Лукашэнка заявіў Пуціну, што без разгляду пытаньняў практычнага характару не абысьціся

Радыё Свабода У Маскве пачалася сустрэча сам-насам Уладзімера Пуціна й Аляксандра Лукашэнкі. Яна мае закончыцца у 12.30 паводле менскага часу.
У пачатку размовы Лукашэнка нагадаў, што ўчора ў тэлефоннай размове ён прапанаваў Пуціну падзяліць пытаньні на дзьве часткі, адна зь якіх – пытаньні “тэхнічнага й практычнага характару”.

“Думаю, што ад абмеркаваньня пытаньняў прыкладнога характару нам не адмовіцца”, – падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка. Уладзімер Пуцін адзначыў, што ўпершыню за многія гады бюджэт саюзнай дзяржавы прымаецца да пачатку фінансавага году.

Апроч бюджэту ў часе паседжаньня вышэйшага дзяржсавету будуць абмеркаваныя сумесныя зьнешнепалітычныя дзеяньні Беларусі й Расеі, уладкаваньне вонкавых межаў, вайсковае й вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва.