 10 новых краінаў да Эўрапейскага Зьвязу. У Беларусі афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі часта паведамлялі, што, у прыватнасьці, у Польшчы назіраецца паніка пакупнікоў, бо пасьля 1 траўня кошты на ўсе тавары павінныя былі нібыта значна павялічыцца. Ці гэта так?
Яшчэ напярэдадні далучэньня Польшчы да Эўразьвязу спэцыялісты з Нацыянальнага банку падлічылі, што пасьля 1 траўня прыкладна 15% тавараў падаражэе, траціна наадварот – патаньнее, а кошты прыкладна паловы тавараў ня зьменяцца. У выніку, паводле эканамістаў, кошты павінныя падвысіцца прыкладна на 1%.

Прыкладна так і здарылася.

Больш за ўсё падаражэлі аўтамабілі і некаторыя харчы, напрыклад, ялавічына ці рыс. Рост цэнаў на гэтыя тавары і даў сярэднестатыстычнае падвышэньне на 1%. Між тым, заўважна патаньнеў пакуль толькі імпартны алькаголь. Бутэльку добрага віскі можна цяпер набыць нават на 30% таньней.

Вось што сказаў прадстаўнік Нацыянальнага банку Польшчы Томаш Пасілкоўскі.

(Пасілкоўскі: ) “Падвышэньне цэнаў, якое было зьвязанае з далучэньнем Польшчы да Эўразьвязу у выпадку большасьці тавараў ужо адбылося. Але трэба памятаць, што вельмі шмат тавараў яшчэ мусяць у хуткім часам патаньнець”.

Такім чынам, гэтае аднаадсоткавае падвышэньне цэнаў, магчыма, нават зьнікне, бо, паводле спэцыялістаў, ужо вельмі хутка ў Польшчы павінны патаньнець, сярод іншага, тэлефонныя размовы і электрычнасьць.

Дарэчы, цукар – а менавіта пра масавую скупку гэтага прадукту палякамі шмат паведамлялі беларускія афіцыйныя мэдыі, – дык вось цукар пасьля 1 траўня ў Польшчы пачаў таньнець.