Сяргей Шупа, Прага Сэрыя перадач, прысьвечаная юбілею Беларускай Свабоды.
(Дыктарка: ) “Гаворыць Радыё Свабода. Дарагія радыё-слухачы, вы чуеце свабодны голас сваіх суродзічаў-беларусаў з вольнага сьвету”.
1966 год. Радыёэфір працягвае заставацца полем ідэалягічных баёў. Сярод іншых падзеяў вартая згадкі палітычная перастрэлка паміж эміграцыйнымі і падсавецкімі літаратарамі. У сярэдзіне 60-х у эміграцыйным друку і ў перадачах Радыё Свабода пачалі зьяўляцца матэрыялы, у якіх аналізавалася творчасьць пісьменьнікаў новага пакаленьня – і ў матэрыялах гэтых давалася прыхільная ацэнка іхнай творчасьці.
Пахвала беларускім пісьменьнікам з вуснаў ідэалягічных ворагаў не магла не занепакоіць савецкіх ідэолягаў, якія змусілі гэтых пісьменьнікаў выступіць з адказам беларускім буржуазным нацыяналістам. Так у канцы 1966 году на старонках некалькіх газэтаў зьявіўся адкрыты ліст “Ня вам беларусамі звацца” пад подпісам васьмі вядучых пісьменьнікаў маладога на той час пакаленьня. У лісьце яны ў рэзкай форме адмежаваліся ад прыхільных эміграцыйных крытыкаў і пацьвердзілі вернасьць партыі і савецкай дзяржаве. Гэтая тэма шырока асьвятлялася на хвалях нашага радыё. Сёньня тыя, чые подпісы стаяць пад лістом, напэўна, маглі б распавесьці ўсе падрабязнасьці арганзіаваньня той акцыі, аднак гэта ўжо зусім асобная тэма.
Што да антысвабодаўскіх артыкулаў, дык у 1966-м годзе пальму першынства бясспрэчна заслугоўвае памфлет Ігара Дылеўскага ЗА ПАДВАРОТНЯМІ – ПІЎНЫЯ. ЗЬВЯЗДА, 3.09.1966:
“Баварская сталіца гандлюе... падваротнямі. Тавар – як мае быць. На ўзроўні выпрабаваных стандартаў. Гэта падваротні супэркласа – цэлыя брахлівыя камбінаты, ашчаціненыя пікамі радыёантэн. Гэта не інкубатары дробных вулічных скандалаў, а рассаднікі глабальных правакацый – базы штодзённых пірацкіх рэйдаў у эфіры. І ланцужная каманда падабралася надзіва ўдала. Галасьлівая. Языкатая. Зьвяглівая. У добрыя старыя часы шмат хто з гэтай публікі стаяў на задніх лапах перад Гебельсам і старанна цягнуў ашалелую віскатлівую ноту... Гаспадар скруціў сабе карак, а зграя па-ранейшаму агінаецца ў падваротнях”.
Гэтак пісаў у 1966 годзе ў ”Зьвязьдзе” Ігар Дылеўскі.
А ў нашай сёньняшняй перадачы – працяг распачатых тыдзень таму ўспамінаў вэтэрана нашага радыё Вітаўта Кіпеля. Сёньня спадар Кіпель распавядзе пра перадачы, якія ён рыхтаваў у нью-ёркскім бюро Радыё Свабода.
(Кіпель: ) “Я стаў наведваць вельмі шмат амэрыканскіх канфэрэнцыяў, прычым ня толькі культуралягічныя, але і навуковыя. Стараўся на гэтых канфэрэнцыях знайсьці тэмы, убачыць тэмы, якія маглі б цікавіць дасьледчыка ў Беларусі. Прыкладам, адна з такіх тэмаў, якая мне была вельмі блізкая, гэта хімічнае дасьледваньне калійных соляў: якія гэта солі, што зь іх можна рабіць. У той час, ведаеце, каля Старобіна гэтыя адкрыцьці рабіліся, пачыналася будаўніцтва шахтаў, пачыналася вывучэньне галургічнае, ужываючы навуковы тэрмін. І ў Амэрыцы ў гэты самы час гэтым таксама вельмі цікавіліся. Такім парадкам я па радыё стараўся падаць інфармацыю пра тое, што робіцца ў Амэрыцы. Я, дарэчы, супрацоўнічаў зь некаторымі амэрыканскімі журналамі. Гэта рэфэратыўны журнал па хіміі, інжынэрны рэфэратыўны журнал, і добра быў азнаёмлены з тым, што робіцца ў амэрыканскім навуковым жыцьці, і якое гэта мае значэньне для савецкага БССР’аўскага чытача”.
Вітаўт Кіпель працягне свае ўспаміны крыху пазьней, а зараз – аўтэнтычны эфір 1966 году.
(Дыктар: ) “Беларуская сучасная літаратура. Ля мікрафону – літаратуравед Станіслаў Станкевіч з гутаркай пра новы зборнік вершаў Пімена Панчанкі “Пры сьвятле маланак”.
(Станкевіч: ) “Зусім нядаўна трапіў у нашыя рукі новы зборнік вершаў Пімена Панчанкі “Пры сьвятле маланак”, што выйшаў летась. Пасьля выданьня гэтага зборніка паэта бадай нічога новага яшчэ не надрукаваў. За тым зборнік “Пры сьвятле маланак” – апошняе і найсьвяжэйшае слова Пімена Панчанкі ў беларускай паэзіі. Сваім часам Пімен Панчанка падобна як і Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў ды Максім Танк цалком аддаваў сваю творчасьць на службу Сталіну і сталіншчыне. Яшчэ перадапошні ягоны зборнік “Чатыры кантынэнты”, што быў выдадзены ў 1964 годзе, але зьмяшчаў вершы, напісаныя да 1962 году, быў перагрувашчаны надзённымі партыйнымі лёзунгамі і газэтнымі штампамі. Зусім інакш загучэлі Панчанкавы вершы 1964 і 1965 гадоў, што складаюць асноўнае ядро зборніка “Пры сьвятле маланак”. У зборніку гэтым паэта ня толькі вызваліўся із сваёй ранейшай службовае ролі, але і стаўся адным з найбольш палкіх абвінавальнікаў і асуджальнікаў усіх тых ненармальных, нездаровых, несправядлівых і шкодных зьяваў, што зрадзіла сталіншчына і рэцыдывы чаго здараюцца яшчэ цяпер... (Шум глушылак.) ...вольных ад надзённае праблемнасьці ці не найзырчэй выявіўся паэтычны талент Панчанкі . Паэтычная мова вершаў Панчанкі наагул чыстая, дакладная і выразная, усё ж грэшыць некаторай лексычнай убогасьцю. Застаецца пажадаць паэту больш сьмела выкарыстоўваць народнае багацьце мовы, шырэй уводзіць сынанімічныя выразы і элемэнты народнай фразэалёгіі. Наагул жа, у зборніку “Пры сьвятле маланак” Панчанка выступіў як новы паэта, зусім не падобны і адрозны ад ранейшага Панчанкі з часоў сталіншчыны. У гэтым вось найбольшая заслуга перад сучаснай беларускай паэзіяй і зарука пачэснага месца ў ёй Пімена Панчанкі”.
Праз колькі хвілінаў мы вернемся да ўспамінаў Вітаўта Кіпеля, а зараз – панарама падзеяў у свеце ў 1966 годзе...
Год 1966 у сьвеце
Палітыка
Францыя выводзіць свае збройныя сілы з сыстэмы НАТО. – Сукарна пакідае пасаду прэзыдэнта Інданэзіі, яго месца займае Сухарта. – Батсвана, Лесота і Гаяна становяцца незалежнымі дзяржавамі. – Індыра Гандзі становіцца прэм’ерам Індыі.
Навука
У Кітаі ўпершыню сынтэзаваны інсулін. – Біяхімікі з Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту заканчваюць расшыфроўку коду ДНК. – У шпіталі ў Х’юстане адвыбаецца першая апэрацыя перасадкі штучнага сэрца.
Літаратура
Нобэлеўская прэмія прысуджаная Шмуэлю Ёсэфу Агнону (Ізраіль) і Нэлі Сакс (Швэцыя). Выходзяць раманы “У халоднай крыві” Трумана Капотэ, “49-ты з малатка” Томаса Пінчана, “Памочнік” Бэрнарда Маламуда.
Фільм году: Мужчына і жанчына.
Папулярная музыка
Эрык Клаптан засноўвае гурт Cream. Пасьля заявы Джона Ленана, што Beatles больш папулярныя за Ісуса Хрыста, бальшыня радыёстанцый у ЗША байкатуюць іх песьні. 29 жніўня Beatles выступаюць у Сан-Францыска са сваім апошнім публічным канцэртам.
Песьні году – California Dreamin'', Mama''s & Papa''s Good Vibrations, Beach Boys The Sounds Of Silence, Simon & Garfunkel Yellow Submarine, Beatles.
А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Вітаўт Кіпель, які больш за 30 гадоў выступаў на нашых хвалях як Вітаўт Зубкоўскі, распаявдае далей пра тэмы перадачаў, якія ён рыхтаваў у бюро Радыё Свабодa ў Нью-Ёрку.
(Кіпель: ) “Безумоўна я не закідаў тэмы (ці пачаў новую тэму) – гэта вывучэньне беларусаў і пасяленьня беларусаў у Злучаных Штатах Амэрыкі. Гэта была асноўная тэма майго дасьледваньня, калі я пачаў працаваць ужо ў Злучаных Штатах Амэрыкі ў бібліятэцы. Гэтая тэма была вельмі цікавая савецкаму слухачу, бо як ведама ў Беларусі бадай кожная чацьвертая ці кожная пятая сям’я мае нейкага далёкага ці блізкага родзіча ў Амэрыцы. Усё-ткі зь Беларусі выехала ў Амэрыку каля мільёну людзей. І паўтара мільёна выехала ў Сібір. Мы нацыя, якая дала імігрантаў. І такім парадкам, па радыё тэма беларускай эміграцыі ў Амэрыцы карысталася посьпехам. І гэтая тэма была, фактычна, бесканечная, бо штотыдня, штомесяца можна было знаходзіць гэтыя сьляды і ў пэўны спосаб іх падаваць у друку і ў радыё”.
Нагадаю, што сёньня госьць нашай перадачы – Вітаўт Кіпель. А зараз – зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт аўтэнтычнага эфіру 1966 году.
(Дыктар: ) “Праблема беларусаведыі і беларускай культуры. З гутаркай пра пытаньні культуры беларускай мовы ля мікрафону наш камэнтатар Станіслаў Станкевіч”.
(Станкевіч: ) “Руплівасьць пра культуру роднае мовы сяньня ўжо не ўважаецца за выяў буржуазнага нацыяналізму. Зь вялікім задавальненьнем трэба адзначыць, што ў справе культуры роднае мовы прысьвячаюць сяньня шмат увагі найперш беларускія пісьменьнікі. Калі прыраўнаваць мову літаратурных твораў часоў сталіншчыны да мовы сучасных твораў, дык у гэтых апошніх адразу ж кідаецца ў вочы вялікі прагрэс перш-наперш у руплівасьці да чысьціні мовы, багацьце слоўнікавага матэрыялу, жывую тэндэнцыю да выкарыстоўваньня багацьцяў народнае мовы. У часапісе “Полымя” нават ёсьць асобны разьдзел “Культура мовы”, у якім нашыя моваведы і пісьменьнікі друкуюць свае тэарэтычныя артыкулы, моўныя матэрыялы ды практычныя парады, прысьвечаныя пытаньням мовы. Уздымаюцца штораз часьцей галасы пра даўно насьпелую патрэбу выдаваньня моваведнага часапісу. Аднак уся гэтая акцыя за падвышэньне культуры мовы і ейную чысьціню па-за пісьменьніцкія колы бадай што яшчэ не выходзіць. Дый сярод саміх пісьменьнікаў далёка ня ўсе ацэньваюць усю важнасьць гэтае справы. З асаблівым прызнаньнем трэба затым вітаць выступленьне Янкі Скрыгана ў пытаньні культуры мовы на сумесным сходзе сэкцыі прозы і сэкцыі крытыкі і літаратуразнаўства 3 сакавіка, прысьвечаным абмеркаваньню твораў мастацкае прозы леташняга году. Мова – першы элемэнт літаратуры, яе будаўнічы матэрыял. Адчуваць слова, улоўліваць яго адценьні і нюансы, уменьне знайсьці адзінае патрэбнае сярод соцень – бяз гэтага няма мастака. (Шум глушылак.) ...Каб праца над культурай мовы, шчасьліва пачатая пісьменьніцкай грамадзкасьцей, вялася і далей, з большай яшчэ руплівасьцей і сыстэматычнасьцей, ды ахапляла ня толькі мову мастацкай літаратуры, але чыста ўсё тое, што толькі выходзіць з друку. Каб надаць гэтай працы шырокі сыстэматычны характар мала разьдзелу “Культура мовы” ў часапісе “Полымя”, для гэтага, канечне, патрэбны перш-наперш моваведны часапіс”.
1966 ГОД У БЕЛАРУСІ
На курорце Ждановічы адкрыты санаторый ”Крыніца”. – БССР падпісала канвэнцыю аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі. – У Менску адкрыты Палац Спорту. – Заснаванае Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. – Пачалося інтэнсіўнае асушэньне земляў у Палесьсі. – Распачалася рэалізацыя праграмы “непэрспэктыўных” вёсак і перасяленьня іх жыхароў у калгасныя і саўгасныя пасёлкі.
А зараз – менскі эфір 1966 году. Пра сваю паездку ў Польшчу распавядае паэтка Ларыса Геніюш.
(Геніюш: ) “Я мела магчымасьць і шчасьце адведаць Польскую Народную Рэспубліку, зь якой акрамя добрасуседзкіх адносін, лучаць мяне яшчэ асабістыя вялікія пачуцьці. Гэта ўдзячнасьць да польскага ўраду і народу за тое, што ў свой час яны прыгарнулі майго адзінокага сына і далі магчымасьць яму здабыць асьвету і стаць чалавекам. Я вельмі цешуюся, што пабачыла Варшаву. Варшава на мяне зрабіла вялікае ўражаньне. Мне здавалася, што гэта – проста цуд. Я падзіўляла працу польскага рабочага народу і цешылася яго дасягненьнямі. Я вельмі баялася, што недзе ўбачу крыху руін і зноў прыпомняцца мне страшныя часы. На шчасьце, я гэтага ня бачыла. Усюды бачыла вельмі добра апранутых людзей, вясёлых, жыцьцярадасных, такіх людзей, якія мяне сапраўды вельмі-вельмі парадвалі. І сваім вонкавым выглядам, і сваім настроем. Сустракалі мяне заўсёды гасьцінна”.
У менскім эфіры 1966 году выступала Ларыса Геніюш.
Нагадаю, госьць нашай сёньняшняй перадачы – вэтэран нашага радыё Вітаўт Кіпель, які распавядае пра сваю працу ў бюро радыё Свабода ў Нью-Ёрку.
(Кіпель: ) “Прадаўжалася нашая, так сказаць, беларусіка ў той галіне, што мы пачалі падаваць інфармацыю пра ўдзел беларусаў у амэрыканскім палітычным жыцьці. Былі створаныя беларуская рэспубліканская партыя і дэмакратычная. Яны бралі некаторы ўдзел у розных палітычных кампаніях, у выбарах, у палітычных рухах. Гэта тэма была вельмі цікавая дзеля таго, што, як вам ведама, у Амэрыцы выбары адбываюцца штагод – ці то выбіраюць прэзыдэнта, ці то Сэнат, ці то кангрэсмэнаў, ці то губэрнатараў. І заўсёды ў тых штатах, дзе была значная прысутнасьць беларусаў, нашыя людзі ўдзельнічалі арганізавана ў гэтых палітычных кампаніях. Безумоўна, гэта была зусім новая тэма для савецкага чытача, і я думаю, яна мела таксама сваё значаньне”.
Гаварыў Вітаўт Кіпель.
I на заканчэньне – зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт перадачы ”Музычныя сустрэчы”, 1966 год.
(Дыктарка: ) “У беларускай праграме Радыё Свабода. Вы слухаеце “Музычныя сустрэчы”. Цікавая зьява, чаму на зьездах і пленумах камсамольскае арганізацыі Беларусі ніколі бадай не гаворыцца пра патрэбу падтрыманьня і пашырэньня беларускае культуры? Дзеля якіх мэтаў існуе камсамольская арганізацыя? Ці павінна яна мець якія-небудзь нацыянальныя адзнакі? Якія? Да гэтага пытаньня мы выказваемся ў нашай наступнай новай праграме, што пачынаецца ў нядзелю а 18-ай гадзіне, паводле Менскага часу, на хвалі 31 мэтар”. (Гучыць акардэонная музыка)
(Дыктарка: ) “Андрэй Мрый, малады здольны сатырык, паў ахвярай сталінскага тэрору ў 30-х гадох. У 1929 годзе Мрый апублікаваў у часапісе “Узвышша” сатырычную аповесьць “Запіскі Самсона Самасуя”, якая больш ніколі не перавыдавалася ў савецкай Беларусі і дасюль нідзе не згадваецца. Чародны ўрывак з гэтай аповеьсці мы перадаём у нашай наступнай новай праграме. Праграма пачынаецца ў нядзелю а 18-ай гадзіне, ды пасьля паўтараецца колькі разоў на хвалі 31 і 25 мэтраў”. (Гучыць музыка)