Крамлёўскі кандыдат Д.Мядзьведзеў і Беларусь

Усім зразумела, што прапанова аб кандыдатуры Мядзьведзева сыходзіць насамрэч не ад партый, а ад самога прэзыдэнта Расеі.

Сёньня чатыры расейскія партыі – “Единая Россия”, “Справедливая Россия”, “Гражданская сила” і Аграрная партыя вылучылі кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева, першага намесьніка кіраўніка ўраду. Партыі абвясьцілі пра гэты намер падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Пуціным, які сказаў, што цалкам падтрымлівае гэтую кандыдатуру.

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі 4-х партый ён сказаў пра Мядзьведзева.

Пуцін: “Я знаёмы зь ім прынамсі 17 гадоў. Мы шчыльна працавалі зь ім усе гэтыя гады, і я цалкам падтрымліваю гэты выбар”.

Прэзыдэнт Расеі падкрэсьліў, што прапанова 4-х партый “дае шанец сфармаваць ўмовы для правядзеньня курсу, які прыносіў плён усе апошнія 8 гадоў”.

“Гэта кампрамісны варыянт”

Экспэрты адзначаюць, што Дзьмітры Мядзьведзеў быў абвешчаны магчымым пераемнікам яшчэ некалькі гадоў таму, потым Пуцін зладзіў спаборніцтва двух пераемнікаў – Мядзьведзева і Сяргея Іванова. Некалькі месяцаў таму, калі прэзыдэнт Расеі раптоўна памяняў урад і прызначыў новым прэм’ерам Віктара Зубкова, здавалася, што зорка Мядзьведзева закацілася. Але нарэшце крамлёўскім кандыдатам аказаўся менавіта ён.

Паводле расейскага палітыка Ўладзімера Рыжкова, выбарам Мядзьведзева Пуцін захоўвае для сябе самае шырокае поле палітычных магчымасьцяў.

Рыжкоў: “Калі Пуцін хоча мякка адысьці ад улады, але ўплываць, быць паважанай асобай і каб яму была гарантаваная поўная бясьпека, Мядзьведзеў – ідэальны кандыдат. Яны разам вучыліся на адным факультэце і ўвесь час разам ішлі па жыцьці. А калі Пуцін хоча вярнуцца ва ўладу праз пэўны час, то Мядзьведзеў можа паабяцаць, што ў любы момант – праз год, два, тры, ён сыдзе ў адстаўку, адбудуцца датэрміновыя выбары і Пуцін паспрабуе абрацца ізноў.
Калі Пуцін хоча мякка адысьці ад улады, але ўплываць, Мядзьведзеў – ідэальны кандыдат.


Пуцін абраў чалавека ня надта амбіцыйнага, як Іваноў, ня надта традыцыйнага, як Зубкоў, гэта кампрамісны варыянт, а галоўнае, гэта блізкі, адданы яму чалавек, які захоўвае абедзьве магчымасьці”.

Незалежны расейскі журналіст Вадзім Дубноў нязгодны з тым, што сытуацыя вырашыцца гэтак бяскрыўдна.

Дубноў: “Зараз у Расеі лідэр фармальны і нефармальны – адна і тая ж асоба. Спроба разьвесьці гэтыя ролі прывядзе да сутыкненьня, бо тая эліта, якая хутка закасьцянее пад новым прэзыдэнтам , у пэўны момант скажа: “А ў нас Канстытуцыя прадугледжвае галоўную ролю прэзыдэнта, там пра нацыянальнага лідэра нічога не сказана”. І справа нават не ў Канстытуцыі, а ў тым, што гэта прывядзе да сутыкненьня, зь якім цяперашняе пакаленьне ўлады можа ня справіцца”.

Спадар Дубноў гаворыць, што вылучэньне кандыдатам ад Крамля Мядзьведзева азначае паразу “сілавікоў”. Дарэчы, на інфармацыю пра вылучэньне Мядзьведзева біржа ўжо адрэагавала рэзкім ростам каціровак “Газпрома”, раду дырэктараў якога ўзначальвае новы крамлёўскі кандыдат.

Пры Мядзьведзеве эканамічнай палёгкі Беларусі ня будзе

На пасадзе старшыні рады дырэктараў “Газпрому” Мядзьведзеву ўжо даводзілася ўзаемадзейнічаць зь Беларусьсю. У сярэдзіне году на гэтай пасадзе ён казаў: “Мы не павінны ўжываць эканамічна неапраўданыя схемы нават дзеля такіх фундамэнтальных працэсаў, як інтэграцыя зь Беларусьсю”.

Некалькі дзён таму Дзьмітры Мядзьведзеў абвяргаў зьвесткі, распаўсюджаныя Інтэрфаксам, што “Газпром” прапанаваў Менску цану на газ ў 2008 годзе ў 165 даляраў за тысячу кубамэтраў. Мядзьведзеў тады заявіў, што існуе дамова, у якой дакладна вызначаная формула цаны для Беларусі. Ён таксама нагадаў, што сёлетняя цана для Беларусі – самая нізкая сярод усіх краінаў СНД.

На думку экспэртаў, калі Дзьмітры Мядзьведзеў стане прэзыдэнтам Расеі, Беларусь наўрад ці атрымае палёгку ў эканамічных стасунках з Масквой, бо старшыня рады дырэктараў “Газпрома” вельмі чуйны да інтарэсаў гэтага канцэрну і расейскай энэргетыкі ў цэлым.