Расейская нафта для Беларусі падаражэе на 180 даляраў за тону

Радыё Свабода Новы кошт расейскай нафты для Беларусі можа прывесьці да спыненьня беларускіх перапрацоўчых заводаў, прызнаў першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. Каб пазьбегчы крызісу, Менск прапанаваў Маскве кампрамісны варыянт падзелу мытаў за экспарт зь Беларусі сьветлых нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай сыравіны.
Рашэньне расейскага ўраду пра ўвядзеньне з 1 студзеня экспартнага мыта на нафту, якая прадаецца ў Беларусь, можа адбіцца на беларускай эканоміцы ня менш балюча, чым падвышэньне цэнаў на газ. Кожная тона расейскай нафты, якая экспартуецца ў Беларусь, аўтаматычна падаражэе на 180 даляраў.

Ужо ў студзені за тону нафты давядзецца плаціць 405 даляраў, прызнаў першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. Паводле незалежных ацэнак, кошт нафты вырасьце да 450 даляраў. “Такое ўражаньне, што Расея хоча спыніць нашы НПЗ, гэта ціск на Беларусь”, — заявіў Сямашка. Паводле ягоных словаў, мыты на пастаўку расейскай нафты разбураюць саюзную дзяржаву й яе асноўныя прынцыпы.

Аднак Уладзімер Сямашка мяркуе, што яшчэ ня ўсё страчана: беларускі ўрад накіраваў у Маскву праект новага пагадненьня аб падзеле мытаў ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых у Беларусі з расейскай сыравіны. Менск прапануе падзяліць мыты пароўну паміж беларускімі й расейскім бюджэтамі.

Расейскі ўрад абяцаў разгледзець гэтыя прапановы да 17 студзеня.

Пакуль што працягваюцца перамовы аб пастаўках расейскай нафты ў Беларусь у 2007 годзе, паведаміў прадстаўнік “Белнафтахіму” Віктар Азараў:

(Азараў: ) “Працуем над пытаньнямі з расейскімі кампаніямі, пытаньні вырашаюцца. Як закончацца перамовы, то, калі кіраўніцтва канцэрну палічыць патрэбным, мы дамо інфармацыю ў прэсу. У працэсе перамоваў мы камэнтароў не даем”.

На думку аглядальніцы газэты “Белорусы и рынок” Тацяны Манёнак, новыя мыты на расейскую нафту робяць нявыгадным яе экспарт у Беларусь для перапродажу нафтапрадуктаў на Захад, ад чаго беларускі бюджэт меў вялікую выгаду. Тым ня меней вялікія кампаніі — “Лукойл”, “Сургутнефтегаз” — будуць імкнуцца захаваць сваю прысутнасьць на беларускім рынку, чаго ня скажаш пра меншыя фірмы.

Менскі эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што беларускія ўлады вымушаныя прапанаваць Расеі сур’ёзныя саступкі, і прагназуе, што рашэньне можа быць ухваленае Масквою ў комплексе з газавым пагадненьнем.

(Злотнікаў: ) “У Расеі няма такіх надзейных спосабаў спыніць спажываньне ў Беларусі таго газу, які будзе перапампоўвацца на Захад. Таму ўжываецца іншы вагар ціску на Беларусь — нафтавы. Ім можна больш надзейна ціснуць”.

Паводле Злотнікава, пакуль ня будзе дамоўленасьці ў газавым пытаньні, Расея ня пойдзе на саступкі ў нафтавым. Але ў любым выпадку разьлічваць на ранейшыя аб’ёмы расейскай нафты Менску не даводзіцца, бо ў cамой Расеі расьце спажываньне нафты.

Паводле ацэнак беларускіх эканамістаў, страты бюджэту Беларусі ад увядзеньня мыта на пастаўкі расейскай нафты складуць каля 3 мільярдаў даляраў.