Цэнзура перашкаджае ліставаньню зьняволеных “маладафронтаўцаў”?

Алег Грузьдзіловіч, Менск Разгляд скаргі праваабаронцы Кацярыны Садоўскай у гарадзкім судзе адбудзецца безь яе ўдзелу? Чаму прыпынілася ліставаньне паміж актывістамі “Маладога фронту” Зьмітром Дашкевічам і Артурам Фінькевічам? Кропку ў справе Цімафея Дранчука паставяць 22-га сьнежня. У Пухавіцкім аддзеле КДБ па-ранейшаму не дазваляюць Мікалаю Статкевічу сустрэцца з хворым бацькам.
На 22 сьнежня прызначаны разгляд у Менскім гарадзкім судзе касацыйнай скаргі праваабаронцы Кацярыны Садоўскай, якую прызналі вінаватай у зьнявазе прэзыдэнта і пакаралі двума гадамі зьняволеньня. Той прысуд вынесла судзьдзя Жалткоўская зь Ленінскага раённага суду. Склад калегіі гарадзкіх судзьдзяў пакуль невядомы. Муж праваабаронцы Віктар Садоўскі не выключае, што на працэс ягоную жонку, якая ўжо знаходзіцца ў гомельскай жаночай калёніі, не прывязуць. Днямі Віктар атрымаў ад жонкі з калёніі ліст.

(Садоўскі: ) “Піша, што ўсе камэры перапоўненыя і новыя будуюць. Сядзяць там усякія жанчыны: і на калясках ляжачыя, і цяжарныя, і якія кормяць немаўлятаў. Карацей, па тэлевізару кажуць, што ўсё добра, усё чэсна, а тут палова сядзіць нізавошта”.

На гэтым тыдні Аляксандр Казулін спыніў галадоўку, якая працягвалася 52 дні. Пасьля сустрэчы палітыка з адвакатам высьветлілася, што адбывалася з Казуліным у апошнія дні ягонай галадоўкі. Аповед Казуліна перадае адвакат Рынкевіч.

(Рынкевіч: ) (цытуе Казуліна) “У апошнія дні адміністрацыя турмы зразумела, што, фактычна, я паміраў. Двойчы на дзень рабіўся мэдычны агляд, і дактары мяне папярэджвалі, што крытычная мяжа галадоўкі ўжо пройдзеная”.

15 сьнежня Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў прысуд лідэру “Маладога фронту” Зьмітру Дашкевічу, якога асудзілі на паўтара года зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Зьміцер Дашкевіч ужо знаходзіцца ў Шклоўскай калёніі. Яшчэ нядаўна зь ім актыўна ліставаўся калега па “Маладым фронце” Артур Фінькевіч, які адбывае “хімію” ў Магілёве. У сьнежні, аднак, ліставаньне прыпынілася.

(Фінькевіч: ) “Са Шклову ён яшчэ не пісаў. Зараз я спрабую неяк выйсьці зь ім на сувязь і ўсё высьветліць”.

Артур Фінькевіч не выключае, што ў ліставаньне ўмяшалася турэмная цэнзура.

Паседжаньне суду, на якім могуць паставіць кропку ў справе актывіста “Партнэрства” Цімафея Дранчука, прызначанае на 22-га сьнежня. Нагадаю, 14-га сьнежня адмысловая камісія пры калёніі вырашыла, што Цімафея Дранчука можна вызваліць датэрмінова. Бацька актывіста Валер Дранчук кажа:

(Дранчук: ) “Я спадзяюся, будзем маліцца за тое, каб Цімафей і ўсе астатнія, хто варты вызваленьня, выйшлі на волю ужо да каталіцкіх Калядаў. Калі суд пройдзе 22-га, то каб 23-24-га яны разышліся па дамах”.

Ужо болей за тры месяцы Мікалаю Статкевічу не дазваляюць спаткацца з бацькам, які жыве ў Баранавічах. Нагадаю, Мікалая Статкевіча ўлетку перавялі дабываць “хімію” з Баранавіч ў Пухавіцкі раён. Палітык кажа:

(Статкевіч: ) “Наколькі мне вядома, кіраўніцтва камэндатуры спрабуе даць мне адпачынак для сустрэчы з бацькам, які цяжка хворы і стары, яму праз месяц 80 гадоў. Але міліцыянтам патрэбны дазвол КДБ, а там дазволу не даюць. Падчас апошняй размовы зноў сказалі чакаць”.