Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 9 сьнежня)
На мінулым тыдні член Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі Мікалай Чаргінец падаў у суд на газэту “Новы час”, палічыўшы, што на старонках выданьня абражаныя ягоная годнасьць і службовая рэпутацыя. На мінулым тыдні адбылося першае судовае разьбіральніцтва.
Сёньня наш госьць – шэф-рэдактар газэты Аляксей Кароль.
“Тыя нешматлікія недзяржаўныя газэты, якія засталіся ў Беларусі, выдаюцца на энтузіязьме”
Міхась Скобла: “Спадар Аляксей, нагадайце, за што на вашу газэту пакрыўдзіўся Мікалай Чаргінец?”
Аляксей Кароль: “У № 25 “Новага часу” быў надрукаваны артыкул вядомага журналіста Аляксандра Тамковіча “Генэрал-сэнатар Мікалай Чаргінец”. Ня першы з такіх нарысаў і не апошні – Тамковіч робіць сэрыю артыкулаў на тэму “Найноўшая гісторыя Беларусі ў асобах”. Мы лічым, што гэтая рубрыка цікавая для чытача, бо яна адлюстроўвае ключавыя моманты апошніх пятнаццаці гадоў нашай гісторыі і дае ўяўленьне пра тое, якія падзеі адбываліся ў Беларусі, і куды яны нас прывялі. Што канкрэтна не спадабалася Чаргінцу? Тое, што ў артыкуле Тамковіча гаворыцца пра нізкі мастацкі ўзровень ягоных твораў. Згадваюцца там ягоная “камандзіроўка” ў Аўганістан, праца ў перадвыбарчым штабе Аляксандра Лукашэнкі. Я не лічыў і не лічу, што ў артыкуле ўтрымліваецца абраза годнасьці й службовай рэпутацыі Мікалая Чаргінца. Дастаткова карэктна, з выкарыстаньнем фактаў Тамковіч апісаў усе гэтыя падзеі. А даваць тыя ці іншыя ацэнкі – гэта аўтарскае права”.
Скобла: “На мінулым тыдні адбылося першае судовае паседжаньне. Звычайна, судзьдзя, выслухаўшы ўсе бакі, прапануе палагодзіць справу – самім спрэчнікам дамовіцца паміж сабой. Ці спрабавалі вы дамовіцца з Чаргінцом, ці гатовыя былі зрабіць нейкія крокі яму насустрач?”
Кароль: “Так, спрабавалі. Мы ня толькі Чаргінцу, але і ўсім, хто пажадае, гатовыя прадастаўляць газэтную плошчу для выказваньня свайго меркаваньня, для ўдзелу ў спрэчцы, дыскусіі. Мы прапанавалі Чаргінцу: выкажыце сваю пазыцыю на плошчы, роўнай артыкулу Тамковіча. Але наша прапанова прадстаўніком Чаргінца не была прынятая”.
Скобла: “Сваю рэпутацыю спадар Чаргінец ацаніў вялізнай сумай: з аўтара артыкулу ён патрабуе спагнаць 100 мільёнаў беларускіх рублёў, з газэты – 500 мільёнаў. Чаму ажно столькі каштуе “рэпутацыя” Чаргінца?”
Кароль: “Паводле нашага заканадаўства, права прызначаць суму кампэнсацыі мае права той, хто падае пазоў у суд. Таму я не магу ведаць, чым кіраваўся Мікалай Чаргінец. Сапраўды, сума, якая названая ў пазове Чаргінца, можа азначаць толькі адно: пазоўнік хоча, каб газэта перастала выходзіць. Ці 100 мільёнаў, ці 500 мільёнаў, яны непад’ёмныя для любога незалежнага выданьня. Чуткі пра тое, што недзяржаўныя газэты купаюцца ў грашах, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Амаль што на энтузыязьме выходзяць тыя нешматлікія незалежныя выданьні, якія засталіся ў Беларусі”.
“Мяне ўжо судзілі за абразу гонару найвышэйшай асобы”
Скобла: “Вы спрактыкаваны газэтчык, дванаццаць гадоў рэдагавалі газэту “Згода”. Ці былі ў вас падобныя выпадкі, калі нехта лічыў сябе абражаным на старонках рэдагаванага вамі выданьня?”
Кароль: “Так, мы праходзілі праз адну адміністрацыйную справу. Зноў жа, за абразу гонару найвышэйшай асобы”.
Скобла: “Абражаным на старонках “Згоды” палічыў сябе Аляксандар Лукашэнка?”
Кароль: “Не, ня сам Аляксандар Лукашэнка палічыў, а пракуратура палічыла, што ў газэце надрукаваныя інфармацыя і малюнкі, якія закранаюць годнасьць і гонар Лукашэнкі. 23 верасьня 2005 году суд менскага Партызанскага раёну па прадстаўленьні пракуратуры таго ж раёну прысудзіў мне і майму намесьніку па “Згодзе” па 100 базавых велічыняў штрафу. На той час у суме гэта было пад 2, 5 мільёны рублёў.
Аднак вернемся да сёньняшняй справы. Спадар Чаргінец у інтэрвію “Белапану” пракамэнтаваў сытуацыю наступным чынам: “Я абараняю свой гонар, каб іншым ня вабілася ўзводзіць паклёпы. А тыя газэты, якія будуць працягваць паклёпнічаць, таксама атрымаюць пазовы ў суд. Я вырашыў не спыняцца. Я абагачу нашу сыстэму аховы здароўя”. Па-сутнасьці, лёс газэты Чаргінца не цікавіць. І, як, выглядае, “Новы час” – гэта толькі пачатак ягоных прэтэнзіяў да незалежных выданьняў. Чаргінец загадзя выводзіць сябе з-пад любой крытыкі”.
Скобла: “Свой пазоў у суд Чаргінец накіраваў на другі ж дзень пасьля выхаду газэты, нібы чакаў яе выхаду. Ці ня ёсьць артыкул “Генэрал-сэнатар Мікалай Чаргінец” правакацыйным?”
Кароль: “Не, сам артыкул, безумоўна, не. Таму што герояў сваіх артыкулаў Тамковіч папярэдне ўзгадніў са мной як з рэдактарам. Паўтараю, матэрыял пра Чаргінца – адзін з шаснаццаці, якія прайшлі ў газэце на сёньняшні дзень”.
Скобла: “Сярод згаданых шаснаццаці памятаюцца артыкулы Тамковіча пра Ўладзімера Канаплёва і Міхаіла Мясьніковіча. Я так разумею, яны таксама мелі дастаткова крытычны характар. А Мясьніковіч з Канаплёвым мелі да вас прэтэнзіі?”
Кароль: “Не, адмоўнай рэакцыі не было. Ні непасрэдна зь іх боку, ні ад іхняга атачэньня”.
Скобла: “Самым крыўдлівым аказаўся Чаргінец?”
Кароль: “Так, гэта першыя падобныя прэтэнзіі да “Новага часу”.
Пазоў Чаргінца – помста за друкаваную трыбуну для “няправільных” пісьменьнікаў?
Скобла: “Як вядома, Мікалай Чаргінец узначальвае прыўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі. А ў газэце “Новы час” штомесяц зьяўляецца газэта ў газэце – “Літаратурная Беларусь”, дзе друкуюцца пісьменьнікі з альтэрнатыўнага саюзу. Магчыма, гэта таксама спрычынілася да такой рэакцыі Чаргінца?”
Кароль: “Так, у пазове Чаргінца прыводзіцца цытата з артыкулу, дзе гаворыцца пра “правільны” і “няправільны” саюзы пісьменьнікаў. Так што, магчыма, гэты матыў таксама меў месца”.
Скобла: “У такім разе навошта вы зьвязаліся зь пісьменьнікамі, якіх ня любіць улада? Навошта вам лішні клопат на галаву?”
Кароль: “Яно, можа быць, і так. Але я ўзгадваю адзін артыкул Васіля Быкава, напісаны недзе ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Там пісьменьнік гаварыў, што беларуская сытуацыя – гэта ўсур’ёз і надоўга. І трэба гаварыць тое, што ты сёньня можаш сказаць. Бо можа здарыцца, што такой магчымасьці ў цябе хутка ня будзе. Да таго ж, свабода слова ня церпіць закрытых зонаў для крытыкі. А калі такія зоны ўсё ж зьяўляюцца, то яны, як правіла, распаўсюджваюцца ня толькі на аднаго чалавека, але і на атачэньне, і на атачэньне атачэньня. У такім выпадку нельга гаварыць пра свабоднае грамадзтва. Калі цябе нешта пакрыўдзіла, прыйдзі, сустрэнься з аўтарам, высьветлі справу, апублікуй свой пункт погляду, гэта звычайная практыка.
Ва ўсім сьвеце палітыкі выкарыстоўваюць крытыку на свой адрас дзеля ўзвышэньня свайго рэйтынгу. Знакамітая фраза Чэрчыля: “Даўно на мяне не было карыкатураў – губляю папулярнасьць”. А нядаўна ў часопісе “Economist” быў артыкул пра прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Браўна. Ну, там такія эпітэты! І карыкатура побач. І нічога. Гэта нармальна для адкрытага грамадзтва. У палітыка зьяўляецца магчымасьць яшчэ раз выклікаць цікавасьць грамадзтва да сваёй асобы”.
“Новы час” не адмовіцца ад “Літаратурнай Беларусі”
Скобла: “А калі на наступным судовым паседжаньні спадар Чаргінец ці ягоны прадстаўнік прапануюць вам “выстрыгчы” “Літаратурную Беларусь” з “Новага часу”, а яны наўзамен адклічуць свой пазоў, вы згодзіцеся?”
Кароль: “Не, не згаджуся па адной простай прычыне. Саюз беларускіх пісьменьнікаў страціў усё, што меў – і памяшканьне, і свае друкаваныя выданьні. І сёньня ў літаратараў усяго дзьве магчымасьці прыходзіць да чытача: гэта часопіс “Дзеяслоў” і дадатак да “Новага часу” – “Літаратурная Беларусь”. Літаратура цікавіць людзей. Калі мы пачалі выдаваць “Літаратурную Беларусь”, то паднялася цікавасьць і да газэты, і да мастацкіх твораў нашых пісьменьнікаў. А мы ж асьвятляем ня толькі літаратурнае жыцьцё, мы друкуем матэрыялы і па мастацтве, і па гісторыі. Сёньня такі фармат газэты, такія тэматычныя накірункі запатрабаваныя. Зьменіцца сытуацыя ў краіне – будзе зьмяняцца й фармат “Новага часу”.
“Падпішыцеся на “Новы час” на адзін месяц – а там пабачым”
Скобла: “Наступнае судовае паседжаньне ў вашай справе прызначанае на 19 сьнежня. Хочацца спадзявацца, што суд не пазбавіць нас права чытаць адну зь нешматлікіх незалежных газэтаў “Новы час”. А калі ўсё ж пазоў Чаргінца будзе задаволены, якімі будуць вашы дзеяньні?”
Кароль: “У нас застаецца толькі адна запасная пляцоўка – інтэрнэт. На шчасьце, яна пашыраецца. Думаю, што нам давядзецца выходзіць у фармаце PDF. Хоць такі фармат і не заменіць друкаванага “Новага часу”. Напісанае ўсё ж застаецца. У нармальных краінах існуюць і друк, і інтэрнэт, і радыё, і ўсе яны маюць свайго чытача, слухача, свой попыт. І таму я хачу зьвярнуцца да тых слухачоў, якім дарагая свабода слова, якія верыць у салідарнасьць, з наступнай просьбай: падпішыцеся на “Новы час” на адзін месяц. А там будзе бачна. Падпіска ў нас, як і ў большасьці недзяржаўных выданьняў, – праз рэдакцыю. Тэлефон рэдакцыі – 280-17-91”.
Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by