Завяршыўся візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу. А.Лукашэнка назваў Вэнэсуэлу адным з найбольш пасьлядоўных палітычных хаўрусьнікаў і гандлёва-эканамічных партнэраў.
А.Лукашэнка і У.Чавэс заявілі, што іх аб’ядноўвае незалежны замежнапалітычны курс і што яны выступаюць супраць аднапалярнага сьвету і навязваньня палітыкі звонку.
Паводле афіцыйных крыніцаў, падчас адкрыцьця сумеснага прадпрыемства “здабыта першая сумесная нафта”. Паводле першага віцэ-прэм’ера Беларусі Ўладзімера Сямашкі, пачаць здабычу нафты плянуецца бліжэйшымі днямі, крайні тэрмін — 1 студзеня.
І я хачу, дарагі Уга, найперш цябе запэўніць, увесь вэнэсуэльскі народ, што нам ёсьць чым адказаць на гэты вялікі дар вэнэсуэльскага народа
60% сумеснага прадпрыемства належыць Вэнэсуэле і толькі 40% — Беларусі. Таму доля нафты, здабытай Беларусьсю, складзе 2,8 мільёна тон. Яна будзе рэалізоўвацца ў Вэнэсуэле, а атрыманыя сродкі пойдуць на закуп нафты бліжэй да Беларусі. Паводле спадара Сямашкі, выдзелены два нафтавыя радовішчы, і ў наступным годзе сумеснае прадпрыемства здабудзе ўжо мільён тон нафты.
“Тое, што зроблена сёньня для Беларусі на геаграфічна далёкай ад нас зямлі — такіх падарункаў ніхто яшчэ не рабіў для нашай краіны. І я хачу, дарагі Уга, найперш цябе запэўніць, увесь вэнэсуэльскі народ, што нам ёсьць чым адказаць на гэты вялікі дар вэнэсуэльскага народа. Я абяцаю табе, мы зробім усё, што ты скажаш, для тваёй краіны, для захаваньня яе сувэрэнітэту, для захаваньня бясьпекі і незалежнасьці Вэнэсуэлы”, – заявіў Аляксандар Лукашэнка.
Цягам двух-трох гадоў Лукашэнка паабяцаў стварыць у Вэнэсуэле прадпрыемствы, якімі яна будзе ганарыцца.
Падчас візыту Ўга Чавэс і Аляксандар Лукашэнка падпісалі таксама дамову пра ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Паводле кіраўніка беларускага МЗС Сяргея Мартынава, “гаворкі пра вайсковыя альянсы прамога дзеяньня не ідзе”.
Паводле спадара Мартынава, Беларусь найбольш цікавіць супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай у энэргетычнай сфэры, у справе пошуку альтэрнатыўных крыніц і маршрутаў атрыманьня энэргарэсурсаў.
Для збалянсаваньня эканомікі Беларусі, для адаптацыі да сусьветных цэнаў на нафту, для таго, як выправіць плацёжны балянс, гэты візыт, безумоўна, ніякага значэньня на мае
Кіраўнік цэнтру Мізэсу Яраслаў Раманчук сказаў:
“Для збалянсаваньня эканомікі Беларусі, для адаптацыі да сусьветных цэнаў на нафту, для таго, як выправіць плацёжны балянс, гэты візыт, безумоўна, ніякага значэньня на мае. Значна большую вагу будзе мець візыт Пуціна. Таму што Беларусь была і застаецца пад велізарным ціскам Расеі. І калі разглядаць вэнэсуэльскі праект як рэалізацыю бізнэс-пляну адной з груп намэнклятуры Беларусі, то для іх гэта добры праект. Толькі каб яны на гэты праект з бюджэту грошай ня бралі. Бо з Вэнэсуэлы атрымаць грошы на латаньне дзірак у беларускім бюджэце, я думаю, нам не давядзецца”.
Паводле старшыні аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заікі, пры зьмене палітычнай сытуацыі ў Вэнэсуэле першае, што адбяруць у Беларусі, — гэта нафтавыя вышкі. Акрамя таго, здабыча там нафты не вырашае беларускіх праблемаў, бо для загрузкі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў патрэбна каля 30 мільёнаў тон нафты штогод.
“Што тычыцца здабычы нафты, гэта выгадна людзям, якія будуць займацца ёю потым. Рыхтуецца такая пляцоўка для будучых беларускіх алігархаў, якія там будуць асядаць”.