Гарадзеншчына: апазыцыя падлічвае першыя страты на мясцовых выбарах

Міхал Карневіч, Горадня На першым этапе вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў сябры БНФ у Гарадзенскай вобласьці страцілі 10 прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, ад 18 подпісы прынялі. Ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі з 22 прэтэндэнтаў у 18 прынялі дакумэнты. Сябры дэмакратычнай кааліцыі падаюць скаргі на дзеяньні старшыняў раённых й гарадзкіх камісіяў.
Што да збору подпісаў, то ўсе сябры ад дэмакратычнай кааліцыі, у якіх былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы, подпісы ў вобласьці сабралі. Праўда, ня ўсе вырашылі іх здаваць. Вось што кажа на гэты конт кіраўнік абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юры Істомін:

(Істомін: ) “Стратэгія нашай арганізацыі — ня ўдзел у мясцовай кампаніі, а ўдзел у палітычнай кампаніі мясцовыя выбары. Удзел у тым, каб данесьці інфармацыю да людзей. Я думаю, з гэтым мы справіліся”.

Што датычыць вылучэньня ад партый, то ў аднаго зь сябраў АГП не прынялі дакумэнты на той падставе, што ён ня меў пры сабе пасьведчаньня сябра партыі.

У трох сябраў Партыі БНФ старшыня гарадзенскай гарадзкой выбарчай камісіі не прыняў дакумэнтаў спачатку таму што, іхны кіраўнік ня здаў агульнапартыйных дакумэнтаў, якія прымаюцца ў адным экзэмпляры для ўсіх. Пазьней той самы старшыня камісіі не прыняў дакумэнтаў адным пакетам, заявіўшы, што кожны кандыдат павінен здаваць свае дакумэнты асабіста. Кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Сяргей Мальчык перакананы, што старшыня камісіі перавысіў свае паўнамоцтвы:

(Мальчык: ) “Мы вырашылі, што будзем падаваць скаргу ў абласную камісію й пракуратуру”.

Сяргей Мальчык таксама кажа, што на сябраў яго арганізацыі падчас збору подпісаў ціснулі — каб яны ня бралі ўдзелу ў выбарчай кампаніі:

(Мальчык: ) “На аднаго прадпрымальніка канкрэтна націснулі, і ён ня вытрымаў і забраў дакумэнты. На траіх ціснулі на працы, а яшчэ аднаго прымусілі адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі праз жонку. Я адразу казаў, што ў гэтай кампаніі будуць працаваць толькі абсалютна перакананыя й цьвёрдыя людзі”.