Паводле БелаПАН Ва ўрочышчы Курапаты, што разьмешчана на паўночна-ўсходняй ускраіне Менску, чарговы раз невядомымі вандаламі апаганена "лава Клінтана" – мэмарыяльны знак, падораны 15 студзеня 1994 году прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам "ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці" падчас яго афіцыйнага візыту ў Беларусь. З вэртыкальна ўстаноўленай гранітнай асновы вандалы скінулі лаву на зямлю, раскідалі кветкі і сьвечкі.
Нагадаем, летам 2001 года лава была разьбіта невядомымі вандаламі, пасьля чаго яна была адрэстаўраваная і зноў усталяваная 15 студзеня 2002 года паслом ЗША ў Беларусі Майклам Козакам. Пазьней на лаўку Клінтана не аднойчы быў учынены напад з боку невядомых асобаў, у тым ліку пры канцы мінулага года. Тады вандалы скінулі лаву на зямлю і аблілі яе чырвонай фарбай. 6 сьнежня 2005 года па патрабаваньні грамадзкасьці Мінскае РУУС распачало крымінальную справу па фактах вандалізму ва ўрочышчы. Аднак пры канцы лютага гэтага года справу прыпынілі, бо не былі ўстаноўлены асобы, якія зьдзейсьнілі акты вандалізму. Чарговы выпадак апаганеньня "лавы Клінтана" прыйшоўся на вясну гэтага года, калі невядомыя сарвалі і выкралі мэталічны вянок, што ўпрыгожваў мэмарыяльны знак.
Падрабязнасьці на нашым сайце і ў эфіры заўтра.
На фота: Гэтак выглядаў год таму апаганены мэмарыяльны знак
Падрабязнасьці на нашым сайце і ў эфіры заўтра.
На фота: Гэтак выглядаў год таму апаганены мэмарыяльны знак