“Ён прыехаў, сам памёр, усё спакойна…” Апошнія тыдні Васіля Быкава

Поўны тэкст артыкулу, надрукаванага ў газэце “Народная воля”.
Гэты артыкул, у асноўным, быў напісаны ў першыя тыдні пасьля сьмерці Быкава – за выключэньнем успамінаў некаторых сьведкаў падзеяў, зробленых увосень мінулага года. Але былі абставіны, якія, нягледзячы на парады вельмі паважаных асобаў – друкаваць – вымушалі мяне доўгі час устрымлівацца ад публікацыі.

Па-першае, пра некаторыя рэчы не жадала казаць удава Васіля Ўладзіміравіча, Ірына Міхайлаўна – і гэта, я перакананы, было яе права, і гэтае яе права я ня мог ня ўлічваць. Па-другое, яшчэ занадта сьвежыя былі тыя падзеі, шмат што ўспрымалася эмацыйна, і патрэбны быў час, каб ацаніць іх з пэўнай адлегласьці. Час не суняў болі па Быкаву – але я выкрасьліў амаль усе ацэнкі, пакінуўшы факты. Зрэшты, сьцяна маўчаньня пра апошнія тыдні Быкава ўжо парушаная – спачатку Зянонам Пазьняком ў бюлетэні “Беларускія ведамасьці”, потым – Генадзем Бураўкіным ў інтэрвію Сяргею Шапрану ў газэце “БДГ– Для служебного пользования”. Разумею, што мае запісы ня могуць прэтэндаваць на паўнату – спадзяюся, што і іншыя, хто меў дачыненьне да апошняга пэрыяду жыцьця вялікага пісьменьніка, пакінуць свае нататкі. Гэта – абавязак перад гісторыяй і перад ісьцінай, якая рана ці позна будзе вядомая.

“Ня ведаю, ці дачакаюся звяржэньня дыктатара Лукашэнкі...”

Адразу пасьля пахаваньня Быкава ўлада імкнуліся пераканаць, што ніякага канфлікту паміж ёй і Быкавым не было.

Міністар культуры Леанід Гуляка: “Паміж уладай і Быкавым асаблівых канфліктаў і не было, як вы ведаеце. Некаторыя канфлікты больш падаграваліся і правакаваліся, чым яны існавалі насамрэч”.

Прэсавая сакратарка А. Лукашэнкі Натальля Пяткевіч: “Сам факт таго, што пісьменьнік вярнуўся на радзіму, і яму была аказаная тут усялякая мажлівая і немажлівая дапамога, гаворыць пра тое, што канфлікту не было”.

Пра вяртаньне і пра “дапамогу” – пазьней. Цяпер – пра тое, як сам Быкаў ацэньваў цяперашняга кіраўніка краіны і тое, што ён зрабіў з Беларусьсю. Цытую ўрыўкі Быкаўскіх інтэрвію, якія гучалі на хвалях беларускай службы радыё Свабода і ўвайшлі ў кнігу “Быкаў на “Свабодзе”.

Пасьля зьбіцьця дэпутатаў БНФ у залі Вярхоўнага Савету: “Сёньня ён перамог рукамі “гарылаў” у чорных масках. Ужо пэўна, што ў Беларусі ня будзе парлямэнту, дэмакратычных выбараў, зьнікнуць рэшткі вольнае прэсы. Краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта... Што ж, можна хіба павіншаваць беларусаў з мінулымі выбарамі (прэзыдэнцкімі 1994 – С.Н). Горай – ня зробіш. Для сябе, для грамадзтва, для нашчадкаў – таксама” (16 красавіка 1995)

“Уся КГБісцкая картатэка прадбачліва адпраўленая на Лубянку. Гэтая акалічнасьць і вызначыла выбар беларускага кіраўніцтва: не Захад, а Ўсход” (27 ліпеня 1995)

“У грамадзтве, дзе кожны трэці – камуніст, а кожны другі – сексот, цяжка разьлічваць на перамогу дэмакратычнымі сродкамі” (30 снежня 1995).

“Камунафашысты, што загадваюць друкам, здымаюць няўгодных рэдактараў, манапалізуюць паліграфічную базу, як гэта шырока практыкуецца сёньня ў Беларусі”. (26 студзеня 1996 ).

“Падпісаньне саюзнай дамовы – гэта ня толькі сумная справа, гэта ўвогуле злачынства стагодзьдзя. Гэта, безумоўна, генацыд беларускай нацыі – канец яе гісторыі” (8 сьнежня 1999).


“Я ў Менску не магу пісаць. Па-першае, у мяне халодная кватэра. Я там з маімі хворымі лёгкімі вельмі хутка загнуся, таму што ў Менску ўказам прэзыдэнта ўведзены максымум тэмпэратуры... Яму не патрэбны Быкаў. У яго ёсьць згуртаваная, магутная кагорта ўласных пісьменьнікаў, якія пішуць яму біяграфіі. Пішуць пра яго, апісваюць ягонае жыцьцё. І яму гэтага дастаткова. А ўсяго астатняга ён не ўспрымае. Тое, што робіць Лукашэнка і яго рэжым, накіравана на ліквідацыю, на поўную ліквідацыю сувэрэннасьці. Ён абсалютна закабаліў гэты народ..(16 студзеня 2000).

“Апошнімі гадамі ў Беларусі выпрацоўваюцца мадэлі таталітарызму, якія потым дзейнічаюць у Расеі” (24 сакавіка 2000).

“Праімпэрскі дыктатарскі рэжым Лукашэнкі трымае кірунак на аб’яднаньне з Расеяй, зьнішчае нацыянальную культуру і беларускую мову (25 сакавіка 2000).

“Пры цяперашнім рэжыме я ня маю магчымасьці жыць у Беларусі. Хаця я глыбока перакананы, што жыць трэба дома, дзе ты нарадзіўся”.(29 сакавіка 2000).


“Жульніцкія і шулерскія прыёмы не раскрываюцца, а яны, безумоўна, мелі месца ў беларускіх выбарах... (прэзыдэнцкіх 2001 году – С.Н.). У нас да гэтага часу камуністы ходзяць з партрэтамі Леніна-Сталіна. А наперадзе іх ідзе прэзыдэнт Лукашэнка. Беларусь выпала з нармальнага, натуральнага гістарычнага эўрапейскага працэсу. Беларусь – гэта анамалія.. Выйсьце для яе – наперадзе, а яна каціцца назад. Таму інакш як самагубства я не магу гэта расцаніць” (14 верасьня 2001).

“Нацыянальная сымболіка – атрыбут нацыі. Але яе ў нас скралі, нахабна абрабавалі нацыю, што страшней за эканамічны рабунак і аналягічна нацыянальнаму генацыду. Ужо адно тое, ня кажучы пра рабунак свабоды, робіць рабаўнікоў злачынцамі – злачынцамі перад нацыяй. Нават калі яны спрабуюць падмяніць, падкласьці замест сьвятыні фальшыўку і патрабаваць да яе павагі як да сьвятыні. Гэта ўжо падвоенае злачынства” (19 верасьня 2001).

“Мне цяжка працаваць там, дзе няма свабоды” (12 лютага 2002).


“Невялікі спакойны кут, пісьмовы стол, белае папера – гэтага хапае мне. Ня менш важная і ўпэўненасьць у тым, што мяне сярод дня ня схопяць на вуліцы незнаёмыя людзі, якім за гэта заплацілі. Я стары і ня ведаю, ці дачакаюся зьвяржэньня дыктатара Лукашэнкі” (25 сакавіка 2002).

“Назад, у каменны век нас сілай гоніць нашае нэасавецкае кіраўніцтва” (16 красавіка 2002).

“Магутныя сілы дзяржавы паставілі сабе задачу ліквідаваць беларускую літаратуру” (9 чэрвеня 2002)


“Калі б Беларусь была менавіта незалежная, няхай бы яна была бедная, неразьвітая, адсталая ці слаба разьвітая – але калі б яна мела незалежнасьць, усё астатняе прыклалася б. А пакуль што яна не Беларусь, яна проста ператвараецца ў чарговую губэрню Расеі. Хіба не пра гэта сьведчыць уся палітыка сучаснага беларускага рэжыму?” ( 9 чэрвеня 2002)

“Беларуская пэрспэктыва дужа змрочная. Яна такая сумная, што, напэўна, такой яшчэ не было ніколі ў нашай гісторыі” (24 сьнежня 2002).

“Цяпер ідзе разгром нацыянальнай культуры. Беларускую мову, і без таго пераўтвораную ў помесь, ў трасянку, улады канчаткова перасталі падтрымліваць і сказалі, што яна ім непатрэбная” (3 лютага 2003).


Прычым ў Васіля Ўладзіміравіча не было ніякіх ілюзіяў адносна цяперашняга рэжыму. Толькі адзін прыклад. Летам 2002 году пад час тэлефоннай размовы на ягонае традыцыйнае пытаньне пра навіны па-за межамі палітыкі, я сказаў, што ў Аляксандра Старыкевіча нарадзіўся сын. “Віншуйце. Можа, будзе другім прэзыдэнтам Беларусі.” – “Што прэзыдэнтам – дык дай Бог, але, Васіль Уладзімеравіч, чаму другім? Можа, дзесятым...” – “Ды не, будзе другім. Цяперашні будзе яшчэ гадоў сорак, да сьмерці ня сыдзе”.

У гутарках з сябрамі, у сваіх лістах Васіль Уладзімеравіч больш драматычна ацэньваў стаўленьне да яго Лукашэнкі, чым у інтэрвію. Так, у лісьце да ўкраінскага літаратуразнаўцы Васіля Бурана Быкаў піша:

“Тут я – чалавек з Усходу, бедны беларус, з краіны, якую тут мала хто і ведае. Жыву я на стыпэндыю, якую выхлапатаў праз нямецкі ПЕН-клюб завочна. Бо нікога з таго ПЕН-клюбу яшчэ ў вочы ня бачыў. Праз тры месяцы стыпэндыя канчаецца, канчаецца і віза таксама. Паеду да Лукашэнкі – на ягоную міласьць. А ён можа адабраць пашпарт, пасадзіць, аб’явіць, што Быкаў украў у дзяржавы мільён даляраў. Знойдзецца дзесятак сьведак, якія пацьвердзяць, адпаведныя дакумэнты, судзьдзі і пракуроры. Або можна зьнікнуць бязь сьледу, як палітыкі ўжо многія. І ўсё таму, што некалі пару разоў выступіў супраць яго і на выбарах агітаваў за Пазьняка. А тут я таксама пад ягоным каўпаком, і кожны мой крок (і кожнае слова) адсочваецца і дакладаецца ў Менск. У Маскву таксама...” (27 жніўня 2000 г.)

“На радзіме ўсё тое ж, што і ва Ўкраіне..., толькі яшчэ горш, бо наш каўдзільё горш за вашага ў 10 разоў. Ваш прычыніўся да аднаго непакорнага журналіста, а наш – да 4 – палітыка, журналіста, генэрала, бізнэсоўца. І што цікава – ні Масква, ні Захад – амаль ніякай трывогі. Усе толькі мацуюць інтэграцыйную палітыку” (1 лютага 2001 г).

І яшчэ адзін урывак з Быкаўскага ліста зь Нямеччыны Барысу Бурану:

“На радзіме рэжым Л. абрынуўся на мяне з усяе сілы. Радыё, тэлебачаньне, прэзыдэнцкі друк кожны месяц мажуць мяне гразьзю. Думаю, што маецца на мэце зрабіць маё вяртаньне немагчымым. Або рыхтуюць яшчэ больш страшнае. У такой сытуацыі, канешне, хочацца быць здаровым. А тут – хвароба”.

Хвароба, пра якія пісаў Васіль Уладзімеравіч – была ня тая, страшная, якая выявіцца пазьней. Доўгі час за мяжой Быкаў ня меў таго, што прынята называць сацыяльнымі гарантыямі і што ў ягоным ўзросьце жыцьцёва неабходна. Самае ж першае і галоўнае для чалавека, які апынуўся на Захадзе – гэта мэдычная страхоўка. У лісьце Сяргею Законьнікаву Быкаў пісаў “Жыць трэба дома, калі б толькі тое было магчымым. А лячыцца тут няма як”.

Дома ж жыць ён, як вядома, ня мог зусім не па сваёй волі.

“...сытуацыя не дае магчымасьці для маёй прафэсыйнай літаратурнай дзейнасьці і нармальнага існаваньня...”

У пачатку 2002 года Васіль Уладзімеравіч сказаў мне, што да канца году магчымасьць жыць у Нямеччыне скончыцца. Спробы нямецкіх сяброў Быкава працягнуць побыт натыкаліся на бюракратыю, хаця, як мне вядома, быў задзейнічаны нават прэзыдэнт Нямеччыны Раў. Але справа ў тым, што ў дэмакратычных краінах дзейнічае прыярытэт права: ніхто, прэзыдэнт ці прэм’ер, ня можа загадаць чыноўніку зрабіць тое, што супярэчыць закону. Адзіны варыянт – браць палітычны прытулак – Васіль Уладзімеравіч адвяргаў з шэрагу прычынаў, у тым ліку і таму, што ён выключаў бы магчымасьць езьдзіць на Радзіму (але павінен сказаць, што аднойчы такі варыянт мы зь ім абмяркоўвалі).

Мае праскія сябры прапанавалі паспрабаваць чэскі варыянт і паабяцалі дапамогу. У чэрвені 2002 году Быкаў прыехаў у Прагу і напісаў заяву наступнага зьместу (чарнавік ён аддаў мне):

“Пану міністру Ўнутраных спраў Чэскай Рэспублікі
Ад грамадзяніна Рэспубліцы Беларусь пісьменьніка Васіля Быкава

Заява

У сувязі з тым, што ў Рэспубліцы Беларусь, дзе я нарадзіўся і пражываў да 1999 году, склалася непрыязная для мяне сытуацыя (найперш палітычная), якая не дае магчымасьці для маёй прафэсійнай літаратурнай дзейнасьці і нармальнага існаваньня, прашу ўрад ЧР прадставіць мне права пражываньня ў Чэхіі. Разам са мной знаходзіцца жонка Быкава Ірына, якая далучаецца да маёй просьбы.

З павагай В. Быкаў.”


Мы пастараліся пазбавіць Васіля Ўладзіміравіча ад большасьць клопатаў, зьвязаных з афармленьнем дакумэнтаў. Дапамог ліст з канцылярыі Гавала ды невялікая зачэпка ў законе, хаця, маючы нават ліст прэзыдэнта, давялося тры месяцы абіваць парогі ўстановаў (ніякіх выключэньняў там не рабілі; прыйшлося нават браць даведкі аб несудзімасьці з усіх тых краінаў, дзе жыў Быкаў у апошнія пяць гадоў). Прычым нам удалося і для Васіля Ўладзіміравіча, і для Ірыны Міхайлаўны аформіць права пастаяннага побыту ў Чэхіі, без неабходнасьці працягваць візу, якое ім, як асобам пэнсійнага ўзросту, давала і бясплатную мэдычную страхоўку (тады нават не думалася, як хутка яна спатрэбіцца).

У пабытовым сэнсе жыцьцё ў Празе ўладкавалася не адразу – былі праблемы і з фінансамі, і з кватэрай. Мне ўжо даводзілася чуць папрокі ў бок Чэхіі на гэты конт – але прэтэнзіі трэба адрасаваць менскім ўладам, якія стварылі Быкаву невыносныя ўмовы на Радзіме. У любым разе, Чэхія дала такі прававы статус, які ня здолела прапанаваць ніякая іншая эўрапейская краіна.

”Вы ж разумееце, адкуль была каманда”.

На час пакутлівай хваробы Быкава і страшнага дыягназу-прысуду прыйшлася публікацыя, якая, як я перакананы, была для яго моцным ударам. Нават калі ўлічыць усе зьнішчальныя “літаратуразнаўчыя” артыкулы 1960-х гадоў, ды абразьлівая выказваньні “камэнтатараў” лукашэнкаўскага тэлебачаньня – гэтая публікацыя пераўзышла паводле агіднасьці ўсё ранейшае.

Я вагаўся, ці варта цяпер пра яе ўзгадваць, нагэтулькі яна мярзотная – але замаўчаць яе было б няпраўдай.

Пра яе мне сказаў сам Васіль Уладзімеравіч, калі быў у шпіталі (ня ведаю, хто паказаў яму той часопіс). Пазьней Быкаў некалькі разоў прыгадваў публікацыю, і хаця ён быў ня з тых, хто скардзіцца на ўласныя непрыемнасьці. Я пераконваў, што ня варта зьвяртаць увагі на подласьць, хаця сам цудоўна разумеў, што такія рэчы спакойна не ўспрымаюцца.

Аднойчы сказаў яму, што напішу пра гэтую публікацыю. “Ня варта, Сярожа, усё гэта бессэнсоўна” – “А калі падаць у суд?” – “Які суд у Беларусі? Вы ж разумееце, адкуль была каманда. Ды і выканана гэта вельмі паскудна і хітра: фармальна, прозьвішча майго няма”. І ўсё ж Васіль Уладзімеравіч даў мне гэты часопіс – я забраў яго ў Нью-Ёрк, куды мусіў адляцець на некалькі тыдняў. Але тады мяне адгаварылі пісаць – тым аргумэнтам, што ня варта паказваць аўтару і ініцыятарам публікацыі, што ў нечым яны дасягнулі сваёй ганебнай мэты – зрабілі Быкаву балюча. Вельмі шкадую, што не напісаў тады – пішу цяпер. Зараз водпаведзь ўжо ня мае сэнсу – але прывяду некалькі цытатаў, якія выяўляюць духоўнае ды маральнае аблічча як іх аўтара, так і тых, хто за ім стаіць.

Гаворка ў “творы” Яўгена Росьцікава “Динамит для лауреата – маленкая повесть о большом человеке” (“Нёман”, нумар 1, 2003 г.) ідзе пра пісьменьніка з прозьвішчам Дроб, які жыве за мяжой і можа атрымаць Нобэлеўскую прэмію. Некаторыя біяграфічныя эпізоды нібыта недвусэнсоўна ўказваюць на канкрэтнага чалавека, але ўсё астатняе – фантазія самага гнюснага кшталту:

...«перед войной успел два года поучиться в художественном училище»... «подался в областную газету».... «местные черносотенцы с ведома властей забрасывают скромный домик фронтовика камнями за его острые публикации»...«переводили на итальянскеий, франзузский, немецкий и английский языки»......«власть щедро одаривала его премиями, орденами, медалями»... «сделал ставку на рвущихся к власти националистов. Сделал им пару комплементов в интервью, а лидера их... вообще назвал апостолом»... «из преуспевающего советского писателя он вдруг превратился в великомученика, «совесть нации».... «Разоблачения «гэтай улады»... «тихий немецкий городок, в котором ему милостливо предоставили виллу. Газеты писали, что..здесь, почувствовав, наконец, свободу, он плодотворно работает над новым гениальным романом, который должен продемонстрировать весь ужас существующей в его стране системы и одновременно должен стать новым словом в литературе»... «почувствовал, как внутри вдруг что-то взорвалось и, переполнив его, стало вытекать наружу.. Он открыл окно, потом включил кондиционер, но запах уже заполнил комнату, проник во все щели»... «трупный запах»... «нет, надо что –то делать – бежать, спасаться, пока эти культурные немцы не догадались, что живут рядом с трупом»»... «о том, что переполняет его, что он труп, знало и руководство Пен-центра, предложившее ему эту «последнюю акцию» – бегство за рубеж, чтобы властям страны стало стыдно, поскольку они не создали гению надлежащих условий»... «Тысяча двести гостей уже заняли свои места за праздничными столами в стокгольмской ратуше, чтобы отдать дань уважения современным гениям – Нобелевским лауреатам, и в первую очеред ему – Федору Дробу»... «последнее, что ўвидел Дроб – это гостей необыкновенного вечера, которые вместе со всем королевскимм семейством, с лауреатами и официантами, зажав пальцами носы, ринулись из старинной ратуши вон»... «журналистов в зале не было. Профессиональным нюхом почуяв запах тлена, они уже мчались в редакции, чтобы сообщить миру сенсационную новость о смерти писателя, который маниакально хотел получить Нобелевскую премию»...

Я не прыводжу самыя мярзотныя пасажы гэтага опусу. Скажу толькі, што ў якой іншай краіне аўтар падобнага знаходзіўся б пасьля публікацыі на яе тэрыторыі роўна столькі, колькі займае паездка ад кватэры да аэрапорту – пры самым шчасьлівым для яго разгортваньні падзеяў. Назаву яшчэ склад рэдкалегіі, яка выпусьціла ў сьвет гэтую мярзоту : “Н. Чайка, В. Лукша, И. Лученок, С.Зайцев, Г. Пашков, М. Поздняков, М. Савицкий, Ю.Сидоров, А. Сульянов, Н. Шевцов”. Дадам, што кіраўніцтва “холдынгу”, куды ўваходзіць цяпер часопіс, прызначалася адміністрацыяй прэзыдэнта, а сам аўтар працуе ва ўрадавай газэце “Республика”.

Пра сапраўдны дыягназ (рак), акрамя лекараў, самога Васіля Ўладзіміравіча і Ірыны Міхайлаўны – ведалі толькі некалькі чалавек. Ва ўсялякім разе, так нам тады здавалася.

У канцы сакавіка ў Прагу раптам патэлефанаваў Мікалай Чаргінец (кіраўнік штабу Лукашэнкі на апошніх выбарах і дэпутат “сэнату”) і выказаў жаданьне дапамагчы. Пра званок мне распавяла Ірына Міхайлаўна; калі я запытаўся ў Васіля Ўладзіміравіча (гэта было на наступны дзень пасьля апэрацыі), ён сказаў, што ня мае з Чаргінцом ніякіх адносінаў.

Чаргінец выявіў дзіўнае веданьне стану здароўя Быкава – прычына гэтай дасьведчанасьці стала зразумелая пазьней. Літаральна за некалькі дзён да ягонага званка лекар Сяргей Юрчанка, які апекваўся Быкавым і пад час апэрацыі рабіў анастэзію, патэлефанаваў сыну Быкава ў Беларусь і распавёў усю праўду пра дыягназ і верагодныя пэрспэктывы.

Быкаў быў перакананы, што кожны ягоны крок адсочваецца, тэлефонныя размовы яго і блізкіх – праслухоўваюцца (гэта я чуў ад яго шмат разоў, думаю, чулі і іншыя. Напісаў ён пра гэта, як бачым, і ў вышэй працытаваным лісьце да ўкраінскага сябра).

Выглядае, што і размову праскага доктара з сынам Быкава чулі тыя, каму яна была вельмі цікавая. І зрабілі пэўныя высновы.

«…Васіль Уладзімеравіч ацэньваў сытуацыю як спэцыяльна праведзеную апэрацыю ўладаў»

Апошні раз я бачыў Быкава 19 красавіка – на наступны дзень мне трэба было вылятаць у Нью-Ёрк. Пра тое, што ён хоча зьездзіць у Менск, Васіль Уладзімеравіч казаў даўно, плянаваў нават паездку да апэрацыі – але прыйшлося адкласьці. У той дзень Быкаў сказаў, што паедзе, магчыма, у чэрвені, а мо і пазьней. Я тэлефанаваў яму з Амэрыкі, і аднойчы Васіль Уладзімеравіч сказаў, што назаўтра разам з Ірынай Міхайлаўнай вылятае ў Менск – а вернуцца 6-га чэрвеня, зваротныя білеты таксама ўжо купленыя. Мяне крыху зьдзівіла раптоўная зьмена плянаў. Васіль Уладзімравіч сказаў, што трэба “палагодзіць некаторыя справы”, а што ён меў на ўвазе канкрэтна, я ня стаў дапытвацца.

Ляцелі Быкавы ў Менск 23 мая 2003 году самалётам “Белавія” Як-40. У тыя дні “БДГ” ледзь не зачынілі за тое, што асьмелілася напісаць, як Лукашэнка прапанаваў нейкай “міс Расея” прэзыдэнцкі авіялайнэр – хворы жа геній беларускай літаратуры быў вымушаны дабірацца на Радзіму самалётам, які і маладыя ды здаровыя людзі зь цяжкасьцю пераносяць. У тэлефоннай размове Васіль Уладзімеравіч сказаў, што пералёт быў для іх вельмі пакутлівым (“ледзь ачунялі”).

Цяпер – адносна таго, што Быкаў нібыта прыехаў у Беларусь паміраць. Гэтак заяўляюць прадстаўнікі ўладаў, якім хочацца хай і пасьмяротна прымірыць Быкава з уладай, гэтак кажуць і некаторыя сябры, жадаючы падкрэсьліць любоў Быкава да Беларусі. Часам сьцьвярджэньне набывае характар відавочнай спэкуляцыі, аж да заявы ў адным апазыцыйным выданьні, што нібыта Быкаў вярнуўся памерці, каб сваёй сьмерцю ўзьняць беларускі народ...

Але Васіль Уладзімеравіч ня ехаў ў Менск паміраць. Магчыма, прыехаўшы, ён зразумеў, што ўжо нікуды з Беларусі ня зьедзе – але паміраць ён не ехаў, і гэтаму ў мяне ёсьць доказы.

Празь некалькі дзён пасьля прыезду Васіль Уладзімеравіч папрасіў мяне перадаць яму з аказіяй ягоны пэрсанальны кампутар. А яшчэ празь некалькі дзён, калі ўжо быў у шпіталі, праз Ірыну Міхайлаўну ён надыктаваў сьпіс рэчаў, якія засталіся з праскай кватэры і якія я яму таксама перадаў – два блакноты (адзін – з уласнымі малюнкамі, якія ён рабіў у Празе – бацькоўская хата на Ўшаччыне, дарога ў школу, возера дзяцінства, полацкая Сафія, вайсковыя замалёўкі, другі – з нататкамі і роздумамі над прачытаным, якія потым назавуць “дзёньнікам”), лісты, на якія не пасьпеў адказаць, некаторыя рукапісы ненадрукаваных твораў, фотаздымкі. А таксама прыбор для вымярэньня ціску, мабільны тэлефон і некаторыя іншыя рэчы – тое, што ён хацеў мець пры сабе. І абавязкова ўзяў бы, калі б ведаў, што зьяжджае назаўсёды. І ўжо, канечне, ён ня браў бы зваротнага білету ў Прагу.

У дзень, калі Васіль Уладзімеравіч папрасіў перадаць яму кампутар, ён сказаў, што вакол яго адбываюцца некаторыя падзеі, але ён ня хоча пра іх казаць па тэлефоне, “вярнуся ў Прагу – тады раскажу”. І запытаўся, калі прыедзе ў Менск Аляксандар Лукашук (дырэктар беларускай “Свабоды”). Аляксандар сапраўды зьбіраўся ў Беларусь, але паездка адклалася, і я папрасіў яго тэрмінова пазваніць Быкаву (падаю ягоныя словы так, як я запісаў іх летась у ліпені):

Аляксандар Лукашук: "Напрыканцы лютага – напачатку красавіка я дапамагаў Быкавым стаць на ўлік ў беларускай амбасадзе і запоўніць дакумэнты на атрыманьне новага пашпарта для Ірыны Міхайлаўны. На маіх вачах былі запоўненыя формы, консул Валавік Андрэй Уладзімеравіч заявіў, што Ірына Міхайлаўна мае права атрымаць новы пашпарт у амбасадзе, бо мае дазвол на сталае пражываньне. Прапіска ці права на жыльлё ніяк не згадвалася. Консул вызваліў Быкавых ад аплаты збораў".

8 траўня Быкавым пазванілі з амбасады і сказалі што пашпарт гатовы. Назаўтра прадстаўнікі амбасады заехалі за Быкавым, каб запрасіць яго на ўскладаньне кветак да магіл савецкіх салдат на Альшанскіх могілках, і ўручылі пашпарт Ірыне Міхайлаўне. У ім не было штампу прапіскі. З гэтай нагоды Ірына Міхайлаўна адмовілася аддаць у амбасаду стары пашпарт.

Пасьля нечаканага ад’езду Васіля Ўладзіміравіча і Ірыны Міхайлаўны з Прагі ў Менск 23 траўня, я ўпершыню гаварыў з Васілём Уладзімеравічам недзе праз тыдзень. У той дзень Сяргей Навумчык сказаў, што Васіль Уладзімеравіч гаварыў пра надзвычайную навіну, але не хацеў даваць падрабязнасьці па тэлефоне. Я спытаўся пра гэтую навіну – Васіль Уладзімеравіч пацьвердзіў, што ёсьць навіна, і яшчэ якая, і яна тычыцца яго.

Недзе празь некалькі дзён я зноў гаварыў зь ім па тэлефоне і зноў спытаўся пра важную навіну. Васіль Уладзімеравіч расказаў, што іх пазбавілі прапіскі. Па ягоных словах, прапіскі пазбаўлены і ён, і жонка. І няясна, ці могуць яны ўвогуле цяпер знаходзіцца ў гэтай кватэры, якая не была прыватызаваная. Васіль Уладзімеравіч сказаў, што з ЖЭСе яму паказалі нейкі закон і інструкцыю, зь якой вынікала, што яны выпісаныя цалкам законна. Ён некалькі разоў спасылаўся на гэтыя дакумэнты.

Паводле ведамасных інструкцыяў МЗС і МУС (інструкцыяў, а не закону!), асобы, якія стала пражываюць за мяжой, павінны падаць заяву аб адмове ад прапіскі ў Беларусі – у тым разе, зразумела, калі яны хочуць мець беларускі пашпарт і легальна наведваць радзіму. Гэтае правіла не распаўсюджваецца на тых, хто мае часовую ці, напрыклад, гадавую візу. У Быкавых была пастаянная чэская віза. З другога боку, тэрмін дзеяньня візы быў 15 гадоў (“мне гэтага хопіць” – казаў Васіль Уладзімеравіч), што давала б беларускім уладам магчымасьць разглядаць яе як часовую. Наогул, інстытут прапіскі – гэта савецкі анахранізм, сутнасьць якой патлумачыць заходняму чалавеку практычна немагчыма, аднак у беларускіх умовах прапіска значыць даволі шмат.

Такая самая праблема з прапіскай была і ў мяне (калі я запытаўся ў генконсульстве РБ ў Нью-Ёрку, на якіх умовах мне далі б беларускі пашпарт), тады даволі шмат пісалася пра гэта ў “Народнай волі”. Пасьля адной з такіх публікацыяў (гэта быў студзень 2003 году), Васіль Уладзімеравіч сказаў, што яны з Ірынай Міхайлаўнай устрывожаныя, ці ня здарыцца тое ж самае і зь імі, гэта значыць – ці не запатрабуюць ад іх выпісацца. Тады я сказаў, што наўрад ці ўлады асьмеляцца зрабіць такое з Быкавым. “Ды яны зробяць з намі што захочуць” – быў адказ.

Празь некалькі месяцаў стала зразумела, што Быкаў больш рэальна ацэньваў стаўленьне да сябе ўладаў.

Першае, што я прапанаваў Васілю Ўладзіміравічу, калі пачуў пра сытуацыю з прапіскай – гэта даць інфармацыю ў прэсу. Мы былі гатовыя сказаць пара гэта па «Свабодзе» ў той жа дзень. Аднак Васіль Уладзімеравіч настойліва папрасіў гэтага не рабіць: “Так хоць застаецца якая-небудзь надзея, а калі іх раззлаваць – тады проста выкінуць з хаты”. Перад шпіталізацыяй я некалькі разоў размаўляў па тэлефоне з Васілём Уладзімеравічам – і ён увесь час быў занепакоены гэтай праблемай. У адной з тэлефонных размоваў ён нават сказаў маёй жонцы, што вось, маўляў, пакуль яшчэ жывуць на Танкавай, ня выселілі, “пакуль ніхто ня ўнёс сюды свае чамаданы, а могуць і засяліць якога перадавіка вытворчасьці з трактарнага завода”…

Ізноў слова Аляксандру Лукашуку: "На пытаньне, што ён плянуе рабіць, Васіль Уладзімеравіч адказаў няпэўна – маўляў, раюся. На той момант ён не зьвяртаўся да афіцыйных асобаў, хаця ўжо яму званілі намесьнік міністра культуры, пазьней, здаецца, дэпутат Чаргінец, а потым званіў міністар культуры Гуляка.

Я пазваніў у амбасаду дарадцу Віктару Міхайлавічу Казлову, які неаднаразова бываў на афіцыйных сустрэчах Радыё Свабода, распавёў пра стан справаў і выказаў меркаваньне, што амбасада выглядае ў гэтай сытуацыі двухсэнсоўна, як праваднік апэрацыі спэцслужбаў. Пазьней мне перазваніў консул Валавік, якому я таксама паўтарыў гэта. Абодва выказвалі зьдзіўленьне, казалі, што гэта глупства на месцах, да якога амбасада і МЗС не маюць ніякага дачыненьня. Валавік абяцаў неадкладна ўсё высьветліць і дапамагчы палагодзіць".

У тэлефонных размовах Васіль Уладзімравіч у тыя дні і мне казаў, што зьвярнуўся па дапамогу да сябра, і, магчыма, нешта ўдасца зрабіць. Гэтым чалавекам быў Генадзь Бураўкін, і вось што прыгадаў ён па маёй просьбе для кнігі «Быкаў на «Свабодзе»:

Генадзь Бураўкін: «Васіль сказаў мне пра цяжкасьці з прапіскай, якія ўзьніклі ў Ірыны Міхайлаўны, але зазначыў, што ня хоча ні аб чым прасіць уладу. Прыкладна ў тыя ж дні са мною зьвязаўся кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрал Латыпаў і запытаўся: ці ня мог бы асабіста ён чымсьці дапамагчы Быкаву?»

Перарву Генадзя Мікалаевіча. Уражвае гэтае імкненьне самага высокапастаўленага чыноўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі дапамагчы «асабіста» – пасьля таго, як гэтай самай адміністрацыяй было зьняважана ўсё тое, што для Быкава было дарагім – мова, нацыянальныя сымбалі.

Генадзь Бураўкін: «І я тады ж сказаў, што Васіль ня хоча зьвяртацца да прадстаўнікоў улады зь нейкімі просьбамі, але ў яго ёсьць пабытовыя цяжкасьці, якімі, я перакананы, ён не павінен займацца. І распавёў пра цяжкасьці з прапіскай. На што Латыпаў адказаў «Генадзь Мікалаевіч, гэта не праблема. Мы вырашым». Але я яго папярэдзіў, што Васіль баіцца паўтарэньня сытуацыі з Генадзем Карпенкам, калі пасьля пахаваньня таго Лукашэнка сказаў, што на ягонае ўказаньне ўлада нават чаравікі купляла для нябожчыка. І таму Васіль Уладзімеравіч баіцца, што нейкія жэсты з боку чыноўнікаў будуць пададзеныя як ласка ад найвышэйшага кіраўніцтва... Пытаньне з прапіскай праз некалькі дзён было вырашана».

Гэтыя словы Бураўкіна я запісаў у кастрычніку; пазьней Генадзь Мікалаевіч распавёў некаторыя дэталі ў інтэрвію для газэты «БДГ – Для служебного пользованія». Бураўкін паводзіў сябе як сапраўдны сябра.

Ірыне Міхайлаўне выдалі новы пашпарт – але каб вярнуцца ў Чэхію, ёй ужо спатрэбілася б браць візу, бо пашпарт з пастаяннай візай быў здадзены. А потым, у Празе, аднаўляць той штамп, які даваў права на пастаяннае жыхарства. І яшчэ: калі б пашпарт прыйшлося мяняць Быкаву, у яго б таксама забралі той, дзе была пастаянная чэская віза.

Мая перадапошняя размова з Васілём Уладзімеравічам адбылася 4-га чэрвеня – я папрасіў яго выказацца наконт ліквідацыі Беларускага нацыянальнага гуманітарнага ліцэю, і словы «трэба змагацца за родную мову» сталі апошнімі словамі ягонага апошняга інтэрвію.

Тады ж Васіль Уладзімеравіч сказаў мне, што праблема пашпарту Ірыны Міхайлаўны вырашаная, хаця невядома – што будзе зь ягоным пашпартам, калі спатрэбіцца замена. Але гэта ўжо не турбавала Васіля Ўладзіміравіча, – ён адчуваў сябе вельмі дрэнна, і я запісаў ягоныя словы: «Сярожа, цяпер паперкі, штампікі ў пашпарце мяне ўжо не цікавяць. Могуць быць, а могуць і ня быць...»

На наступны дзень Васіль Уладзімеравіч сказаў, што кладзецца ў Бараўляны.

Ну а тое, ці была гэтая гісторыя выпадковай, і якая ў ёй роля ўладаў – у тыя ж дні вызначыў сам Быкаў.

Аляксандар Лукашук: «Васіль Уладзімеравіч ацэньваў сытуацыю як спэцыяльна праведзеную апэрацыю ўладаў, ён і жонка былі надзвычай знэрваваныя гэтым здарэньнем і цяжка перажылі гэты ўдар.

У тым, што гэта забрала ў Быкава апошнія сілы, перакананыя ўсе, каму Васіль Уладзімеравіч палічыў патрэбным пра яе сказаць. «Васіль быў у адчаі» – прыгадвае Рыгор Барадулін.

У «Беларускіх ведамасьцях» Зянон Пазьняк напісаў, што «хвораму Быкаву прыйшлося гэтую нізасьць пераадольваць ды перажываць і з-за яе застацца ў Менску, ён плянаваў вярнуцца ў Прагу. Там сябры чэхі і беларусы выстараліся яму рэдкае лякарства (20 тысяч даляраў адна таблетка). Чалавека, нават сьмяротна хворага на рак, яно магло патрымаць у жыцьці яшчэ год або два…» («Беларускія ведамасьці», нумар 4, 2003)

Паколькі Пазьняк пісаў з майго расповяду (гутарка была па тэлефоне адразу пасьля сьмерці Быкава), павінен зрабіць некаторыя ўдакладненьні.

Але спачатку – цытаты з перадачы БТ “Панарама”. У інтэрвію, якое прагучала на наступны дзень пасьля сьмерці Быкава, 23 чэрвеня 2003 года, дырэктар НДІ ў Бараўлянах Іосіф Залуцкі сказаў (цытую па стэнаграме): “Его прооперировавли 7 марта в Чехии. Он получил два курса химиготерапии, но никто за ним не наблюдал, курсы оказались неэффективными. Мы в таком случае всегда смотрим за больным». «Урачы адзінага ў краіне аддзяленьня інтэнсіўных мэтадаў лячэньня, дзе знаходзіўся Васіль Быкаў, таксама шкадуюць, што час быў упушчаны» – дадаў карэспандэнт.

Дарэчы, апэрацыю Быкаву (і не 7 сакавіка, а 27 сакавіка – тут, пэўна, звычайная агаворка) рабіў лепшы праскі хірург – той самы, які апэрыраваў Вацлава Гавала. Таму камэнтар дырэктара НДІ, мякка кажучы, некарэктны. У Празе мэдыкі былі зьдзіўленыя такімі словамі.

Як і тым, што ніхто зь менскіх мэдыкаў не зьвязаўся з праскімі калегамі, якія лячылі Быкава на працягу апошніх месяцаў (Быкаву перад ад''ездам далі запіс асноўных парамэтраў хваробы і аналізаў, а таксама каардынаты праскіх мэдыкаў – але зь імі так ніхто і не скантактаваўся).

У сваім артыкуле Пазьняк прыводзіць кошты амэрыканскіх аналягаў тых лекаў, якімі лячылі Быкава ў Празе; у Эўропе яны не такія астранамічныя, але таксама не малыя (адзначу, што ўсё пакрывала страхоўка). Гэтыя лекі – якраз і ёсьць тыя самыя курсы хіміятэрапіі, пра якія сказаў дырэктар бараўлянскага НДІ. Іх адметнасьць, у адрозьненьні ад хіміятэрапіі праз капельніцу ў тым,– што яны мінімалізуюць пабочныя эфэкты. Зянон Пазьняк піша, што лякарства чакала Быкава ў Празе – але некалькі ўпаковак гэтых лекаў Васіль Уладзімеравіч ўзяў з сабой у Менск. Іншая справа, што ў Бараўлянах была абраная іншая мэтодыка лячэньня.

Самае большае, чаго баяліся праскія лекары – што ў Менску будзе прымененая хіміятэрапія не праз таблеткі, а праз капельніцу («Ён яе не перанясе» – сказаў мне праскі доктар яшчэ да таго, як Быкаў быў шпіталізаваны ў Бараўляны). Але хіміятэрапію праз капельніцу прымянілі. Я разумею, што ёсьць розныя мэтодыкі лячэньня, розныя традыцыі, урэшце, розныя магчымасьці. Зусім магчыма, у менскіх мэдыкаў не было іншага выбару. А магчыма, і быў. Але ў кожным разе, у трагічным выніку ня варта вінаваціць іншых.

З чым можна пагадзіцца – гэта з тым, што час сапраўды быў упушчаны, бо пра хваробу даведаліся са спазьненьнем на год ці нават болей. Доўгі час ў замежжы ў Быкава не было магчымасьці прайсьці мэдычнае абсьледаваньне. Прычыны ж, якія вымусілі яго пакінуць Радзіму, ляжаць, як вядома, зусім не ў мэдычнай сфэры.

Яшчэ калі Васіль Уладзімеравіч быў жывы, я даведаўся пра адну размову, якая калі не канчаткова, дык ў значнай ступені патлумачыла тое, што рабілася вакол Быкава ў апошнія тыдні. Да дня нараджэньня Васіля Ўладзіміравіча я напісаў невялікі артыкул, і 16 чэрвеня размаўляў з галоўным рэдактарам «Народнай волі» Іосіфам Сярэдзічам. Ён і паведаміў пра размову (пазьней я папрасіў Іосіфа Паўлавіча паўтарыць свае словы пад запіс).

Іосіф Сярэдзіч: «Літаральна на наступны дзень пасьля вяртаньня Васіля Быкава з Прагі ў Менск я сустрэўся з адным добрым знаёмым, чыноўнікам высокага рангу, які ў бліжэйшым атачэньні да Лукашэнкі. І Вы ведаеце, я заўважыў проста, як ён, паціраючы рукі, сказаў, што "я вось пераконваў, усе пагадзіліся", і менавіта толькі дзякуючы яму і бліжэйшаму атачэньню Лукашэнкі Васіль Быкаў "зьявіўся паміраць" – менавіта "паміраць" – на Радзіму. Таму што – ён так і сказаў– "ты ж ведаеш, калі б Васіль Быкаў памёр у Празе, як бы яго сустракала ўся грамадзкасьць на чыгуначным вакзале альбо ў аэрапорту, калі б самалётам, гэта вылілася б ў вялікую, можа, маніфэстацыю. А тут – ён прыехаў, сам памёр, усё спакойна».

Заўважым – словы пра сьмерць былі сказаныя на наступны дзень пасьля вяртаньня Васіля Ўладзіміравіча ў Менск.

У сьмерці Быкава яны бачылі сваю перамогу.

І, як маглі, паскорылі яе.

Ліпень 2003 – май 2004