А.Казулін: “Гэта так цудоўна адчуваць, як жыцьцё вяртаецца ў цела”

Алег Грузьдзіловіч, Менск Аляксандр Казулін ў тэлефоннай размове з жонкай Ірынай пацьвердзіў, што спыніў галадоўку. “Ён ужывае аўсяны кісель і сокі. У яго бадзёры голас і ён кажа, што адчувае сябе нармальна. Яшчэ ён сказаў: “Гэта так цудоўна адчуваць, як ў тваё цела вяртаецца жыцьцё”, – паведаміла “Свабодзе” Ірына Казуліна.
Паводле яе, Алякандр Казулін ня хоча, каб яго паклалі ў шпіталь і на недахоп мэдычнай дапамогі ён не скардзіцца. Ірына Казуліна выказала перакананасьць, што ейны муж сам здолее выйсьці з галадоўкі.

На пытаньне, як Аляксандр Казулін камэнтуе выкананьне ягоных патрабаваньняў, жонка палітыка адказала: “Нам далі паразмаўляць усяго тры хвіліны пры ўмове, што ня будзем гаварыць пра палітыку. Відаць, ён паабяцаў і стрымаў сваё слова”.

Нагадаем, экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін цягам 53 дзён праводзіў палітычную галадоўку. Ён пратэставаў супраць ўлады Аляксандра Лукашэнкі й дамагаўся разгляду беларускага пытаньня ў Радзе Бясьпекі ААН. Паводле зьвестак міністэрства ўнутраных спраў выхад з галадоўкі Аляксандр Казулін пачаў 11 сьнежня.