Берасьце: гарадзкі выбаркам "засакрэціў" вынікі рэгістрацыі кандыдатаў

Радыё Свабода Актывісты апазыцыйных партыяў, якія вылучаныя кандыдатамі ў дэпутаты Берасьцейскага гарадзкога савету, скардзяцца на немагчымасьць даведацца пра вынікі рэгістрацыі.
Датэлефанавацца да сябраў выбарчай камісіі практычна немагчыма. Калі ж некаторыя прадстаўнікі партыяў усё ж здолелі гэта зрабіць, дык атрымлівалі адказ, што пра вынікі рэгістрацыі будзе вядома толькі сёньня ўвечары. Нагадаем, што 14 сьнежня – апошні дзень, калі выбарчыя камісіі павінны абвясьціць пра рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.

На 40 месцаў у Берасьцейскі гарсавет было пададзена 98 заяваў. Сярод тых, каго вылучылі апазыцыйныя палітычныя партыі, 9 чалавек прадстаўляюць Партыю БНФ, 16 – Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада), пяцёра – Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Былі пададзены таксама сем заявак ад сябраў Партыі камуністаў Беларускай, але, паводле рэкамэндацыі зьезда ПКБ, яны адмовіліся ад удзелу у выбарах.