“Ухваленьня ад жонкі я не дачакаўся”


Цыганкоў:
”Лявон, як у вас увогуле нарадзілася ідэя вылучыць сябе ў Старшыні БНФ? Няўжо гэта на самой справе было ўсё настолькі спантанна?”

“Я плянаваў зьняцца на карысьць Вячоркі”

Баршчэўскі: “Сытуацыя склалася такая, што Вінцук Вячорка, безумоўна, мог бы выйграць і выйграў бы выбары, але выйграў бы вельмі малой перавагай. Што дало б ягоным апанэнтам магчымасьць гаварыць – “бачыце, мы пароўну набралі, і наша пазыцыя настолькі ж моцная, чаму мы павінны слухацца Вячорку?”. Гэта псыхалягічны момант, які мог дэзарганізаваць работу ў Фронце надалей. У такой сытуацыі, калі падзел палова на палову, -- вельмі цяжка прымаць і выконваць нейкія рашэньні.

Тое, што павінен быў выйграць чалавек з вялікай перавагай, набраць шмат галасоў – у пэўнай ступені здымае гэтае пытаньне. Такім чалавекам мог стаць Валянцін Голубеў, але ён прыехаў толькі на другі дзень. Іншай кандыдатурай мог стаць я, і я гэта адчуваў. І каб не дапусьціць адчуваньня расколу – не самога расколу – то я прапанаваў сябе. Я плянаваў зьняцца на карысьць Вячоркі, але спадар Міхалевіч сказаў, што мая кандыдатура яго задавальняе, то тут ужо выбару не было, трэба было пагаджацца”.



Цыганкоў:
“Многія зараз адзначаюць, што вы апошнія гады актыўна не займаліся палітыкай, хаця я адзначу, што вы ў момант абраньня былі сябрам Сойму БНФ”.

Баршчэўскі: “Так.”

Цыганкоў:
“Ці ня цяжка вам будзе вяртацца да палітычнай дзейнасьці, ці не страцілі вы “палітычны інструмэнтарый” для гэтай дзейнасьці?”

Баршчэўскі:
“Так, безумоўна -- і цяжка вяртацца, і страціў шмат чаго. Тут у мяне спадзяваньні на тое, што каманда, якая кіравала, захавала свае пазыцыі і свой аўтарытэт у Фронце (а ня толькі сярод дэлегатаў зьезду). На першых парах мае намесьнікі дапамогуць мне вярнуцца туды, ад чаго я адышоў у той ступені, у якой гэта будзе патрэбна. Мне ня трэба брацца за ўсе. Мне трэба кантраляваць, як курыруюць кірункі намесьнікі, як працуе Ўправа. У гэтым пляне мне лягчэй як упраўленцу”.

Цыганкоў:
“Гэты зьезд прадэманстраваў даволі глыбокі падзел у Фронце па шэрагу пытаньняў. Як вы зьбіраецеся яго пераадольваць? Ці не лічыце вы гэта галоўнай задачай свайго абраньня?”

“Падзел адбыўся сярод дэлегатаў, але не ў фронтаўскіх структурах”

Баршчэўскі: “Падзел, на жаль, адбыўся хутчэй сярод дэлегатаў. У фронтаўскіх структурах такога падзелу няма. Я думаю, што мы, давёўшы інфармацыю, папрацаваўшы з нізавымі структурамі, дакажам, што падзел адбываўся не па нейкіх палітычных матывах, а паводле асабістых. І нам удасца далейшага падзелу пазьбегнуць – у гэтым я бачу сваю функцыю. А тыя людзі. якія робяць сьвядомы палітычны выбар на карысьць іншых структураў, рана ці позна павінны адыйсьці з Партыі БНФ”.

Цыганкоў:
“Падчас зьезду з вуснаў многіх дэлегатаў гучала, што патрэбныя перамены. Ці адчуваеце вы гэты настрой і на якія перамены вы гатовыя паабяцаць і правесьці?”

Баршчэўскі: “Перамены заўсёды патрэбныя, але яны не павінны быць “перамены дзеля перамен”. Я лічу, што тыя людзі (іх ня так і шмат), якія адказна і актыўна працуюць у палітыцы, якія рабілі справу – яны рабілі яе як маглі. І іх абвінавачваць у тым, што чаму, маўляў, БНФ не захапіў уладу – гэта няправільна.

Мы партыя ідэі, і наша галоўная задача – заставацца на ідэйнай аснове. Фармуляваць ідэю і спрыяць яе выкананьню”.

“Ухваленьня ад жонкі я не дачакаўся”

Цыганкоў: “На зьезьдзе вы сказалі, што яшчэ ня ведаеце, як сказаць жонцы пра сваё абраньне. Паведамілі ўжо?”

Баршчэўскі: “Паведаміў, але, натуральна, ухваленьня я не дачакаўся. Размова была вельмі кароткая – і я быў заняты, і яна была ў кінатэатры з дачкой. Але калі я ўзяўся за гэты воз, то да наступнага зьезду буду яго цягнуць”

Цыганкоў: “Вы сапраўды сказалі на зьезьдзе, што прыйшлі толькі на адзін тэрмін. Вы можаце зараз урачыста пацьвердзіць гэта?”

Баршчэўскі: “Калі сытуацыя аздаровіцца ў Фронце, і будзе забясьпечаная сапраўдная пераемнасьць, гэты тэрмін можа нават скараціцца. Галоўнае – падрыхтаваць усю гэтую сытуацыю”.