Студэнцкае жыцьцё ў Нямеччыне: досьвед і парады

Тацяна Поклад, Вільня Тысячы беларускіх студэнтаў вучацца за межамі сваёй краіны. З кожным годам такіх студэнтаў больш, і тыя хто вучыліся альбо вучацца за мяжой, распавядаюць, што справа гэта вартасная, незалежна ад таго, дзе далей плянуюць працаваць выпускнікі замежных ВНУ – на радзіме альбо за мяжой. Нічым нельга замяніць і практычны досьвед кантактаў з іншымі культурамі, іншым ладам жыцьця. А такая магчымасьць ёсьць практычна ў кожнага, хто гэтага жадае – пра гэта сьведчыць прыклад беларускіх студэнтаў, якія вучаца па ўсім сьвеце.
Кіраўнік нямецкай суполкі Згрутаваньня беларусаў сьвету Язэп Паўловіч кажа, што прычына ад''езду за мяжу – “пошукі лепшага”:

(Паўловіч: ) “Гэта нават ня пошукі лепшых заробкаў... чалавек спадзяецца на тое, што зьменіць сваё жыцьцё. Бо чалавек заўсёды мае шанец зьмяніць сваё становішча, і гэта ў найбольшай ступені залежыць ад яго асабістае волі, і для гэтага тут, за мяжой, адкрываюцца новыя магчымасьці, якіх няма ў Беларусі”.

Адна з нашых слухачак, студэнтка зь Беларусі, падзялілася сваімі меркаваньнямі ў лісьце: “Вучоба за мяжой – наогул вельмі характэрная рэч і для эўрапейскіх студэнтаў. Варта вучыцца за мяжой таму, што некаторыя магчымасьці ёсьць у чалавека толькі ў маладым узросьце. Напрыклад, магчымасьць добра засвоіць іншую мову. І для студэнта пачаць жыцьцё ў новай краіне нашмат прасьцей – у “кампусе” можна сустрэць шмат студэнтаў з самых розных краінаў, гэта дапамагае асвоіцца, бо кожны гатовы адказаць на твае пытаньні. Існуе і шмат службаў дапамогі для замежных студэнтаў. Напрыклад, у Нямеччыне шмат ільготаў для студэнтаў – значна меншая аплата за мэдыцыну, бясплатны інтэрнэт...”

Я патэлефанавала нашай слухачцы ў Нямеччыну. Юлія вучыцца ў Лейпцыскім унівэрсітэце другі год. Вось, паводле яе, якія плюсы мае вучоба за мяжой:

(Юлія: ) “Калі чалавек адчувае, што ён дасягнуў пэўнага узроўню ў сябе дома і далей ўздымацца скадана, альбо й немагчыма, – актыўны чалавек захоча прыняць новы выклік і паспрабаваць, на што ён здольны. Здараецца, што калі чалавек едзе за мяжу, зьмяняецца яго сацыяльны статус. Напрыклад, дома ён быў студэнтам, а едзе працаваць ў Амэрыку ці Ангельшчыну – і ён просты рабочы. І зьяўляюцца думкі: “О, не, мне больш падабалася дома...” Але, насамрэч, яму больш падабалася яго сацыяльнае становішча ў сваёй краіне. Так здараецца, і людзі вяртаюцца незадаволеныя, з думкамі пра тое, што там, за мяжой, цяжка. Але калі чалавек едзе вучыцца, гэта зусім іначай!

Чалавек ня толькі нічога не страчвае ў сваім сацыяльным статусе, але наадварот, набывае яшчэ шмат дадатковых магчымасьцяў. У іх ліку тое, што, будучы студэнтам, можна някепска зарабляць сабе на жыцьцё, на падарожжы – што вельмі складана для студэнтаў у Беларусі.

І для такога чалавека зьнікаюць усе межы, калі ён прыязджае вучыцца ў Эўразьвяз – ён можа падарожнічаць, паехаць на Новы год у Францыю ці Італію, паехаць, куды марыў”.

У кожнага студэнта – свой расклад заняткаў

Юлія другі год вывучае ў Лейпцыскім унівэрсытэце сацыялёгію і багемістыку. Яна расказала падрабязна пра тамтэйшае студэнцкае жыцьцё і даслала зробленыя ею здымкі.

Як там вучацца студэнты? У іх няма гатовага раскладу лекцыяў і сэмінараў, якія ўсе студэнты з групы абавязаны наведваць у прызначаныя дні і гадзіны.

(Юлія: ) “У інтэрнэце можна знайсьці перад пачаткам сэмэстраў сьпіс курсаў, якія можна наведваць. Студэнт абірае, што яму цікава. Каля кожнага курсу пазначана, для якой ён спэцыяльнасьці. Але калі цікава, можна хадзіць на курсы зь іншых спэцыяльнасьцяў, ніхто не забараняе. І студэнт сам абірае, ці хоча ён здаваць іспыт і залік за такі курс, ці не; можна і вольным слухачом хадзіць.

Безумоўна, каля некаторых курсаў пазначана, што яны абавязковыя для пэўнай спэцыяльнасьці. Але студэнт сам абірае, ў якім сэмэстры наведваць і здаваць гэтыя абавязковыя для яго спэцыяльнасьці курсы – ці ў першым, ці ў другім, ці ў трэцім – калі сам студэнт абірае, тады і здае”.

Ніякіх вусных іспытаў з 60 пытаньнямі

(Юлія: ) “Экзамэны ўзгадняюцца загадзя, ад пачатку сэмэстраў студэнт ужо ведае, калі ён будзе здаваць.

Цягам першых чатырох сэмэстраў студэнты здаюць экзамены за асобныя курсы, паводле свайго выбару, і вусных экзамэнаў ці залікаў цягам гэтага часу няма наагул. Залежыць ад выкладчыка – альбо пішацца рэферат, альбо здаецца пісьмовы залік. Гэта значна менш выклікае стрэсаў, чым у беларускіх ВНУ, дзе пасьля першага сэмэстру студэнт ужо павінен здаць, да прыкладу, пяць экзамэнаў і пяць залікаў.

Экзамэны здаюцца пасьля 4-га сэмэстру, гэта Zwischenpruefungen: экзамэны за палову навучаньня. Цалкам навучаньне займае прыкладна 8 сэмэстраў. Пасьля першай паловы вучобы, калі студэнт ужо вучыцца на Hauptstudium, зьяўляюцца і вусныя экзамэны. Але і гэтыя вусныя экзамэны здаваць прасьцей, чым у Беларусі – у тым сэнсе, што значна менш стрэсаў. Напрыклад, да экзамэну па чэскай літаратуры трэба падрыхтаваць двух аўтараў і адну эпоху, пра якую студэнт хацеў бы адказваць на экзамэне. Гэта ня тое, што ў Беларусі, падрыхтаваць 60 пытаньняў да кожнага экзамэна”.


Уваход у Лейпцыскі ўнівэрсытэт: многія студэнты і выкладчыкі на заняткі прыязджаюць на роварах

Магчыма, гэта дае падставы прыхільнікам той сыстэмы вышэйшай адукацыі, што звыклая для Беларусі яшчэ з савецкіх часоў, скептычна адгукацца пра замежныя ВНУ: маўляў, ніякага кантролю, і таму – якія ужо там веды... Кантроль, вядома, ёсьць і ў замежных ВНУ, але – ня дробязны, не штодзённы. Бо, калі чалавек атрымлівае вышэйшую адукацыю, ад яго чакаюць не безыніцыятыўнай паслухмянасьці, але самастойнасьі, ініцыятывы, арганізаванасьці, самадысцыпліны. І вынікі гэтага спраўджваюцца на экзамэнах і заліках, якія плянуюцца далёка наперад.

(Юлія: ) “Калі, напрыклад, студэнт здае экзамен па гісторыі, ён можа абраць прафэсара, які будзе прыймаць экзамэн, і гістарычную падзею – адну з усяго курса, які праслухаў студэнт. Студэнт вывучае паглыблена гэтую тэму і толькі пра яе размаўляе з прафэсарам на экзамэне”.

Свабодна, разьняволена...

Адрозьніваецца ня толькі арганізацыя вучобы, але і сама атмасфэра ва ўнівэрсытэтах і аўдыторыях – зусім нармальная зьява, калі студэнт у часе лекцыі мае на сваім стале каву ці ваду, якую можна піць у часе лекцыі, а садзяцца студэнты такім чынам і там, дзе ім зручна, у тым ліку і на падлогу. Атмасфэра значна больш разьняволеная, свабодная, чым гэта прынята ў Беларусі, але ва ўсім адзначаецца павага студэнтаў і выкладчыкаў адзін да аднаго, адзначае Юлія. Вядома, гэта лепш пабачыць на свае вочы: кожны адзначыць нешта сваё, што найбольш уражвае.

(Юлія: ) “Менскіх студэнтаў, напэўна, ня зьдзівіць, што прафэсары выстаўляюць свае лекцыі ў інтэрнэце. Ды і чыстыя прыбіральні або добрыя студэнцкія сталоўкі – не такое ўжо дзіва. Цалкам у эўрапейскім стылі сталоўкі ёсьць у ліцэі БДУ, у Акадэміі кіраваньня, у некаторых карпусах БДУ.

Але таго, што студэнты спакойна ходзяць па вуліцы з кавай у кубках са сталоўкі, сядзяць і паляць, папіваючы гэтую каву, на лаўках каля будынку – такога ў Беларусі я ня бачыла. Потым гэтыя белыя кубкі стаяць на зямлі і на прыступках, і ніхто не кідаецца іх зьбіраць. Нават часьцяком на выходныя застаюцца стаяць, пакуль іх са сталоўкі не пазьбіраюць, і нічога з гэтымі кубкамі не здараецца, і ніхто не сварыцца, што іх выносяць”.

Дактарантура ці дзіцячы садок?

Алена Дзянісевіч, якая закончыла Віцебскі пэдунівэрсытэт, цяпер другі год вучыцца ў дактарантуры ў Нямеччыне. Яе накірунак – культуралёгія, сваю дысэртацыю яна будзе абараняць па-нямецку. Цягам трох гадоў дактаранцкага навучаньня ня трэба здаваць ніводнага экзамэна, адзіны вялікі сур''ёзны экзамэн – напрыканцы. Увесь кантроль – толькі праз навуковага кіраўніка, шмат што грунтуецца на даверы і на кантактах з кіраўніком, кажа Алена.

(Дзянісевіч: ) “Цягам трох гадоў сама сябе арганізую, пішу, і адзін альбо два разы ў месяц наведваю майго творчага кіраўніка, каб паказаць, што я зрабіла, і атрымаць новыя зьвесткі пра маю тэму, альбо, часам, новыя заданьні”.

Алена распавяла, што адзін сэмэстар вучылася ў Нямеччыне і як студэнтка, і для яе гэта быў пэўны шок – такая самастойнасьць.

(Дзянісевіч: ) “З аднога боку, гэта – добра: поўная свабода дзеяньняў, можна самастойна абіраць, плянаваць, раніцай ці ўвечары нешта рабіць, свой расклад дня поўнасьцю сам складаеш, як зручна. Але, з другога боку, працэс пошуку павялічваецца ў два-тры разы, у параўнаньні зь беларускай сыстэмай. Тут усё шукаеш сам. Тут студэнт, асьпірант – чалавек, які здольны самастойна працаваць. А ў Беларусі з асьпірантамі абыходзяцца трохі падобна як у школе ці як у дзіцячым садку”.

На што хапае стыпендыі

Алена мае стыпэндыю ад фонду імя Конрада Адэнаўэра. Яна адзначыла, што сам фонд кантралюе сваіх стыпэндыятаў – пасьля кожнага сэмэстра яны даюць справаздачу пра зробленае і пра наступныя свае пляны.

(Дзянісевіч: ) “Стыпэндыя, якую я атрымліваю з Фонду Адэнаўэра – гэта пражыцьцёвы мінімум у Нямеччыне, і беспрацоўныя тут атрымліваюць столькі ж. То бок, маецца на ўвазе, што жыцьцё, асноўныя патрэбы на гэта можна цалкам забясьпечыць.

Хаця, калі б гэта было ў Мюнхене, у Баварыі дзесьці, то гэта было б складаней – там пражыцьцёвы мінімум вышэй. У залежнасьці ад вобласьці Нямеччыны, пражыцьцёвы мінімум розны.

У Франкфурце-на-Одэры, дзе я вучылася, там можна было спакойна пражыць на гэтую стыпэндыю, не працуючы, і сканцэнтравацца на вучобе. Грошай хапала, можна было сабе дазволіць і тэатры, і кіно.

У Бэрліне трохі складаней, хаця таксама можна пражыць, калі не выкідаць грошы праз вакно, так што паскардзіцца не магу...”

Алена кажа, што пісаць дысэртацыю і адначасова працаваць вельмі складана, практычна немагчыма – настолькі шчыльны графік працы ў дактаранта, які працуе паводле ўласнага – свабоднага! – раскладу.

Інтэрнат ці кватэра?

Стыпэндыяты фонду Адэнаўэра пра інтэрнаты не клапоцяцца – жытлом яны забясьпечваюцца. А як звычайныя студэнты? Юлія расказала, як вырашаюцца справы з жытлом для студэнтаў у Лейпцыгу, дзе яна вучыцца.

(Юлія: ) “Я жыла паўсюль. Студэнты, звычайна, альбо жывуць у інтэрнаце, альбо здымаюць пакой. Вельмі рэдкія выпадкі, калі пакой здымаецца ў сям''і ці ў якой бабулі, як гэта часьцей бывае ў Беларусі. У Нямеччыне здаюцца цалкам кватэры, якія студэнты супольна арэндуюць. Студэнты знаходзяць адзін аднаго па абвестках, зьбіраюцца разам, і здымаюць кватэру такім чынам, што кожны мае па асобным пакоі, а кухня і лазенка – агульныя.

У такіх кватэрах жывуць і студэнты, і людзі, якія ня маюць сям''і. У гэтым ёсьць і плюсы, і мінусы. Бывае, што падбіраюцца шумныя суседзі. Калі чалавек хоча большае прыватнасьці, адасобленасьці, то лепш жыць у інтэрнаце. Там таксама кожны студэнт мае асобны пакой, і ўсё падзелена на блёкі, ты і твой сусед маюць па пакоі, агульную кухню і лазенку.

Каштуе гэта 184 эўра, прыкладна ў столькі ж абыходзіцца пакой і ў кватэры, якую здымаюць супольна. У інтэрнаце ў гэты кошт уваходзіць і плата за інтэрнэт, якім можна карыстацца неабмежавана. Атрымаць інтэрнат не складана. Калі нехта не патурбаваўся загадзя, то бывае, трэба, “пастаяць у чарзе” цягам аднога сэмэстру”.

Юлія кажа, што досыць часта студэнты ў Нямеччыне тэлевізараў ня маюць, бо на тэлевізары існуе дадатковы падатак, 18 эўра, зь якога аплочваюцца грамадзкія тэлеканалы, а вось інтэрнэт для студэнтаў бясплатны. І кампутары маюць усе, амаль кожны ходзіць у бібліятэку са сваім ноўтбукам. Студэнт можа быць апрануты зусім сьціпла, але мець ноўтбук – гэта нармальна. Так распавяла Юлія. Не асабліва, відаць, студэнтаў абыходзіць вопратка...

Як студэнты апранаюцца

(Юлія: ) “Па-рознаму. Я часам люблю фатаграваць некаторых студэнтаў, настолькі арыгінальна яны выглядаюць, у Менску такога не пабачыш. У Нямеччыне ў студэнтаў хаця і не самае дарагое адзеньне, але вельмі разнастайнае. Ніколі ня сумна назіраць, як апранутыя студэнты – у таго адзін стыль, у гэтага – іншы, хаця ўсё гэта, звычайна, складаецца зь вельмі простых рэчаў. Нейкія, напрыклад, звязаныя на прутках часткі, рознакаляровыя шкарпэткі. Безумоўна, такое можна пабачыць і ў Менску, але там часьцей гэта ўсё набытае ў краме, відаць, што дарагая рэч. А тут людзі камбінуюць тое, што маюць, і не абавязкова купляюць нешта новае і дарагое, але выглядае гэта ярка, цікава.


“Студэнты не абавязкова купляюць нешта новае і дарагое, але выглядаюць ярка, цікава”

Тут бывае вельмі шмат распродажаў, як паўсюль на Захадзе, і студэнты, безумоўна, гэтым карыстаюцца, як і многія іншыя тут. Чалавек не чакае, пакуль прыйдзе зіма, і потым толькі ўзгадвае, што трэба набыць нейкую цёплую рэч. Ёсьць такія акцыі ў крамах, калі можна набыць, скажам, тры пары абутку па кошце двух. Тут не бывае такога, як у Менску, да прыкладу, калі трэба абысьці дзесятак крамаў, пакуль знойдзеш свой памер. У любой вялікай краме адразу можна знайсьці тое, што патрэбна, і гэта не забірае шмат часу.

Гэта ня важна, у чым ты ходзіш, пакуль ты студэнт, бо гэта ж ня праца, дзе бывае патрэбны які-небудзь прэзэнтабэльны касьцюм, калі ідзеш да працадаўцы ці да кліента, і гэтыя выдаткі на вопратку табе, па выніку, вяртаюцца заробкамі пасьля. А калі гэта вопратка для таго, каб проста хадзіць па вуліцы, у парку, ці на лекцыі, то звычайныя джынсы – гэта самая практычная рэч.

Залежыць ад таго, як чалавек сябе паводзіць. У нямецкіх студэнтаў прынята сядзець на падлозе, калі ў аўдыторыі не хапае месцаў за сталамі на лекцыях папулярных прафэсароў. Ніхто ня робіць з гэтага праблемы, і таму прынята так апранацца, каб можна было сесьці, дзе зручна, у кожнай сытуацыі знайсьці выйсьце. А калі на лекцыю прыйшоў бы адпрасаваны, у касьцюме, так давялося б стаяць альбо і прапусьціць гэтую лекцыю, якая табе цікавая”.

Студэнцкае мэню

Юлія заўважае, што харчаваньне студэнтаў у Нямеччыне, бадай, адрозьніваецца тым, што ў мэню пастаянна ёсьць сьвежыя памідоры, агуркі, папрыка, у тым ліку й зімой, калі ў Беларусі ужываюць больш кансэрваванай гародніны, а сьвежую – пераважна садавіну: яблыкі, апельсіны, бананы. Юлія адзначае, што “ежа досыць танная – добрыя, разнастайныя прадукты на месяц абыйдуцца прыкладна ў 70-80 эўра, а калі больш сьціпла, то добра харчавацца можна і за 60 эўра ў месяц”.

(Юлія: ) “Мне вельмі падабаюцца ў Нямеччыне крамкі-пякарні, дзе адразу пякуць і прадаюць хлеб, розныя булачкі, вось мне вельмі падабаецца цыбулевы хлеб, да яго крыху смажанай цыбулі дадаецца. Добрыя ўнівэрсытэцкія сталоўкі, там гатуюць, фактычна, як і ў рэстарацыі. Напрыклад, мяса, стэйк, запечаны з ігрушай, зь якім-небудзь сырам, да гэтага які-небудзь гарнір, і салатка – і гэта ўсё за 2 эўра. Можна і дома гатаваць, прынесьці з сабой у такіх плястыкавых ёмістасьцях і зьесьці на перапынку, напрыклад, рыс з рыбай. Гэта яшчэ таньней, а дома заўсёды ёсьць трошкі часу ўвечары, каб прыгатаваць нешта”.


Сталоўка ў Лейпцыскім унівэрсытэце

Юлія распавяла, што вольны час студэнты бавяць як і, напэўна, усе студэнты на сьвеце – гэта не пытаньне толькі грошай. Але Юлія, якая вучылася і ў Беларусі, адзначае, што ў Нямеччыне ёсьць магчымасьць наведваць такія канцэрты, якія студэнтам у Беларусі недаступныя з-за высокіх коштаў.

Як самастойна паступіць у нямецкі ўнівэрсытэт

Прыклад Юліі сьведчыць, што цалкам магчыма паехаць вучыцца ў заходнеэўрапейскі ўнівэрсытэт без адмысловых праграмаў падтрымкі і дапамогі. Яна сваю вучобу падрыхтавала і арганізавала сама, загадзя ўсё сплянавала і нават неабходную суму грошаў зарабіла сама.

Юлія кажа, што нават склала своеасаблівую схему крокаў, неабходных для самастойнай падрыхтоўкі сваёй вучобы, бо даводзілася ўжо тлумачыць пра гэта знаёмым.

(Юлія: ) “Ёсьць некалькі пунктаў, якія трэба выканаць, і гэта займае час. Трэба рыхтавацца загадзя і інвэставаць у гэта свой час – напрыклад, вучыцца, альбо і працаваць у Беларусі і плянаваць, каб, скажам, праз два гады пачаць вучобу ў Нямеччыне. Немагчыма вось так сёньня вырашыць, а заўтра выехаць.

Найперш пытаньне мовы. Мала яе добра ведаць, патрэбны сэртыфікат, які пацьвердзіць веды. Яго можна атрымаць у Інстытуце Гётэ ў Менску, калі там здаць экзамен за вышэйшы ўзровень, які залічваюць, як сэртыфікат за экзамен, патрэбны для паступленьня ва ўнівэрсытэты ў Нямеччыне. Курсы ў Інстытуце Гётэ на добрым узроўні і адносна няшмат каштуюць, мне асабіста яны вельмі дапамаглі.

Па-другое, перад паступленьнем ва ўнівэрсытэт трэба альбо наведваць падрыхтоўчыя курсы пры нямецкім унівэрсытэце, альбо павучыцца ў ВНУ ў Беларусі і мець добрыя адзнакі.

Пасьля – падрыхтаваць дакумэнты, даведкі пра сваю адукацыю, з адзнакамі – напрыклад, за два курсы беларускага ВНУ, перакласьці і заверыць іх у натарыюса і пераслаць разам са сваёй заявай у адмысловую цэнтралізаваную службу дапамогі замежным студэнтам у Нямеччыне.

Гэтая служба зьвязываецца з унівэрсытэтамі, якія маглі б прыняць таго, хто даслаў дакумэнты, і высылае запрашэньне прыехаць”.

Юлія даслала для нашых слухачоў адрас старонкі гэтай цэнтралізаванай службы дапамогі замежным студэнтам ў Нямеччыне – “uni-assist” (http://www.uni-assist.de/) і патлумачыла, што варта абвязкова скантктавацца і ўсё удакладніць перад тым, як дасылаць дакумэнты. Няслушна аформленыя дакумэнты ня будуць разглядаць! Напрыклад, адзначае Юлія, “трэба дадаткова рабіць apostille, штамп, які ў Беларусі ставіцца у Міністэрстве адукацыі, МЗС і Міністэрстве юстыцыі” і дадае, што можа параіць натарыюса ў Менску і падказаць, як не пераплачваць, бо на ўласным досьведзе ведае, як складана з усімі гэтымі фармальнасьцямі, і шчыра спачувае тым, каму трэба праходзіць гэты шлях самастойна, без парады і падтрымкі.

Што праўда, “uni-assist” супрацоўнічае не з усімі ВНУ Нямеччыны. Некаторыя ўнівэрсытэты самі прымаюць дакумэнты ад студэнтаў. Дакладны пералік унівэрсытэтаў, якія супрацоўнічаюць з “uni-assist” Юлія раіць паглядзець тут: http://www.uni-assist.de/index.php?id=4&ebene=3

(Юлія: ) “Калі вам дашлюць запрашэньне прыехаць вучыцца, трэба ісьці ў амбасаду Нямеччыны за візай. Для атрыманьня візы трэба ня толькі запрашэньне, але і пэўныя доказы таго, што вы будзеце забясьпечаныя на час вучобы. Гэта можа быць паручальніцтва ад грамадзяніна Нямеччыны альбо дакумэнт пра пэўны рахунак у банку, і пасьля можна атрымаць візу і ехаць вучыцца”.

Што да гэтага апошняга кроку – тут можа быць шмат праблемаў, бо існуе цэлы шэраг патрабаваньняў і асаблівасцьцяў, але ўсё гэта можна вырашыць. Юлія перакананая – калі чалавек мэтанакіраваны, то няма нічога немагчымага.

Тыя, хто ўжо прайшлі гэты шлях і вучыліся часьцяком на ўласных памылках, гатовыя насамрэч шчодра дзяліцца набытым досьведам – я пераканалася ў гэтым у часе размоваў і ліставаньня зь Юліяй – так што пішыце, дасылайце свае пытаньні, альбо далучыйцеся да тых, хто мае што распавесьці. Дасылайце, калі ласка, вашыя лісты на адрас аўтара перадачы: pokladt@yahoo.co.uk.