Гомельшчына: апазыцыянэраў 0,5% ад усіх кандыдатаў

Радыё Свабода На Гомельшчыне кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў зарэгістравалі 26 прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў. Такія зьвесткі падае абласная выбарчая камісія.
Найбольш зарэгістраваных мае Аб’яднаная грамадзянская партыя. Дзесяцёра яе прадстаўнікоў сталі кандыдатамі ў дэпутаты аблсавету, шасьцёра балятуюцца ў Гомельскі гарадзкі й раённыя саветы. Кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі АГП Васіль Палякоў кажа:

(Палякоў: ) “Складана сказаць, але мы амаль упэўненыя: улады зацікаўленыя, каб зарэгістраваць кандыдатаў ад апазыцыі й потым “намаляваць” ім па выніках галасаваньня 1—10% падтрымкі. Выбары ў нас не зьяўляюцца выбарамі”.

З найбольш вядомых сябраў АГП не зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты абласнога савету Ўладзімер Кацора, кіраўнік выбарчага штабу ў рэгіёне Аляксандра Мілінкевіча, і Леанід Арлоў з Мазыра — намесьнік старшыні абласной арганізацыі АГП; Андрэй Толчын, старшыня Гомельскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі — які балятаваўся ў дэпутаты гарсавету.

Апрача 16 сяброў АГП, кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў зарэгістравалі шасьцёх прадстаўнікоў Партыі БНФ і аднаго з Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.

Апазыцыйныя камуністы яшчэ да рэгістрацыі адмовіліся ад удзелу ў выбарах. Аднак трое прадстаўнікоў ПКБ з розных прычынаў не змаглі падаць заяваў на адмову й цяпер зарэгістраваныя кандыдатамі: двое — у гарсавет, адзін — у райсавет.

Кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі ПКБ Уладзімер Сякерка паведаміў, што днямі двое зарэгістраваных кандыдатаў здымуць кандыдатуры. Дзеля экспэрымэнту ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі будзе адна кандыдатка ад ПКБ — Марыя Багдановіч з Гомелю.

Пасьля праверкі выбаркамамі працэдуру рэгістрацыі на Гомельшчыне не прайшлі 120 прэтэндэнтаў. Выпадкова ці не, але найбольш адсеялася апазыцыйных вылучэнцаў.

Апазыцыйныя кандыдаты складаюць 0,5% ад агульнай колькасьці прэтэндэнтаў.

Выбары ў 96% акругаў пройдуць без канкурэнцыі.