Магілёў: БРСМ абяцаў падарункі выбарцам

Радыё Свабода Магілёўскі гаркам Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі заявіў, што маладзёнаў, якія ўпершыню прыйдуць на выбары 14 студзеня, чакаюць падарункі. Гэтая заява выклікала пратэст кандыдатаў у дэпутаты ад дэмакратычных сілаў гораду. Адзін зь іх накіраваў скаргу ў Цэнтравыбаркам.
Другі сакратар Магілёўскага гаркаму БРСМ Алёна Бальшакова ў інтэрвію дзяржаўнай газэце “Магілёўская праўда” заявіла, што 14 студзеня ў горадзе будуць дзейнічаць так званыя добраахвотныя моладзевыя дружыны, а выбарцы-пачаткоўцы атрымаюць падарункі. Мясцовыя дэмакраты лічаць, што такія дзеяньні — подкуп выбарцаў і перадвыбарчая агітацыя.

Паводле мясцовых кіраўнікоў Магілёўскага абкаму й гаркаму БРСМ, арганізацыя актыўна ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі, вылучыла ў саветы ўсіх узроўняў каля 250 чалавек, 350 увайшлі ў склад камісіяў. Пры камітэтах БРСМ створаныя выбарчыя штабы й клюбы маладых выбарцаў, якія актыўна працуюць з моладзьдзю.

Паводле кандыдатаў у дэпутаты ад дэмакратычных сілаў, іх паставілі ў няроўныя умовы з БРСМ. Прадстаўнік незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксей Паўлоўскі накіраваў скаргу ў Цэнтравыбаркам. Ён пытаўся, хто фінансуе такія акцыі й наколькі яны адпавядаюць заканадаўству.

Сёньня ён атрымаў адказ ад старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. Яна назвала акцыі з падарункамі традыцыяй асобных участковых камісіяў і паінфармавала, што Цэнтравыбаркам не рэгулюе такіх пытаньняў. З адказу вынікае, што падарункі набываюць коштам эканоміі сродкаў на ўтрыманьне камісіяў. А што тычыцца БРСМ, дык, паводле спадарыні Ярмошынай, “ягоная дзейнасьць ня ўтрымлівае прыкметаў перадвыбарчай агітацыі”.

Аднак кандыдат у дэпутаты Магілёўскага гарсавету Аляксей Паўлоўскі не пагадзіўся з высновамі Цэнтравыбаркаму. Паводле аўтара заявы, такія факты, якія назіраліся й на папярэдніх выбарах, можна назваць супрацьпраўнай дзейнасьцю за кошт выбарцаў, а грошы ад эканоміі можна перадаць шматдзетным сем’ям.

Цяпер кандыдат у дэпутаты чакае адказу на адпаведную скаргу ад Магілёўскай абласной пракуратуры й Камітэту дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласьці. Кіраўнікі гаркаму БРСМ ад камэнтару карэспандэнту Радыё Свабода ўстрымаліся. А вось як пракамэнтаваў сытуацыю прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Аляксандар Каралёў:

(Каралёў: ) “Можа, гэта й не зьяўляецца непасрэднай агітацыяй. Але гэтым займаюцца дзяржаўныя структуры, мясцовыя камісіі й моладзевыя арганізацыі, якія таксама, у існасьці, зьяўляюцца дзяржаўнымі. У такім выпадку атрымліваецца, што гэтым могуць займацца й любыя іншыя арганізацыі”.