Прыватны дзёньнік: Алесь Шатэрнік

Алесь Шатэрнік, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя запісы мінулага тыдня прадстаўляе вядомы беларускі скульптар Алесь Шатэрнік.
22 траўня

Сёньня ладзілі ў Вільні мэмарыяльную дошку, прысьвечаную нашай выдатнай паэтцы Натальлі Арсеньневай, аўтарцы знакамітага гімну “Магутны Божа”. Калі пачынаў працу па над яе партрэтам, і ўявіць сабе ня мог, што гэтая выява будзе ўсталяваная ў цэнтры Вільні, блізу Вострае Брамы, на будынку былой беларускай гімназіі, дзе ў 1919–1920 гадох стагодзьдзя вучылася Натальля Арсеньнева… Гімназія месьцілася ў старажытных базыльянскіх мурох, насупраць царквы Сьвятой Тройцы, пабудаванай у 16 стагодзьдзі пры фундацыі князя Канстанціна Астроскага…

Бронзавы партрэт Арсеньневай з птушкай і сакавіцкай галінкай сымбалізуе 25 сакавіка, сьвята сапраўднай Незалежнасьці, да якога яшчэ нам трэба дайсьці.

Увогуле віленскія беларусы зладзілі сапраўднае сьвята, прысьвечанае 15-годзьдзю Таварыства беларускай культуры ў Літве, у праграму якога і было ўключанае адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі Арсеньневай. На адкрыцьці было шмат прамоўцаў, далі слова і мне як аўтару, а перад гэтым нехта з прысутных спытаў, калі апошнім разам я быў у Вільні?

Было гэта ў 1989 годзе. На сваёй “Ніве” разам з Пазьняком і Алесем Марачкіным езьдзілі ў Вільню. Зянон дамаўляўся аб правядзеньні Ўстаноўчага зьезду БНФ. Памятаю, нас прымаў Вітаўтас Ландсбэргіс, і мы некалькі гадзінаў правялі ў будынку Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Літвы. На той час існавала пагроза захопу гэтага будынку савецкімі вайскоўцамі, а мы сваёй прысутнасьцю маглі перашкодзіць гэтаму ці быць непажаданымі сьведкамі ўчыненага разбою. Разам з намі былі й дэпутаты Першага зьезду народных дэпутатаў СССР — знакамітыя расейскія дэмакраты Юры Афанасьеў і Аркадзь Мурашоў. Ландсбэргіс частаваў нас яблыкамі, пры гэтым дэманструючы веданьне беларускіх прымавак: “Чым хата багата, тым і рада”.

У той дзень увечары адбыўся шматлюдны мітынг. Сонца яшчэ не апусьцілася за далягляд, як нечакана ў вечаровым небе зьявіўся пачварнай афарбоўкі верталёт, які пачаў раскідваць на галовы людзей аркушоўкі з заклікам вяртацца ў “камуністычнае стойла”, на што віленчукі адказалі маўклівай нязгодаю ды гумарам. Сярод натоўпу людзей хадзіў чалавек, зладзіўшы арыгінальную сатырычную ляльку з бурака і дзіцячага начнога гаршчэчку з чырвонага плястыку ў выглядзе капелюша, адметнага атрыбуту камуністычных кіраўнікоў, адным зь якіх на той час у Літве быў сумнавядомы Буракявічус. Капялюшык-гаршчэчак час ад часу прыўздымаўся над бураком-галавою, і гэта вельмі цешыла прысутных…

Мінула пятнаццаць гадоў. Я зноў у Вільні, блізу Вострае Брамы. На гатэлі “Эўропа” лунаюць сьцягі трох вольных балтыйскіх краінаў — Літвы, Латвіі, Эстоніі разам са сьцягам аб’яднанай Эўропы. Думаецца, калі ж гэтак і мы будзем у Эўразьвязе?..

Тым часам на прыступках базыльянскіх муроў чытаю свой верш — “Сонцакрыж”: “Уначы грымела навальніца…”

23 траўня

Сёньня зь Вільні вярталіся дадому праз знакамітыя Вайшкуны, дзе жывуць адны мастакі ды лётнікі. Нашыя лётнікі працавалі ў Афрыцы, лёталі на старых савецкіх ІЛах. Добрых аэрадромаў там не было, і садзіцца даводзілася на глебавыя пляцоўкі, вакол якіх валялася па тры-чатыры разьбітыя самалёты.

Нас чакала сумная вестка — ня стала майго швагра Санькі, які быў лётнікам і ўжо другі раз адправіўся ў Афрыку. У гэтую нядзелю яму павінна было бы споўніцца пяцьдзясят гадоў. І ў гэты ж дзень яго, відаць, будуць хаваць.

24 траўня

Пазваніла Алачка, сястра маёй жонкі, кажа, што будуць хаваць Саньку ў Самалёве, гэта блізка ад Кармянскага могільніку, дзе пахаваныя нашы дзяды… На даляглядзе абсягу Кармянскага поля адзінока ўзвышаецца клён. Сівыя вішнягі ды зьдзічэлае кустоўе нагадваюць, што на гэтым месцы калісьці стаяў хутар. Клён перад вайною пасадзіў Валодзя Галімскі, вучань восьмай клясы з хаты, адабранай у Галімскіх і ператворанай у Кармянскую сярэднюю школу.

Па прыходзе немцаў хату вярнулі былым гаспадарам, ды толькі не прыйшлося ў ёй Валодзю больш пажыць. Забралі хлапца ў Нямеччыну ў выгнаньне, у далёкі Оснабрук, адкуль даслаў чатыры паштоўкі бацькам. Пісаў больш не пра сябе, а настальгічна распытваў, як там, у родным краі. Апошнімі радкамі было: “У вас, відаць, зелянее рунь”. Больш зьвестак ад яго не было.

І толькі празь сямнаццаь гадоў стала вядома аб яго трагічным лёсе. Зьвесткі аб ім расшукаў брат маёй жонкі Віктар, які служыў у савецкім войску ва Ўсходняй Нямеччыне. Празь міжнародны Чырвоны Крыж ён атрымаў даведку аб тым, што польскі падданы, народжаны 10 лютага ў Карме, сельгаспадарчы рабочы Ўладзімер Галімскі памёр у Оснабруку 3 кастрычніка 1943 году “ад агульнага зьнясіленьня і пахаваны на могілках у Хазе, поле-Ф, рад 4, магіла 7”.

25 траўня

У доўгую цёмную змрочную ноч вецер стогне і плача галінамі клёну, часам разгорне ў небе хмары і праб’ецца да долу сьвятло далёкай зоркі, мо гэта Валодзя глядзіць з высокіх нябёсаў на родную зямельку, у якой нават не давялося быць пахаваным, бо сканаў юнак на чужыне ад Вялікай Тугі і Любові да Радзімы…

26 траўня

Рэзаў з камяня двух Анёлаў на замову Хрысьціны, маёй знаёмай, якая нечакана зайшла да мяне ў майстэрню разам зь пісьменьнікам Віктарам Карамазавым, які піша аб мастаках. Трошкі зьдзівіў іх сваім жывапісам ды чытаньнем сваіх імпрэсіяў. На скульптурным станку Карамазаў заўважыў выяву з плястыліну і кажа: “Дык гэта ж Васіль Быкаў!” — і гэта мяне ўсьцешвае, калі пазнаў усясьветна вядомага, сапраўднага нашага Народнага пісьменьніка.

27 траўня

Працягваю працу над Анёламі… Камень патрабуе шмат часу, а скульптура дапамагае зразумець сутнасьць сьвятла.

Сьвятло і цень ствараюць форму.

Чалавек існуе на мяжы сьвятла і ценю.

Чалавек малюе ценем, Бог малюе Сьвятлом…