Журналісты з Крычава будуць судзіцца 19 сьнежня



5 сьнежня на папярэднім судовым паседжаньні судзьдзя Чавускага суду Вольга Палуян назвала першым днём судовага працэсу 13 сьнежня. 7 сьнежня Валеру Бысаву і Ўладзімеру Кудраўцаву паведамілі, што суд пераносіцца на 19 сьнежня.

Судзьдзя Вольга Палуян у тэлефоннай гутарцы паведаміла, што разгляд справы перанесены празь ейную занятасьць. Яна мяркуе, што за адзін дзень справу разгледзець ня ўдасца, таму што бакі заявілі дзесяць сьведкаў, а 14 сьнежня ў яе разгляд крымінальнай справы.

5 сьнежня Вольга Палуян не дапусьціла да ўдзелу ў папярэднім судовым паседжаньні сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў Сяргея Няроўнага ды Рыгора Кастусёва. Валер Бысаў ды Ўладзімер Кудраўцаў хадайнічалі, каб яны былі прадстаўнікамі абароны. Сваю пазыцыю судзьдзя матывавала тым, што ў яе няма дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць, што сябры БАЖ могуць быць прадстаўнікамі ў судах.

19 ж сьнежня ў Менску пачнецца суд паводле пазову кіраўніка праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца да журналіста Аляксандра Тамковіча і прыватнага прадпрыемства “Час навінаў”. Ці выпадковае гэта супадзеньне?

Кіраўнік цэнтру юрыдычнай абароны СМІ і журналістаў Міхаіл Пастухоў ведае пра перанос разгляду справы ў Чавускім раённым судзе і не выключае, што зроблена гэта наўмысна:

“Я лічу, што такога заканамернага супадзеньня, можа, і няма, аднак выключаць яго нельга. Можна думаць, што ў Чавусы прыедуць журналісты недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, і каб не дапусьціць шырокага розгаласу, маглі прызначыць суд на той жа самы дзень”, — паведаміў “Свабодзе” Міхаіл Пастухоў.

Рэдактарка газэты Крычаўскага райвыканкаму “Ленінскі кліч” Тацяна Іўкіна намагаецца праз суд спагнаць з выдаўца і аўтара “Вольнага гораду” кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў. Спагнаныя сродкі яна зьбіраецца пералічыць на рахунак Бельскага сацыяльна-рэабілітацыйнага цэнтру. Таксама спадарыня Іўкіна патрабуе пісьмовага абвяржэньня фактаў, выкладзеных у артыкулах, праз газэты “Ленінскі кліч” ды “Вольны горад”.

Прычынай для суду сталася сэрыя артыкулаў “Шэсьць год у рэдакцыйным ГУЛАГУ”, надрукаваная ў жніўні-верасьні 2004 году ў незалежнай газэце “Вольны горад”. Былы супрацоўнік рэдакцыі “Ленінскі кліч” Валер Бысаў апісваў, як Тацяна Іўкіна кіруе газэтай.