Беларуская валюта займее свой графічны знак, як і ўсе валюты сьвету

Юлія Шарова, Менск Нацбанк абвесьціў конкурс на стварэньне такога знаку для беларускага рубля, хоць паводле гэтак званых саюзных дамоўленасьцяў наступнага году Беларусь павінна адмовіцца ад “зайчыка”.
Неабходнасьць стварэньня графічнага знаку для беларускага рубля ў Нацбанку тлумачаць такімі прычынамі. Па-першае, наяўнасьць такога знаку значна спрасьціла бы жыцьцё тым, хто, напрыклад, піша пра фінансы. Замест таго, каб пісаць “адна тысяча беларускіх рублёў”, дастаткова будзе лічбамі набраць на кампутары тысячу і перад ёй паставіць значок. Па-другое, Нацбанку папросту за айчынную валюту крыўдна: сёлета “зайчык” значна ўмацаваўся, стаў стабільнейшым нават за даляр — а ніякага ўласнага графічнага знаку ня мае.

Абазначэньні сваіх валютаў займелі ўсе суседзі — расейцы, украінцы, літоўцы. А беларусы — не. Таму, як мяркуе начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў, гэтую хібу трэба выправіць. Праекты графічнага знаку беларускага рубля будуць прымацца аж да канца гэтага году, а пераможцу конкурсу ўхваляць прэміяй у 50 базавых велічыняў — гэта на сёньняшні дзень прыкладна 500 даляраў.

На заўвагу наконт таго, што Беларусь павінна перайсьці на іншую валюту з наступнага году Анатоль Драздоў адказаў так:

(Драздоў: ) “Павінная — гэта ня значыць, што пяройдзе. Вы самі ведаеце, што гэты працэс ідзе дастаткова цяжка. Але ў кожным выпадку. ніхто не зьбіраецца адмяняць конкурсу і вынікі ягоныня пераглядаць. Усё адно ў беларускага рубля будзе свой графічны знак”.

(Карэспандэнтка: ) “Нават калі гэты знак будзе намаляваны на помніку беларускаму рублю?”

(Драздоў: ) “Нават так”.

Паводле прадстаўніка Нацбанку, ад валютнага саюзу з Расеяй таксама ніхто не адмаўляецца.

Экспэрт НІСЭПІ Валер Дашкевіч мяркуе, што ёсьць сама меней дзьве прычыны, па якіх Нацбанк абвесьціў гэты конкурс:

(Дашкевіч: ) “Першая — гэта даць сыгнал сваім маскоўскім партнэрам па перамовах пра тое, што калі яны ня пойдуць нам на саступкі, то мы можам і далей разьвіваць уласную грашовую сыстэму і нават увесьці грошы новага дызайну. Па-другое, магчыма, беларускі бок сапраўды зразумеў, што аб’яднаньне грашовых сыстэмаў ня будзе і давядзецца займацца ўласнай валютай, таму было б нядрэнна крыху палепшыць яе дызайн”.

Валер Дашкевіч лічыць, што такі публічны конкурс Нацбанк абвесьціў невыпадкова: у галоўнай фінансавай установе краіны ёсьць адмысловая група мастакоў, якія займаюцца дызайнам грошай, і гэтыя мастакі маглі бы прыдумаць графічны знак для беларускага рубля. Навіна ж пра конкурс будзе мець вялікі розгалас і абавязкова прыцягне да сябе ўвагу расейскіх грашовых уладаў.