На Меншчыне зарэгістравалі каля 30 апазыцыянэраў

Міхал Стэльмак, Менск На Меншчыне зарэгістравана каля трох дзясяткаў апазыцыйных і незалежных кандыдатаў у дэпутаты, якія сёньня пачалі агітацыйную кампанію.
У Вялейцы прадстаўнікі дэмакратычных партыяў й незалежныя прэтэндэнты этап рэгістрацыі пераадолелі бяз стратаў. Як паведаміў сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Малярчук, такіх кандыдатаў у рэгіёне шасьцёра:

(Малярчук: ) “Пакуль усе ідуць: ПКБ, БНФ, АГП і незалежныя. Былі там праблемы, але яны вырашыліся. Мы будзем зьбірацца пасьля сёньняшняга дня, вызначымся, як будзем працаваць. Высьветлім, як быць далей”.

У іншых рэгіёнах страты ёсьць. У Барысаве празь сіта рэгістрацыі, паводле зьвестак прафсаюзнага актывіста Мікалая Пахабава, прайшлі два ці тры дэмакраты. У Салігорску, як паведаміла актывістка жаночай партыі “Надзея” Ларыса Насановіч, пакуль вядома, што зь ліку дэмакратычных прэтэндэнтаў зарэгістравалі толькі яе.

(Насановіч: ) “Я кандыдат у абласны савет. Яшчэ дзьвюм жанчынам ад партыі “Надзея” адмоўлена ў рэгістрацыі. Яны зьбіраліся пайсьці ў раённы савет. Таксама адмовілі хлопцу ад “Маладога фронту”, які прэтэндаваў на кандыдацтва. І яшчэ аднаму хлопцу адмоўлена. Пра двух чалавек невядома — няма ім ніякага адказу”.

Ва Ўзьдзе ў абласны й раённы саветы балятаваўся лідэр абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Віктар Крываль, але беспасьпяхова.

(Крываль: ) “Я не зарэгістраваны, мне адмоўлена ў рэгістрацыі ў сувязі з тым, што задэкляраваў няправільныя зьвесткі. Не паказаў транспартных сродкаў: прычэп МАЗ і прычэп “Скіф”. Што тычыцца вобласьці, то ў Узьдзенскім раёне ёсьць адзін сацыял-дэмакрат, які зарэгістраваны ў сельскі савет, у Слуцкім раёне не зарэгістравалі, у Пухавіцкім раёне адзін чалавек зарэгістраваны ў пассавет і райсавет”.

Зарэгістраваны ў райсавет на Пухавіччыне й сябра Партыі БНФ Аляксандар Васьковіч. Але ягоны аднапартыец і цяперашні дэпутат раённага савету Кастусь Шпунтоў гэтай ініцыятывы не ўхваляе:

(Шпунтоў: ) “Толку, што прысутнічалі чатыры дэпутаты ад апазыцыі ў раённым савеце… Усё роўна паўплываць на вырашэньне пытаньняў там немагчыма”.

У Жодзіне ўжо пасьля рэгістрацыі кандыдатам у гарадзкі савет адмовіўся ад кандыдацкага пасьведчаньня сябра АГП Аляксандар Ваўчанін:

(Ваўчанін: ) “У гарадзкі савет ідуць людзі, якія ў свой час прыцягваліся да адказнасьці. Што рабіць там з гэтымі людзьмі? Нічога. Чынавенства непатапляльнае. Яно з адной пасады ідзе на другую, і быць з такімі чыноўнікамі разам — гэта не для мяне”.

Спадар Ваўчанін прайшоў рэгістрацыю кандыдатам яшчэ ў тры саветы — Менскі абласны, Зеленаборскі пасялковы й Жодзінскі сельскі. Цяпер ён вырашае: ці працягваць там выбарчую кампанію.