“Wyborcza”: Казулін можа памерці, калі ня спыніць галадоўку

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскія мэдыі сочаць за галадоўкай Аляксандра Казуліна ў зьняволеньні. “Gazeta Wyborcza” напісала, што экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта можа памерці, калі неадкладна ня спыніць галадоўку.
“Калі Аляксандар Казулін, канкурэнт Аляксандра Лукашэнкі на сакавіцкіх прэзыдэнцкіх выбарах, ня спыніць галадоўку, якая доўжыцца ўжо 53-ці дзень, ён цягам бліжэйшых дзён памрэ. Беларускія ўлады не рэагуюць на заклікі Эўрапейскага парлямэнту вызваліць палітыка”, – піша “Gazeta Wyborcza”.

Штодзёньнік нагадвае, што ўлады Беларусі не дазволілі амбасадару Нямеччыны сустрэцца са спадаром Казуліным, але “імгненна зарэагавалі на акцыю салідарнасьці з былым кандыдатам у Менску, разагнаўшы яе ўдзельнікаў”.

У матэрыяле “Цяжкі стан Казуліна” іншы польскі штодзёньнік, “Rzeczpospolita”, піша пра нізкі ціск, які цяпер мае Аляксандар Казулін. Газэта акрэсьлівае стан здароўя Аляксандра Казуліна як “цяжкі”.