Праваабаронцы шкадуюць, што Піначэт памёр непакараным

Ганна Соўсь, Прага 10 сьнежня ва Ўсясьветны дзень правоў чалавека памёр былы чылійскі дыктатар Аўгуста Піначэт. Чылійскія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі ўжо выказалі шкадаваньне, што Піначэт так і ня быў пакараны за шматлікія парушэньні правоў чалавека. Яго пахаваюць ва аўторак з ваеннымі ўшанаваньнямі, але не як былога прэзыдэнта Чылі.
Аўгуста Піначэт памёр 10 сьнежня у ваенным шпіталі ў Сант’яга. Тыдзень таму былы дыктатар перанёс інфаркт. Генэрал Аўгуста Піначэт, якому 25 лістапада споўніўся 91 год, зусім нядаўна адзначыў свой дзень народзінаў прызнаньнем палітычнай адказнасьці за ўсё, што адбывалася ў краіне ў часы ягонага кіраваньня. У пасланьні, зачытаным жонкай, Піначэт заявіў, што ён “ўсё рабіў з адзінай мэтай – умацаваць Чылі і пазьбегнуць расколу краіны”.

Былы чылійскі дыктатар прыйшоў да ўлады ў выніку ваеннага перавароту ў 1973 годзе, скінуўшы прэзыдэнта Сальвадора Альендэ. Піначэт стаў на чале ваеннай хунты Чылі. На ягоны загад праводзіліся чысткі, у выніку якіх больш за 3 тысячы прыхільнікаў Альендэ былі пакараныя сьмерцю, многія тысячы – былі катаваныя ці адпраўленыя ў выгнаньне. Піначэт распусьціў парлямэнт, забараніў усе палітычныя арганізацыі і прафсаюзы, і ў 1974 годзе прызначыў сябе прэзыдэнтам краіны. У 1990 годзе Піначэт пакінуў пасаду прэзыдэнта Чылі, аднак застаўся галоўнакамандуючым. Гэтыя паўнамоцтвы ён склаў з сябе толькі ў 1998 годзе. У апошнія гады было шмат спробаў прыцягнуць Піначэта да суду па абвінавачаньнях ў парушэньнях правоў чалавека і фінансавых махінацыях. Аднак кожны раз ягоныя адвакаты даказвалі судзьдзям, што іх падабаронны нездаровы. У лістападзе былога дыктатара чарговым разам памясьцілі пад хатні арышт ў сувязі з расьсьледаваньнем забойства двух людзей у 1973 годзе. Нягледзячы на шматлікія абвінавачаньні ў парушэньні правоў чалавека ды іншых злачынствах, многія чылійцы падтрымлівалі Піначэта і былі перакананыя, што ён выратаваў краіну ад камуністаў. Аднак у 2004 годзе многія адвярнуліся ад яго, калі стала вядома, што ён незаконна прысвоіў каля 27 мільёнаў даляраў, якія разьмясьціў у афшорных банках. Кіраўнік Асацыяцыі чылійскіх дэмакратаў Альдо Гансалес павітаў вестку пра сьмерць былога дыктатара, аднак выказаў шкадаваньне, што Піначэт памёр “абсалютна непакараным”. У той жа час Белы Дом заявіў, што Вашынгтон салідарны з сем’ямі і ахвярамі рэжыму Аўгуста Піначэта. Што да рэакцыі ў Чылі, то пасьля таго, як стала вядома пра сьмерць Піначэта, на цэнтральнай плошчы Сант’яга родныя ахвяраў дыктатуры правялі мітынг. Яны не хавалі сваёй радасьці, і толькі выказвалі шкадаваньне, што Піначэт памёр беспакараным, паведамляе ВВС.