Сёньня ў менскім Палацы культуры аўтазаводу пачаў працу зьезд Партыі БНФ.
Паводле вынікаў другога туру галасаваньня па выбарах старшыні партыі, Вінцуку Вячорку не хапіла для пераабраньня 3 галасоў: ён атрымаў 118 галасоў, Алесь Міхалевіч – 110. Віктар Івашкевіч з 26 галасамі выбыў з барацьбы ў першым туры.
На зьезд было абрана 264 дэлегаты, прысутнічала 242.
Як і чакалася, на пасаду старшыні Партыі БНФ былі вылучаны тры кандыдатуры – цяперашні лідэр партыі Вінцук Вячорка, ягоныя намесьнікі Віктар Івашкевіч і Алесь Міхалевіч. Кожны зь іх выступіў зь 10-хвілінай прамовай. Першым узяў слова Алесь Міхалевіч.
Ён заявіў, што не дазволіць удзельнічаць партыі БНФ у кааліцыях толькі дзеля кааліцыяў і будзе наладжваць шчыльнае супрацоўніцтва з ідэалягічна роднаснымі партыямі і арганізацыямі. Спадар Міхалевіч падкрэсьліў неабходнасьць стварэньня альтэрнатывы кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку:
Міхалевіч: Вылучаны Партыяй БНФ Аляксандар Мілінкевіч стаўся сапраўдным нацыянальным лідэрам, які здолеў аб’яднаць абсалютную большасьць людзей, якія жадаюць пераменаў у нашай краіне. Бліжэйшым часам мы ня здолеем правесьці яшчэ адну настолькі ж эфэктыўную інфармацыйную кампанію па стварэньні альтэрнатывы дзейнаму кіраўніку дзяржавы. Таму праца з нашым кандыдатам на выбарах 2006 года Аляксандрам Мілінкевічам застаецца для партыі стратэгічным прыярытэтам.
У сваім выступе Вінцук Вячорка заявіў, што партыя БНФ – адзіная нацыянальна адказная палітычная сіла. Паводле спадара Вячоркі, акрамя нацыянальнай незалежніцкай ідэі няма іншага цэмэнту для яднаньня. Адносна ўдзелу ў кааліцыях спадар Вячорка сказаў:
Вячорка: Калі мы маем згуртаваную ідэйную плятформу, якая адпавядае нашым поглядам, калі мы маем права вэта, калі мы маем магчымасьць уплываць на рашэньні і фармаваць гэтыя рашэньні, нам абавязкова трэба пашыраць сфэру свайго ўплыву, а не змаыкацца ў цеснай шкарлупіне, ствараць самім сабе палітычны “лягушатнік”. Трэба не баяцца ўвязвацца ў палеміку з калегамі па дэмакратычным лягеры, выйграваць гэтую палеміку і сваімі ініцыятывамі весьці іх за сабой. Гэта пазыцыя моцнага, а не слабака. Наступны год будзе ня толькі для Беларусі годам шанцу, але будзе для фронту дасьведчанага і адкрытага новым выклікам шанцам вярнуць сабе палітычную ініцыятыву, павесьці за сабой.
У сваім выступе Віктар Івашкевіч нагадаў, што 8 сьнежня 1991 года былі падпісаныя Белавескія пагадненьні і дзякуючы руху БНФ “Адраджэньне” Беларусь стала незалежнай. Але сёньня сытуацыя для захаваньня незалежнасьці Беларусі пагрозьлівая як ніколі. І наступны год будзе годам барацьбы за незалежнасьці. Віктар Івашкевіч сказаў:
Івашкевіч: Але дзеля таго каб супрацьстаяць расейскай экспансіі і захаваць незалежнасьць мы мусім супрацьпаставіць ідэі аб’яднаньня з Расеяй іншую моцную і прывабную ідэю. Таму агітацыйна кампанія “За эўрапейскі выбар” ёсьць ключавой кампаніяй наступнага году.
Паводле спадара Івашкевіча, другая важная кампанія – гэта кампанія за свабодныя выбары. Ён нагадаў, што неабходна дамагацца рэалізацыі 12 прапаноў Эўразьвязу. Толькі на фоне гэтага магчымая перамога трэцяй кампаніі – выбарчай, мэта якой стварэньне фракцыі БНФ у Палаце прадстаўнікоў. Рэалізацыя гэтых плянаў магчымая толькі тады, калі БНФ з маленькай партыі, адной з маленькіх партыяў АДС, ператворыцца ў масавую партыю, лідэра шырокага народнага руху. Віктар Івашкевіч таксама сказаў:
Івашкевіч: Галоўнае пытаньне – ці здолее БНФ рэальна бараніць незалежнасьць Беларусі. 13 сьнежня ў Менск прыяжджае расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Яго задача – выкруціць рукі Лукашэнку пры дапамозе эканамічнага шантажу і прымусіць яго падпісаць Саюзную дамову. Рэальнае жыцьцё не дае нам часу на доўгія зборы. Мы павінны выступаць ужо зараз. І таму я заклікаю ўсіх сябраў БНФ, усіх прыхільнікаў свабоды і эўрапейскага выбару выйсьці 12 сьнежня ў 18 гадзін на Кастрычніцкую плошчу, трымаючы ў руках бел-чырвона-белы і эўрапейскі сьцягі і лёзунгі “За незалежную Беларусь!” і “Не – саюзнай дамове!”