Удзельнікі талакі ў Курапатах адрамантавалі “лаву Клінтана” (фота)

Любоў Лунёва, Менск На мэмарыяльным комплексе “Курапаты” ўначы 30 лістапада абдыўся акт вандалізму: злачынцы зламалі так званую “лаву Клінтана”. Роўна год таму ў Курапатах адбылося аналягічнае злачынства. Тады свастыкай былі апаганеныя курапацкія мэмарыяльныя знакі і ікона Боскай Маці Курапацкай.
Сёньня ў Курапатах адбылася талака. Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ прыбралі тэрыторыю і адрамантавалі сапсаваную лаўку.

Вандалы ня першы раз разбураюць памятны знак, усталяваны ў Курапатах: ахвярам рэпрэсій 1939-1941 гадоў – ад амэрыканскага народу. На гранітнай лаве добра відаць месца разлому.

Вандалы рэгулярна наведваюцца ў Курапаты і зьнішчаюць крыжы на магілах расстраляных, на помніку ад габрэйскага культурнага таварыства малююць свастыкі. На іконе Боскай Маці Курапацкай сьляды свастыкі застаюцца дагэтуль. Аўтар іконы Аляксей Марачкін ня стаў мяняць карціну. На ягоную думку, трэба, каб людзі гэта бачылі.

Гаворыць сакратар управы Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Валеры Буйвал:

(Буйвал: ) “Невыпадкова, што менавіта ў расейскіх фашыстаў менавіта гэты знак выклікае такую нянавісьць, злобу і жаданьне зьнішчыць яго, разбурыць гэты знак прыязьні паміж хрысьціянскімі народамі. Імкнуцца спаганіць, зьблюзьнерыць нашу памяць. У той жа самы час улады ўслаўляюць тых, хто забіваў нашых продкаў. Вядомая лінія Сталіна – усхваленьне сталінізму. Усё гэта праявы новага расейскага фашызму”.

Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юры Беленькі лічыць, што вандалы кіруюцца ідэалёгіяй, якая апошнім часам распаўсюджваецца ў сілавых структурах. Юры Беленькі ўзгадаў публікацыю маральнага кодэксу афіцэраў СС у часопісе “Спэцназ” і камэнтар былога міністра ўнутраных справаў Сівакова аб тым, што шмат чаго адтуль можа стаць узорам для беларускіх афіцэраў.

(Беленькі: ) “За лёзунг: “Жыве Беларусь!”, які напісаны на сьцяне маладымі людзьмі, садзяць у турму. А тут цягам гадоў, колькі ўсё гэта адбываецца, ніяк ня могуць злавіць і высьветліць, што гэта за злачынца такі. Спрабуюць давесьці, што і ў нас у Беларусі таксама ёсьць фашызм, як у Расеі. Нічога падобнага. Мы толькі чуем пра РНЕ – “Русское национальное единство”. Адкуль вырас фашызм? Прычыны?.. Няўлоўныя вандалы ў Курапатах і камплімэнты Лукашэнкі ў бок Гітлера…”