Сёньня выйшаў на волю Андрэй Клімаў (фота)

Радыё Свабода Пасьля паўтарагадовага тэрміну на “хіміі” выйшаў на волю дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, палітвязень Андрэй Клімаў. Сустракаць яго ў папраўчую ўстанову №22 блізу вёскі Баршчоўка Рэчыцкага раёну прыехалі жонка Тацяна й больш як дзясятак сяброў і знаёмых. З гэтай нагоды адкаркавалі нават шампанскае.
Першыя словы, якімі сустрэлі Андрэя Клімава, былі пра волю. Падняўшы келіх з шампанскім, сам Клімаў прамовіў:

(Клімаў: ) “Ну што я вам скажу: свабода — гэта самае лепшае, што ёсьць у часавека. Самае! Свабодны чалавек можа ўсё”.

Жонка Андрэя Клімава Тацяна кажа, што ня верыла, што мужа адпусьцяць вось так, безь перашкодаў:

(Тацяна: ) “Добра, што яго выпусьцілі без усялякіх там здарэньняў, бо я да апошняга моманту не спадзявалася на такі вынік справы”.

Абмежаваньнем волі на паўтара году Андрэя Клімава пакараў суд Цэнтральнага раёну Менску. Палітыка асудзілі за арганізацыю масавай акцыі пратэсту на Дзень Волі — 25 сакавіка 2005 году.

Спачатку Клімаў адбываў пакараньне на “хіміі” ў Крупках. Апошнія дзесяць месяцаў знаходзіўся ў папраўчай установе блізу вёскі Баршчоўка, што пад Рэчыцай.

Ці адчувае палітык, што ён сапраўды вольны?

(Клімаў: ) “Зэк адразу адчувае перамены. Гэта на першы погляд непрыкметна. Але ўнутранае адчуваньне свабоднага чалавека — яно ўжо зусім іншае. Наша несвабодная краіна выключна несвабодная з прычыны нашай віны, таму што мы не дамагаемся выкананьня сваіх правоў”.

На волі Андрэй Клімаў плянуе спачатку проста адпачыць:

(Клімаў: ) “У найбліжэйшы час я буду зь сям’ёй дома адпачываць. Я нічога не хачу рабіць, я стаміўся. Стаміўся змагацца з рэжымам, з апазыцыяй унутры апазыцыі, з паклёпнікамі й правакатарамі. У мяне ёсьць матэрыял на цэлыя тры кнігі. Магчыма, я іх злучу й напішу адну добрую”.

Аднак спадар Клімаў ня думае пакідаць палітыку:

(Клімаў: ) “Натуральна, я ж палітык”.

Напярэдадні Калядаў й Новага году Андрэй Клімаў пажадаў беларусам:

(Клімаў: ) “Пацярпіце, засталося восем дзён да таго моманту, як вы зможаце адчуць сябе паўнавартаснымі эўрапейцамі, вольнымі людзьмі. З новага году рэжым пачне разбурацца”.

Гэтак мяркуе палітык Андрэй Клімаў, які сёньня закончыў адбываць паўтарагадовае пакараньне абмежаваньнем волі.









(Фота: bymedia.net)