Як у Менску камэнтуюць пакараньне Садама Хусэйна?

Алесь Дашчынскі, Менск Былы прэзыдэнт Іраку Садам Хусэйн пакараны праз павешаньне па прыгавору суда за генацыд і злачынствы супраць чалавечнасьці. Як камэнтуюць гэтую падзею ў Менску?
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч заявіў пра сваю салідарнасьць з эўрапейскімі палітыкамі, якія выступалі супраць сьмяротнага пакараньня Садама Хусэйна.

(Гайдукевіч: ) “Гэта нецывілізавана, нейкае сярэднявечча. Гэта ня ёсьць рухам наперад. Тры гады таму я казаў, што амэрыканскія войскі, кааліцыя ўвойдуць у Ірак, але праз тры-чатыры гады яны адтуль з ганьбай выйдуць. І цяпер ёсьць прэцэдэнт, ёсьць сымбаль. І цяпер сотні тысяч людзей пойдуць на сьмерць і на сьвяшчэнную барацьбу супраць войскаў кааліцыі і ЗША. Я вельмі глыбока ведаю мусульманскі сьвет, і гэта будзе адназначна. Абсалютна непрадумана, нецывілізавана, беспэрспэктыўна”.

Былы старшыня Савету рэспублікі Аляксандар Вайтовіч адрэагаваў на пакараньне Садама Хусэйна коратка:

(Вайтовіч: ) “Незайздросны лёс кожнага дыктатара. Вось і ўсё”.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў:

(Лябедзька: ) “Я з павагай стаўлюся да такой інстытуцыі як суд, які незалежны і дзейнічае адпаведна ўнутранаму заканадаўству і выносіць рашэньні сыходзячы з права, а не па тэлефонным званку з нейкага кабінэту. Калі ўсё гэта было вытрымана, то мы павінны прымаць усё гэта як факт. Імкненьне да таго, каб Эўропа была зонай, дзе няма сьмяротнага пакараньня — гэта адпавядае нашым прынцыпам.

Але, калі казаць пра гэты рэгіён, ягоную спэцыфіку і гісторыю, то мы ўспрымаем гэта проста як факт. Без эмоцый. Можа, у нейкім кантэксьце гэта будзе званочкам для тых аўтарытарных дзеячаў, правіцеляў, што колькі вяровачцы ні віцца, усё роўна будзе канец. Можа, гэта зьмякчыць некаторыя рэжымы на тым жа азіяцкім, афрыканскім кантынэнце і ў некаторых краінах, якія як азонавыя дзіркі на эўрапейскім кантынэнце”.

Актывіст БСДП (Грамада) Аляксей Кароль наагул не ўхваляе прымяненьне сьмяротнага пакараньня і кажа пра неадназначную рэакцыю.

(Кароль: ) “З другога боку — гэта заканамерны фінал усіх дыктатараў. Асабліва дыктатараў-фюрэраў, правадыроў таталітарных рэжымаў. І паказальная рэакцыя народа, якім яны кіравалі — ад пакланеньня да жаданьня выканаць гэты прысуд.

Прыхільнікі Садама могуць абвастрыць сытуацыю, ствараць легіёны, ствараць супраціў. З другога боку, гэта і папярэджаньне ўсім астатнім таталітарным кіраўнікам ці кіраўнікам дыктатарскага складу.

Гэта пакараньне адпаведнае, бо тысячы загубленых жыцьцяў. Злачынства супраць чалавечнасьці ёсьць. І ў гэтым сэнсе адэкватнае пакараньне”.