“Канец цытаты”: калекцыя году

Юры Дракахруст, Прага Панарама 2006 году – у цытатах герояў і ўдзельнікаў перадачаў “Свабоды”. Словы знамянальныя, сьмешныя і жахлівыя – на сайце “Свабоды”.
СТУДЗЕНЬ

"Паводле рэпартажаў тэлебачаньня Пуцін граў ролю кіраўніка "Газпрому", а не прэзыдэнта Расеі, як бізнэсмэн, маленькі і круты бізнэсмэн з Пецярбургу".

Раман Купчынскі, аналітык Свабоды – аб расейска-украінскім газавым канфлікце.

“І як толькі будуць уведзены рэальныя цэны, Беларусь стане на калені”.

Аляксандар Мілінкевіч, кандыдат на прэзыдэнта– аб цэнах на газ.

“Перакармліваць выбарніка выбарчай тэматыкай загадзя абсалютна ня мае сэнсу. Яны могуць стаміцца ад гэтага”.

Лідзія Яромошына, старшыня Цэнтарвыбаркаму.

“Збор подпісаў – гэта ня збор мэталялому ці макулятуры”.

Сяргей Гайдукевіч, старшыня ЛДП, кандыдат на прэзыдэнта.

"Лепш бы нам такіх прэміяў не атрымліваць".

Алесь Бяляцкі, праваабаронца – пры атрыманьні прэміі Сахарава Нарвэскага Хэльсынскага камітэту.

"Прынятае катэгарычнае рашэньне не здаваць сабраныя подпісы ў ЦВК. У гэтай сытуацыі, калі маёй групе наладзілі міліцэйскі перасьлед і мяне ня будуць рэгістраваць па палітычных прычынах, мы ня можам аддаваць адрасы і пашпартныя дадзеныя маіх прыхільнікаў у лапы гэтых марыянэтак, каб людзей потым перасьледавалі ці выганялі з працы".

Зянон Пазьняк, кандыдат на прэзыдэнта – падчас онлайну на "Свабодзе".

"Тут таварыш Мілінкевіч можа сядзець, нават не паважаючы ўласную краіну і Расею. Ён прамаўляў тут на францускай мове".

Уладзімір Жырыноўскі, віцэ-сьпікер Дзярждумы Расеі – аб выступе А. Мілінкевіча ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

"Я ўжо каля двух месяцаў у Беларусі, крыху езьдзіла па вёсках, па невялікіх гарадох, днямі вярнулася з Магілёву. Вось мы сядзім у Магілёве ў залі, чалавек 100, і на сьцяне вісіць партрэт Мілінкевіча".

Сьвятлана Алексіевіч, пісьменьніца – у перадачы "Свабоды" "Праскі акцэнт".

ЛЮТЫ

"Расея будзе адмоўна рэагаваць у выпадку нейкіх грамадзкіх непарадкаў у Беларусі, падобных да тых, што адбыліся ў іншых краінах СНД. ...Мы мусім зрабіць усё, каб гэтага не было”.

Сяргей Іваноў, міністар абароны Расеі – з выступу на канфэрэнцыі па пытаньнях міжнароднай бясьпекі ў Мюнхэне.

“Я лічу памылковым, што мы ўжо пайшлі рознымі калёнамі, і яшчэ зьбіраемся на першы тур, а я ведаю, што другога не будзе. Нашая прапанова канкрэтная і жорсткая: калі да 15-га ня будзе адказу па крытэрах (мы свае прапанавалі, слухаем іх крытэры) і ня будзе рашэньня, то пасьля гэтыя перамовы ўжо не маюць сэнсу”.

Аляксандар Мілінкевіч – аб перамовах з Аляксандрам Казуліным.

“Па сілах – у нас сіл болей, па подпісах – у нас подпісаў больш, дык хай да нас далучаюцца – якія праблемы? Мы ім прапануем далучыцца да нас. Яны нам скажуць: нас Эўропа падтрымлівае, ну добра, можа, нас хто іншы падтрымлівае”.

Аляксандар Казулін – аб перамовах з Аляксандрам Мілінкевічам.

“Я ўпэўнены, што старая ўлада аддалілася ад народу і няўмольна вядзе краіну да крызісу... За ўсе 12 гадоў мы першую лэдзі так і не пабачылі, дый не сакрэт для многіх, што цяперашні кіраўнік дзяржавы жыве зь іншай жанчынай, мае ад яе сына – падарунак да свайго 50-годзьдзя. Ды і пра грамадзянскую цёшчу, былога міністра аховы здароўя размоваў шмат. Ды Бог ім судзьдзя”.

З тэлевыступу кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна.

“Наша задача вельмі простая – не стабільнасьць застою, а стабільнасьць разьвіцьця. Я сьмела магу сказаць, што мая праграма – гэта народная праграма прыхільнікаў пераменаў, а іх у краіне большасьць... Дэмакратычная кааліцыя катэгарычна супраць рэвалюцыяў. Мы патрабуем, каб выбары прайшлі сумленна і па законе. Калі перамогу ў нас зноў скрадуць, калі будуць падманы на выбарчых участках, а пра гэта стане вядома ў той жа дзень, я ўпэўнены, што людзі выйдуць на вуліцу абараняць сваю годнасьць”.

З тэлевыступу кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча.

САКАВІК

“Зьяўленьне крыві і ахвяраў разьвязвае рукі арганізатарам акцыі пратэсту, пасьля чаго пачынаецца захоп будынкаў органаў улады, вакзалаў, перагароджваюцца чыгуначныя каляіны з мэтай поўнага спыненьня функцыянаваньня краіны”.

Сцяпан Сухарэнка, старшыня КДБ – аб змове апазыцыі па захопу улады.

“Казулін мяне абразіў, і я пагаварыў зь ім па-мужчынску”.

Дзьмітры Паўлічэнка, палкоўнік, кіраўнік СОБР МУС – аб зьбіцьці А. Казуліна, які спрабаваў прайсьці на ўсебеларускі сход.

“Мая задача, як марскога пехацінца, захапіць пляцдарм. Па законах ваеннага часу марскому пехацінцу даецца толькі 8 гадзінаў на выжываньне. І таму я ведаю, што я – сьмертнік, але мне гэтых васьмі гадзінаў (маецца на ўвазе ў дадзенай сытуацыі выбарчай кампаніі) хопіць, каб захапіць гэты пляцдарм і падрыхтаваць да наступу асноўныя сілы. А асноўныя сілы – гэта вы, народ”.

Аляксандар Казулін, кандыдат на прэзыдэнта - з выступу перад выбаршчыкамі.

"Казулін - гэта прадстаўнік найбольш карумпаванага слою нашага насельніцтва, ён невялікі, і крымінальнага сьвету. Вось хто яго сёньня штурхае... Мілінкевіч – гэта прадстаўнік нават не нацыяналістычнага крыла, гэта проста нейкія фашыстуючыя нацмены".

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі, кандыдат на прэзыдэнта.

"Ужо тры гадзіны плошча поўная народу. Апошні раз такую колькасьць людзей, такую колькасьць бел-чырвона-белых сьцягоў менскія вуліцы бачылі толькі на разьвітаньні з Васілём Быкавым... Сёньня дух Быкава на плошчы".

Аляксандар Лукашук, дырэктар беларускай "Свабоды" – з репартажу з Кастрычніцкай плошчы 19 сакавіка.

“Пачалі дэманстраваць фатаздымкі на дысплэі тэлефона – там былі целы забітых. Яны казалі: “Вось мы такое ўчынілі людзям... Бачыце, куды вы трапілі, што з вамі будзе? Гэта – наша ранейшая работа”.

Аляксандар Квіткевіч, моладзевы актывіст – пра абставіны яго затрыманьня падчас разгрому намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы.

"Толькі што байцы пад камандаваньнем палкоўніка Дзьмітрыя Паўлічэнкі пайшлі ў атаку. Яны пачалі зьбіваць людзей. Яны б''юць іх дубінкамі, накідваюцца па 6 чалавек на аднаго, зьбіваюць дзяцей. Пачалі ўзрываць. Толькі што разьбілі чалавеку галаву ў мяне на вачах. Яны апранутыя ў чорнае, у іх адгазьнікі.

Яны пачалі выстрэльваць – я ня ведаю што гэта – вялізарны выбух, дым, зьбіваюць усіх, хто трапляе пад руку. (Гук выбуху.) Вы чуеце? Гэта нейкія гранаты. Спачатку яны страляюць, потым нешта сьвеціцца – дым страляніна. Шмат зьбітых. Вы чуеце гэта?”

Любоў Лунёва, карэспандэнтка “Свабоды” – з рэпартажу аб шэсьці на Акрэсьціна 25 сакавіка.

"Я лічу паход на Акрэсьціна правакацыяй, выгоднай уладзе”.

Аляксандар Мілінкевіч – пра шэсьце 25 сакавіка, арганізаванае Аляксандрам Казуліным.

"Думкі нашай нацыі з тымі, хто быў затрыманы і кінуты ў турмы ў Беларусі".

Джордж Буш, прэзыдэнт ЗША – пасьля разгону маніфэстацыі ў Менску падчас дня Волі.

КРАСАВІК

"На вуліцы і плошчы Менска выйшаў не народ, а нацыя, ці, прынамсі, тыя людзі, што пачынаюць сябе адчуваць нацыянальным чалавекам. А міліцыя была з народам, і таму біла гэтых "чужаніцаў", і біла найперш таму, што беларускі народ быў за Аляксандра Лукашэнку, а гэтыя выступалі супраць яго".

Валянцін Акудовіч, філёзаф – пра падзеі на Кастрычніцкай плошчы 19-23 сакавіка.

“Дзіўна, што ёсьць жадаючыя прынізіць нашу краіну, гэты астравок стабільнасьці, і пераўтварыць яго ў чарговы палігон каляровых узрушэньняў. Вядомыя краіны пад выглядам нібыта дэмакратычных каштоўнасьцяў спрабуюць экспартаваць у нашую краіну замежныя тэхналёгіі разбурэньня”.

Аляксандар Лукашэнка – з інаўгурацыйнай прамовы.

“Калі ён пазваніў у дзьверы і, калі я яго ўбачыла, тады я даведалася, што ўсё добра. Гэта было аб 11-й гадзіне ночы. Па сутнасьці, нам ніхто ніякай інфармацыі не даваў – у міліцыі няма, машына на штрафстаянцы, у сьледчым ізалятары КДБ няма… Дзе ён быў, мы ня ведалі. Думкі былі розныя. Мне нават цяпер ня хочацца ўспамінаць тыя думкі, што ў мяне круціліся ў галаве. Нічога добрага я ў гэтай сытуацыі не чакала. У мяне кожны вечар, кожны дзень так сканчаецца. Дзякуй Богу, гэты дзень прайшоў, і прайшоў нармальна”.

Сьвятлана Лябедзька – аб выкраданьні і затрыманьні яе мужа Анатоля ў дзень Чарнобыльскага шляху”.

ТРАВЕНЬ

“Аб''яднаная апазыцыя здрадзіла плошчы Каліноўскага”.

Вячаслаў Сіўчык, палітык – падчас онлайну на "Свабодзе".

"Беларусы больш падобныя да сельскай часткі расійскага насельніцтва".

Аляксандар Сурыкаў, пасол Расеі ў Беларусі – у інтэрвію "Комсомольской правде" в Белоруссии".

“Гэта — не апазыцыя, гэта — адмарозкі. Які можа быць дыялёг, калі яны заклікаюць да ўвядзеньня эканамічных санкцыяў супраць беларускага народу?”

“Кітай зьяўляецца галоўным прыярытэтам зьнешняй палітыкі Беларусі”.

З выступу Аляксандра Лукашэнкі ў дзень прадстаўленьня Нацыянальнага сходу штогадовага пасланьня.

“ЗША хочуць толькі выкананьня правоў грамадзянаў Беларусі, не патрабуючы даць нам газ, нафту, трубы, 50% “Белтрансгазу ці іншыя прывілеі ў эканоміцы”.

Джордж Крол, пасол ЗША ў Беларусі – у інтэрвію "Інтэрфаксу".

ЧЭРВЕНЬ

“Тое, што я ведаю пра савецкіх кіраўнікоў, пачынаючы ад Леніна, Сталіна і да цяперашніх кіраўнікоў, сёньня мана дасягае да 100 працэнтаў... Нам навязваюць, каб мы забыліся ўсё вялікае, тое, што зрабілі гэтыя людзі, а гэта ж – сымбалі нашага народа”.

Аляксандар Лукашэнка – падчас адкрыцьця новага будынку Нацыянальнай бібліятэкі.

“Я мала таго, што бедная, дык яшчэ крыштальна сумленная”.

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтарвыбаркаму.

ЛІПЕНЬ

“Я паводжу сябе як трэба, а вы невінаватага чалавека засудзілі. Вы кат, які выконвае загады. Ганьба катам, ганьба Лукашэнку, ганьба сыстэме!”

Аляксандар Казулін – падчас абвяшчэньня прысуду над ім, калі ён адмовіўся слухаць прысуд стоячы і судзьдзя Аляксей Рыбакоў зрабіў яму заўвагу.

“Я ні ў чым не вінаваты, мяне кінулі за краты, каб пазбавіць магчымасьці балятавацца на прэзыдэнта на выбарах 2011 году”.

Аляксандар Казулін – пасьля абвяшчэньня прысуду над ім.

“Івана Антонавіча нам будзе не хапаць. Але як быў ён прыкметнаю асобай у нашым беларускім жыцьці, так ён і застанецца такой асобай, на якую мы доўга будзем азірацца, якой будзем ганарыцца, з кім будзем раіцца. Гэта ўжо цяпер – назаўсёды!”

Генадзь Бураўкін, паэт – на паніхідзе па Янку Брылю.

ЖНІВЕНЬ

"Уладзе хочацца аблаяць менавіта тое, што працуе, што разбурае страх у людзях. Канечне, такую тэму ўладам вельмі хочацца паліць брудам. І будуць паліваць".

Іна Кулей, Камітэт у абарону рэпрэсаваных “Салідарнасьць” – у адказ на абвінавачваньні БТ на адрас камітэту у несправядлівым разьмеркаваньні дапамогі й карупцыі.

“Усім, апроч Астрэйкі, магу глыбока паспачуваць. Калі б я сваім часам падала на гэтага маладога чалавека ў суд за паклёп, то, можа быць, і не было б далейшага разьвіцьця падзеяў, калі ён чужымі рукамі ствараў арганізацыю ў справе незалежнага назіраньня".

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава – камэнтар для "Свабоды" наконт прысуду актівістам незарэгістраванай арганізацыі "Партнэрства" Аляксандру Шалайку, Эніры Браніцкай, Цімафею Дранчуку і Міколу Астрэйку.

“Я думаю, што любая жанчына мяне падтрымае, якая была самотная, якая перажыла нейкія страты ў жыцьці".

Сьвятлана Завадзкая, удава зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага – аб сваім новым шлюбе.

“Для мяне гэта нічога ня значыць. Не хвалююся я ні за сувэрэнітэт, ні за нешта іншае… Няхай за гэта Бацька хвалюецца!”

Адказ адной мянчанкі на пытаньне Радыё Свабода “Што для Вас азначае сувэрэнітэт Беларусі?”

ВЕРАСЕНЬ

“Вы ведаеце, я лічу, што тут у мяне някепская праца, таму мне на Захадзе няма чаго рабіць. Я працую ў сфэры рытуальных паслугаў, таму работы хапае”.

Гарадзенец – у адказ па пытаньне Радыё Свабода “Ці хацелі б Вы паехаць працаваць за мяжу?”

“Творчыя людзі ў пагоні за ўсясьветнай славай маці роднай не пашкадуюць – ня тое, што Бацьку”.

Дэпутат Дзярждумы Расеі Аляксей Мітрафанаў – пра Аляксандра Валава, прадусара эратычнай кінастужкі пра Аляксандра Лукашэнку “Бацькава шчасьце”.

“Калі ўспомнім, што 29 кастрычніка 1937 году адным махам расстралялі 24 беларускіх пісьменьнікаў, то сёньняшнія падзеі сьведчаць: чалавецтва ўсё ж ідзе наперад, і пакуль яшчэ да гэтага не дайшло – пісьменьнікаў не расстрэльваюць”.

Лявон Баршчэўскі , пісьменьнік – падчас канчатковага высяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з Дому літаратара.

“Цікавым, я думаю, будзе для многіх кодэкс гонару афіцэра, напісаны Адольфам Гітлерам. Пры ўсёй адыёзнасьці гэтай асобы над многімі пастулятамі ёсьць сэнс задумацца”.

Юры Сівакоў, былы міністар унутраных справаў – у артыкуле ў часопісе "Спэцназ".

“Канешне, менавіта гэты сюжэт ня мае да дэмаграфічнай сытуацыі наўпроставых адносінаў, але любы бум нараджальнасьці грунтуецца на сэксуальнай рэвалюцыі”.

Аляксандар Зімоўскі, старшыня Белтэлерадыёкампаніі – аб здымках гомасэксуальнага акту з удзелам латвійскага дыплямата, паказаных па БТ.

"Калі, як гэта было заўсёды ў гісторыі, груба кажучы, танкі пойдуць адтуль на Расею, мы паміраць тут будзем за Расею. І наш народ павінен быць да гэтага гатовы. Назавіце хоць адну дзяржаву, якая б так адкрыта заявіла, што мы будзем паміраць за Расею".

"Павелічэньне да такіх памераў кошту на газ — гэта адназначна разрыў усіх дачыненьняў. У эканоміцы — дык гэта дакладна".

“Я не хачу быць першым і апошнім прэзыдэнтам Беларусі”.

З прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі для расейскіх рэгіянальных СМІ.

"Мне тут добра. Я не хачу вяртацца ў інтэрнат. Я хачу застацца ў маіх мамы і таты".

Зь відэазапісу беларускай дзяўчынкі Вікі Мароз, якую беларускія ўлады патрабавалі вярнуць зь Італіі ў Вілейскі інтэрнат.

КАСТРЫЧНІК

"Гэты лідэр павінен атрымаць шырокія паўнамоцтвы, а палітычныя партыі павінны спыніць унутрыпартыйныя разборкі і публічна заявіць аб тым, што цалкам падпарадкуюцца рашэньням гэтага лідэра і яго штаба".

Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Палітычнай рады дэмакратычных сілаў– аб сваім бачаньні ролі лідэра ў апазыцыі.

"Так можна зрабіць люстэркавы адбітак беларускай вэртыкалі, дзе ёсьць кіраўнік і астатнія, хто пад ім. Гэта добра – загнаць усіх пад аднаго лідэра, але ў Беларусі няма кандыдата на гэтую пасаду, няма лідэра з аўтарытэтам Гаўла ці падтрымкай Пуціна".

Анатоль Лябедзька, старшыня АГП – аб прапанове Мілінкевіча.

"Каб замірэньне ў Лібане было пасьпяховым і каб міратворцы маглі ажыцьцявіць сваю місію ў Судане, неабходна заняцца Беларусьсю як асноўным дастаўцам зброі для гэтых канфліктаў".

Марк Дуглас, аўтар артыкулу “Спыніць беларускі гандаль зброяй”, апублікаванага ў “International Herald Tribune”.

“Добра, што мы тут такія бабулькі сабраліся такога ўзросту, бо сярод нас ня можа быць ні наркотыкаў, ні алкаголю. Гэтага ўжо нам ну ніяк не прыпішуць, як прыпісалі тым, хто быў на плошчы”.

Кацярына – верніца царквы "Новае жыцьцё", удзельніца галадоўкі пратэстантаў.

"Некаторыя рэчы нас турбуюць, мы глядзім на аб’ёмы сырой нафты, якія паступаюць на беларускія НПЗ, глядзім на патрэбнасьці самой рэспублікі і на тое, колькі нафтапрадуктаў пастаўляецца потым за мяжу... Калі нам ня ўдасца дасягнуць дамоўленасьцяў, то нам прыйдзецца ўводзіць нейкія абмежаваньні”.

Уладзімір Пуцін, прэзыдэнт Расеі - падчас "наўпроставай лініі" з расейскімі грамадзянамі.

ЛІСТАПАД

“У немцаў раней былі закрытыя, сакрэтныя працэсы... Мільёны людзей былі забітыя паводле пастановаў сакрэтных трыбуналаў… Мы спрабуем зразумець, чаму закрытыя працэсы адбываюцца цяпер у Беларусі? Чаму тут ня вывучылі ўрокаў сталінізму і тэрарыстычных працэсаў, якія былі ў Нямеччыне?”

Марцін Гэкэр, пасол Нямеччыны ў Беларусі – пра суд над Зьмітром Дашкевічам.

"Сёньня мы ўсе палякі".

Андрэй Дынько, галоўны рэдактар газэты "Наша Ніва" – у артыкуле пра перасьлед актывістаў Саюзу Палякаў у Беларусі.

"Мы нікому не перашкаджаем працаваць у Беларусі, але жадаем, каб да нас зь мячом больш не прыходзілі".

Аляксандар Лукашэнка – пра магчымасьць адкрыцьця ў Беларусі прадстаўніцтва Эўракамісіі.

“Гэта будзе вельмі цяжкі год, будзе катастрафічна цяжка”.

З заяваў Аляксандра Лукашэнкі на ўрадавай нарадзе.

“Так, мы сфальшавалі мінулыя прэзыдэнцкія выбары. Я ўжо заходнікам гэта сказаў. За прэзыдэнта Лукашэнку прагаласавала 93,5 адсотка выбарцаў. Але гавораць, што гэта не эўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86. Гэта праўда было. І калі пачаць пералічваць бюлетэні, я ня ведаю, што зь імі рабіць увогуле. Эўрапейцы да выбараў кажуць, што калі будуць эўрапейскія паказчыкі, то мы іх прызнаем. Мы пастараліся, але таксама ня выйшла. Паабяцалі, што калі будуць эўрапейскія, то ўсё будзе нармальна. Але ўсё роўна ненармальна”.

“Калі чалавек ня ўмее пісаць і гаварыць па-беларуску – ён не беларус”.

З выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі падчас прэсавай канфэрэнцыі для ўкраінскіх журналістаў.

“Побач, празь мяжу, знаходзіцца Беларусь – месца, дзе мірных дэманстрантаў б’юць, а апазыцыйныя лідэры “зьнікаюць” пры дапамозе агентаў жорсткага рэжыму. Існаваньне такога дыктату сярод нас абражае сумленьне Эўропы і сумленьне Амэрыкі. Мы гаворым народу Беларусі: нашае бачаньне адзінай, свабоднай і мірнай Эўропы ўключае і вас, і мы стаім побач з вамі ў вашай барацьбе за свабоду”.

Джордж Буш, прэзыдэнт ЗША – з выступу ў Латвійскім ўнівэрсытэце падчас саміту НАТА ў Рызе.

“СНД нікому не перашкаджае”.

Нурсултан Назарбаеў, прэзыдэнт Казахстану – на прэсавай канфэрэнцыі па выніках менскага саміту СНД.

СЬНЕЖАНЬ

“Магчыма, гэтая драбніца і вызначыць рэальную цану ўсяго аднаго чалавечага жыцьця”.

Аляксандар Казулін, вязень – у лісьце да дэмакратычных урадаў Эўропы і сьвету, у якім ён просіць, каб “хаця б адна з краін “вялікай васьмёркі” праявіла цьвёрды намер унесьці на разгляд Рады бясьпекі ААН пытаньне аб Беларусі".

"Я хацела б сказаць Аляксандру Ўладзіслававічу – ня трэба адчайвацца. Ягоны крок прадыктаваны адчаем, што нельга зламаць гэты мур, што людзі маўчаць, што ў той час, калі Вы гінеце, яны робяць рамонт, будуюць дамы, купляюць новую машыну... Ня трэба сьмерцю акупляць новыя ідэі. Толькі жыцьцём. Вяртайцеся да жыцьця! Адчай нам не памочнік".

Сьвятлана Алексіевіч, пісьменьніца – у перадачы “Праскі акцэнт”.

"Эўракамісія рэкамэндавала прыпыніць гандлёвыя льготы для Беларусі. Я лічу, што дадзенае рашэньне зьяўляецца нашым сумесным абавязкам у справе абароны правоў рабочых".

Пітэр Мандэльсон, камісар Эўразьвязу ў справах гандлю – са звароту да сталых прадстаўнікоў краінаў–сябраў Зьвязу з просьбай прагаласаваць за выключэньне Беларусі з генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў.

"Тры месяцы назад я лічыў гэта галоўнай падзеяй у сваім жыцьці. Але цяпер, калі Кім Чэн Ір выпрабаваў нейкую дробненькую ядзерную бомбу, дык я лічу галоўным у сваім жыцьці тое, што я зрабіў усё, каб без усялякіх перадумоў з тэрыторыі Беларусі была выведзеная ядзерная зброя. А гэта стала магчыма дзякуючы Віскулям, дарэчы. І вось гэта я лічу галоўным, бо ўявіце, што сёньня Беларусь была б ядзернай дзяржавай. Пры такім няпростым яе кіраўніцтве, якое не ўсьведамляе адказнасьці за стабільнасьць у Эўропе”.

Станіслаў Шушкевіч, былы старшыня Вярхоўнага Савету – пра падпісаньне Белавескіх пагадненьняў аб спыненьні існаваньня СССР і стварэньні СНД.

“Гэта так цудоўна — адчуваць, як у тваё цела вяртаецца жыцьцё”.

Аляксандар Казулін, былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі, вязень папраўчай калёніі “Віцьба” – пасьля прыпыненьня галадоўкі, у размове з жонкай Ірынай.

“ЗША не прызна́юць вынікаў любога магчымага рэфэрэндуму, які паставіць пад пагрозу незалежнасьць Беларусі”.

З тэксту закону ЗША “Акт аб дэмакратыі для Беларусі”, дзеяньне якога працягнута яшчэ на 2 гады.

"Гэта прэмія і Аляксандра Казуліна , таксама як і Зьмітра Дашкевіча, і Паўла Севярынца, і Міколы Статкевіча, і Андрэя Клімава ды ўсіх іншых палітвязьняў у маёй краіне. Гэтая прэмія – знак неабыякавасьці Эўропы да сытуацыі ў Беларусі. Гэтая прэмія – прыклад маральнай палітыкі. Гэтая прэмія – сымбаль прызнаньня эўрапейскай будучыні Беларусі".

Аляксандар Мілінкевіч, былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі, старшыня Палітычнай рады аб''яднанай апазыцыі – з прамовы пры атрыманьні прэміі Эўрапарлямэнту імя Андрэя Сахарава.

“У выніку нашых цяжкіх і працяглых перамоваў мы быццам бы знайшлі, як тут правільна сказаць, знайшлі тую нітку, за якую зможам учапіцца. Я думаю, што найбліжэйшым часам мы зможам зьняць вельмі многія пытаньні, якія сталі цяжкімі для нас, — не хваравітымі, а цяжкімі”.

Аляксандар Лукашэнка – аб выніках перамоваў з Уладзімірам Пуціным.

“Злучаныя Штаты выказваюць сваю занепакоенасьць пазыцыяй Расеі ў справе фармаваньня коштаў на энэрганосьбіты для Беларусі... ніводная краіна не павінна выкарыстоўваць энэргетыку як зброю”.

Шон Маккормак, афіцыйны прадстаўнік дзярждэпартамэнту ЗША.

“Набярыся, Кастусь, трываньня. Апроч Нобэлеўскай прэміі беларусы яшчэ шмат чаго не атрымалі”.

Уладзімер Някляеў, пісьменьнік – падчас онлайн канфэрэнцыі на "Свабодзе".