Менск абвінаваціў Маскву ў парушэньні двухбаковых дамоўленасьцяў

Радыё Свабода Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў сёньня на брыфінгу ў Менску заявіў, што “увядзеньне мытаў на пастаўку нафты ў Беларусь парушае шэраг дзейных пагадненьняў, якія вызначаюць рэжым вольнага гандлю паміж дзьвюма краінамі”.
Паводле спадара Папова, Расея парушае пратакол аб увядзеньні рэжыму вольнага гандлю ад 6 студзеня 1995 года. Тым часам дзяржаўны тэлеканал ОНТ заявіў з гэтай нагоды, што Расея парушыла рашэньні Вышэйшага дзяржсавету так званай саюзнай дзяржавы і саюзную дамову. Апрача таго, было заяўлена, што гэтыя дзеяньні могуць прывесьці да разбурэньня Мытнага саюзу.

На 15 сьнежня прызначанае чарговае паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету з удзелам А. Лукашэнкі і У. Пуціна.