ЦВК: магілёўскія прадстаўнікі БРСМ не падкупляюць выбарнікаў

Радыё Свабода Кандыдат на дэпутата ў Магілёўскі гарадзкі савет Аляксей Паўлоўскі сёньня адрымаў з Цэнтарвыбаркаму адказ на свой запыт наконт дзеяньняў прадстаўнікоў мясцовых суполак БРСМ, якія, на ягоную думку, займаюцца подкупам выбарнікаў.
Падставай для звароту ў Цэнтарвыбаркам стала заява другога сакратара Магілёўскага гаркаму БРСМ Алены Бальшаковай пра тое, што ў дзень выбараў у мясцовыя саветы прадстаўнікі БРСМ будуць дарыць падарункі самым маладым выбарнікам, якія ў 2007 годзе галасуюць упершыню. Гэта будзе сумесная акцыя магілёўскага гаркаму і абкаму саюза моладзі.

Кандыдат Аляксей Паўлоўскі, які зьяўляецца актывістам незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, расцаніў гэта як подкуп выбарнікаў і накіраваў адпаведную заяву ў Цэнтарвыбаркам. У афіцыйным адказе за подпісам старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай гаворыцца пра тое, што такія акцыі ёсьць традыцыяй асобных выбарчых участкаў і ЦВК не займаецца рэгуляваньнем гэтых пытаньняў.