Віталь Воранаў: "Я веру, каб не спаняверыцца зусім..."

Радыё Свабода Віталь Воранаў – удзельнік перадачы "Ў што я веру".
Я веру, каб не спаняверыцца зусім...

Я веру, што нават калі за сьцяной стаіць наступная сьцяна, то існуе нейкі спосаб, каб усё роўна выбрацца на волю. Бязьвер’е ў гэтым выпадку падпірае старыя сьцены і стаўляе новыя.

Я веру, што найбольш паняволеным ёсьць той, хто няволіць, паколькі ён страціў веру... у неўміручую моц веры свайго вязьня і ў хуткаплыннасьць часу – гэта дэспат сьціснуты, сваімі ўласнымі мурамі.

Я веру, што вартасьць жыцьця не вымяраецца зямнымі крытэрамі, але трываласьцю зьдзейсьненага для вечнасьці.

Я веру ў лёс і наканаванасьць, але веру, што сіла веры можа зьмяняць лёсы і прадухіляць наканаванае.

Я веру, што адно натхнёнае слова можа важыць больш, чым тоны безыдэйных тамоў, больш, чым зброя, выкаваная супраць яго, больш, чым інстынктыўнае маўчаньне дзеля захаваньня.

Я веру, што паэзія – гэта фатакартка душы ў момант фатаграфаваньня, проза – гэта панадчасовы і ўнівэрсальны рэнтген людзкога стану, драматургія – гэта слайдавая прэзэнтацыя нашых драм і камэдый.

Я веру, што мастацтва – гэта свайго роду лек, які, правільна парцыянаваны, лечыць, а пададзены празьмеру, забівае. Мастацтва – гэта панацэя і атрута. А мастак ува ўсім гэтым зусім не знахар і ня лекар, а сьмяротна хворы фармаколяг.

Я згодны зь філёзафам, што адзін дзень жыцьця дастатковы, каб усю рэшту жыцьця правесьці на ўспамінах пра гэты дзень, але хочацца верыць, што такіх дзён у нашым жыцьці нашмат больш.

Я веру, што ўсё тое, што адыходзіць, не адыходзіць у нябыт, а адыходзіць, каб калі-небудзь вярнуцца, нават калі гэта вяртаньне ў іншай форме, нават калі вяртаньне – гэта толькі ўвасабленьне колішняга адыходу.

Я веру, што трэба абараняцца ад няверных, але рабіць гэта так, каб абарона ня сталася ўсяго і толькі звычкай.

Я веру, што можна заставацца пераможным, нават будучы пераможаным. Бязь веры гэта немагчыма.

Я веру, што ўдава, які праглынуў слана, можна прыняць за капялюш, але хацелася б верыць, што калі ўдаў пачне выдаваць сябе за слана, таму што ён яго праглынуў, то ніхто яму не паверыць.

Праўда ў кожнага свая, але веру, што гэта не адзіная праўда.

Я веру, што самыя складаныя праўды можна ўбачыць праз самыя простыя рэчы і дзеі. Адваротнае немагчымае.

Я веру, што, будучы ў двух войсках адначасна, праўдападобнасьць загінуць у два разы вышэйшая.

Я веру, што дзяцінства здаецца такім цудоўным не таму, што мы былі тады наіўныя, а таму, што мы не намагаліся зразумець, чым ёсьць вера.

Я веру, што вера – гэта няспынны рух на восі нараджэньня і паміраньня, спадзеву і паняверкі.

Я веру, што ўсё мае пачатак і канец, а па-за ўсім гэтым ёсьць неспазнанае намі вечнае. Нават калі неўміручасьць ёсьць адно сымбалем людзкіх памкненьняў, я веру, што дзеля гэтага сымбалю варта пражыць жыцьцё і варта верыць...

Віталь Воранаў нарадзіўся 18 сакавіка 1983 году ў Менску. Літаратар, перакладчык, выдавец. Сузаснавальнік і старшыня Беларускага культурна-асьветніцкага цэнтру ў Познані. Студэнт унівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані і Заходнячэскага ўнівэрсытэту у Пльзені. Цяпер жыве і навучаецца ў Чэхіі.