Апазыцыйных дэпутатаў не запрасілі на 10-годзьдзе Палаты прадстаўнікоў (абноўлены)

Радыё Свабода Сёньня ў Менску афіцыйныя ўлады адзначалі 10-годзьдзе Палаты прадстаўнікоў, якая была ўтвораная пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году. Праведзены са шматлікімі парушэньнямі плебісцыт і ягоныя вынікі не прызналі дэмакратычныя краіны сьвету. Многія зь іх і цяпер лічаць сёньняшні беларускі парлямэнт нелегітымным.
На ўрачыстасьці запрасілі сяброў Палаты ўсіх трох скліканьняў. Таму можна было пабачыць разам былога прэм’ера Вячаслава Кебіча, генэрала Ўладзімера Ягорава, амбасадара Беларусі ў Малдове Васіля Саковіча ды іншых.

Аднак сярод запрошаных не было актыўных дэпутатаў групы “Рэспубліка”, што існавала ў Палаце папярэдняга скліканьня, — Валер’я Фралова, Сяргея Скрабца, Уладзімера Парфяновіча. Генэрал Фралоў сказаў нашаму радыё, што ўчора яны ўтрох тэлефанавалі на самыя розныя нумары Палаты прадстаўнікоў, каб даведацца, чаму не атрымалі запрашэньняў.

(Фралоў: ) “Усё перакідвалі адзін на аднаго: маўляў, тэлефануйце таму, тэлефануйце гэтаму. А там высьвятляецца, што таго няма, другі некуды пайшоў. Карацей кажучы, хвілінаў праз сорак розных размоваў мы так і не зразумелі, чаму ж нас не запрасілі. Мне падаецца, што ня вельмі хацелі там бачыць нашы твары, паколькі, на погляд уладаў, мы паводзілі сябе там ня так, як патрэбна”.

Я пацікавіўся ў стваральніка апазыцыйнай дэпутацкай групы “Рэспубліка”: што тады перашкаджала эфэктыўней праявіць сябе? Валеры Фралоў гаворыць, што паслухмяныя дэпутаты блякавалі іх ініцыятывы:

(Фралоў: ) “Перашкаджалі тыя дэпутаты, якіх было значна больш за нас. І яны, так бы мовіць, душылі нас сваёю масай. І вельмі цяжка было нечага дамагчыся”.

Уладзімер Парфяновіч кажа, што ён зусім не засмучаны тым, што не атрымаў запрашэньня:

(Парфяновіч: ) “А навошта сумаваць? Калі не, дык не! Я заўжды так кажу. Гэта ня сьвята — ня тое сьвята, на якое хацелася б кульнуць кілішак”.

Усе тры былыя дэпутаты, якіх не запрасілі на паседжаньне, сказалі, што калі б можна было зноў працаваць у Палаце прадстаўнікоў, яны б ад сваіх поглядаў не адмовіліся б. Прынамсі, так кажа Ўладзімер Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) “Мае выказваньні й дзеяньні засталіся б тыя ж, што й тады”.