А.Казулін зьвярнуўся да лідэраў дэмакратычных краінаў і кіраўніцтва ААН

Радыё Свабода Сёньня Аляксандар Казулін выступіў з зваротамі да ўсіх дэмакратычных урадаў Эўропы і сьвету, генэральнага сакратара ААН, Эўрапейскай камісіі, а таксама да дэмакратычных сілаў Беларусі. Былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта выказаў падзяку за ўдзел у ягоным лёсе і клопат пра ягонае здароўе і патлумачыў, што найперш яго непакоіць будучыня роднай Беларусі.
“Я пражыў 51 год і ніяк не магу зразумець, якая сапраўдная цана чалавечага жыцьця? Які кошт рэальнай дэмакратыі, свабоды, і ці мае чалавек хаця б права на абарону свайго жыцьця?”

Казулін сярод іншага просіць, каб “хаця б адна з краін “вялікай васьмёркі” праявіла цьвёрды намер унесьці на разгляд Рады бясьпекі ААН пытаньне аб Беларусі, зрабіўшы адпаведную афіцыйную заяву”. “Магчыма, гэтая драбніца і вызначыць рэальную цану ўсяго аднаго чалавечага жыцьця”, – зазначыў у сваім звароце Аляксандар Казулін.

Таксама Аляксандар Казулін зьвярнуўся да грамадзкасьці краіны з заклікам вырашыць лёс краіны.