Намесьнік старшыні АГП У.Чырвоненка ня зможа ўдзельнічаць у выбарах

Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня Гарадзенскі абласны суд не задаволіў апэляцыі намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Чырвоненкі й яшчэ двух грамадзкіх актывістаў. Іх не зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты на мясцовых выбарах. Суд пакінуў рашэньне выбаркаму бязь зьменаў.
Уладзімер Чырвоненка жыве ў Горадні на тэрыторыі акругі, дзе зьбіраўся балятавацца, а прапісаны ў інтэрнаце на суседняй вуліцы. Каб быць зарэгістраваным кандыдатам у дэпутаты, трэба мець прапіску ці працаваць на тэрыторыі савету (прычым арганізацыя павінна задавальняць пэўныя патрэбы грамадзянаў гэтай тэрыторыі).

Аднак у выбарчай камісіі вырашылі, што ён не жыве, дзе прапісаны, і ў горадзе не працуе, хаця зьяўляецца намесьнікам старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая мае ў Горадні прадстаўніцтва. Пасьля разгляду сваёй скаргі ў абласным судзе Ўладзімер Чырвоненка сказаў:

(Чырвоненка: ) “Больш за ўсё мяне зьдзівіла, што і прадстаўніца выбарчай камісіі і судзьдзя ня ведаюць, дзеля чаго існуюць партыі. Для іх было вялікім зьдзіўленьнем пачуць, што партыі скіраваныя на выказваньне інтарэсаў грамадзянаў. І яны палічылі беспадстаўным маё сьцьверджаньне, што працуючы ў сваёй партыі я выказваю інтарэсы грамадзянаў”.

Разглядала скаргу Ўладзімера Чырвоненкі судзьдзя Ларыса Палякова.

Сёньня ж Гарадзенскі абласны суд адмовіўся задаволіць апэляцыйныя скаргі прадстаўнікоў Беларускага Хэльсынскага камітэту Рамана Юргеля і Сьвятланы Руткоўскай, якія таксама меліся ўдзельнічаць у мясцовых выбарах.