Алег Грузьдзіловіч, Менск Сваякі Аляксандра Казуліна атрымалі ад яго ліст, адасланы з калёніі тыдзень таму. Палітык, які галадае ў віцебскай калёніі, выказвае ўдзячнасьць тым, хто яго падтрымлівае, і перакананьне ў перамозе. Таксама Аляксандр Казулін піша пра агляд турэмных лекараў, які адбыўся 27 лістапада.
“Прыехала цэлая мэдычная дэлегацыя з Менску на чале з начальнікам мэдычнай часткі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Каля гадзіны мяне круцілі, вярцелі, зьдзіўляліся маёй вазе ў 69 кілаграмаў ( 4 сьнежня Аляксандр Казулін важыць ужо 65 кілаграмаў – “Радыё Свабода”) і майму зьнешняму выгляду, бо маглі параўноўваць з тым, што бачылі, калі я быў у Рэспубліканскім шпіталі...Зразумела, што я адмовіўся ад назіраньня ў стацыянары і ўсіх ін’екцыяў. Мясцовыя дактары кажуць, што на маім прыкладзе будуць пісаць навуковыя працы пра неверагодныя і незразумелыя магчымасьці арганізма чалавека”, -- піша ў лісьце дамоў Аляксандр Казулін.