Сяргей Дубавец, Вільня Новая перадача сэрыі "Вострая Брама". Эфір 19 лістапада 2006 году.
“...Завяршаючы “амэрыканскую тэму”, пра што ішла гаворка ў мінулай перадачы, варта згадаць і наўпроставую паралель паміж айцамі-заснавальнікамі ЗША і амэрыканскай мадэлі разьвіцьця і братамі-заснавальнікамі беларускага руху Іванам і Антонам Луцкевічамі. У гісторыка Ўладзімера Снапкоўскага чытаем пра гэта:
“У 1915 г. у Вільні браты Антон і Іван Луцкевічы стварылі Канфэдэрацыю ВКЛ, палітычную арганізацыю, якая дамагалася ўтварэньня Беларуска-Літоўскай дзяржавы на фэдэратыўнай аснове. У 1916 г. лідэры ўкраінскага (Міхал Грушэўскі) і беларускага (Антон Луцкевіч) нацыянальнага руху вылучылі ідэю Злучаных штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора, ці Балтыйска-Чарнаморскай садружнасьці. Паводле гэтага пляну меркавалася стварэньне пасьля заканчэньня вайны эканамічнай і палітычнай супольнасьці ў складзе незалежных дзяржаваў — Беларусі, Літвы, Латвіі і Ўкраіны. Гэта нечым напамінала мадэрнізаваную ідэю аднаўленьня ВКЛ”.
Зробім выснову. Амэрыка, пастанавіўшы некалі будаваць сваю нацыю і дзяржаву без тыраніі, апынулася ў гэтым сэнсе наперадзе ўсяго старога сьвету. Спакваля менавіта яе мадэль сучаснае нацыі запанавала ў тых краінах, дзе таксама пазбавіліся ад тыраніі. Гэтая мадэль найбольш прывабна выглядала і для стваральнікаў беларускага руху пачатку ХХ ст., люстэркам якога стала газэта “Наша Ніва”. Фактычна выбар будучага разьвіцьця Беларусі выглядаў і выглядае так: або тыранія, або амэрыканская мадэль. Натуральна, многія ідэалёгіі ў сьвеце бачаць у такой “амэрыканізацыі” неўласьцівы для сябе спосаб існаваньня і рызыку страціць ідэнтычнасьць, а напавер атрымліваецца – бароняць тыранію, таталітарызм і аўтарытарны рэжым. Бо наша беднае чалавецтва пакуль яшчэ не прыдумала нейкай іншай, апроч амэрыканскай, мадэлі існаваньня – без тыраніі.
У тыранічных грамадзтвах афіцыйная прапаганда звычайна поўніцца тэорыямі змоваў і таемных інтрыг, скіраваных на падкоп існуючага рэжыму. Скажам, у царскай Расеі малады беларускі рух разглядаўся як “польская інтрыга”, а сёньня дзейнасьць нацыянальна-дэмакратычных сілаў характарызуецца як “інтрыга амэрыканская”. Сёньняшнія афіцыйныя ідэолягі ўслаўляюць дзейнага прэзыдэнта, у прыватнасьці, за тое, што не дапусьціў у краіну масонаў, хоць наяўнасьць масонскіх ложаў па ўсім сьвеце – усяго толькі лішні доказ дэмакратычнасьці і цярпімасьці грамадзтва.
У мінулай перадачы я згадаў, што масонамі або “вольнымі мулярамі” былі і стваральнікі першай беларускай газэты “Наша Ніва”, а па сутнасьці, і самой Беларусі – краіны і нацыі. Ці значыць гэта, што “Наша Ніва” і Беларусь – плён якойсьці масонскае змовы? Пытаньне рытарычнае, бо пазытыўны вынік непараўнальна пераўзыходзіць любую падступную інтрыгу або змову.
Алесь Смалянчук – доктар гістарычных навук і найбольш дасьведчаны знаўца гісторыі беларускага масонства, аўтар кнігі “Вольныя муляры ў беларускай гісторыі. Канец XVIII — пачатак XX ст.” Сёньня спадар Смалянчук – мой суразмоўца.
Алесь, адпраўны факт нашае тэмы – 1910 год, калі ў Вільні ўтварылася першая масонская лёжа “Еднасьць”. Сярод яе заснавальнікаў былі браты Луцкевічы. Натуральна, пра гэта не пісалі ўсе газэты, дый мэмуарысты, якіх абавязвала масонская таямніца, не маглі пакінуць такіх сьведчаньняў. Адкуль мы ведаем пра гэтую лёжу і пра тое, што Іван і Антон Луцкевічы былі вольнымі мулярамі?
(Смалянчук: ) “Галоўная крыніца, калі казаць пра вольных муляраў пачатку ХХ ст. – дзёньнікавыя запісы Міхала Ромэра, які таксама быў сярод братоў віленскіх лёж. Тая ж “Еднасьць” прыняла яго ў сакавіку 1911 году. І хоць вольных муляраў абавязвала таямніца, поўная таямніца, Міхал Ромэр гэтую таямніцу раскрыў, парушыў клятву, якую ён даваў. Раскрыў пры абставінах... словам, можна зразумець, чаму ён рашыўся на раскрыцьцё гэтай таямніцы. У 1915 годзе ён вырашыў перайсьці лінію фронту і далучыцца да легіёнаў Пілсудзкага і ваяваць са зброяй у руках за незалежнасьць Польшчы. Пры гэтым у яго была свая пазыцыя – ён лічыў, што жыхары былога ВКЛ павінны разам з палякамі змагацца за незалежнасьць спачатку Польшчы, а потым гэта дапаможа аднавіць незалежнасьць Літвы, гістарычнай Літвы. І перад тым, як рашыцца на такі дастаткова авантурны крок (бо ён мог і загінуць падчас усяго гэтага), ён зрабіў запісы ў сваім дзёньніку (ён завяршаў фактычна пэўны этап свайго жыцьця), і, між іншым, там былі падрабязныя запісы наконт вольных муляраў – уся гісторыя, якую ён ведаў – стварэньне віленскіх ложаў.
Ромэр вёў свой дзёньнік з 1911 году да канца жыцьця, ён у 1945 годзе памёр. Розныя дасьледчыкі аналізавалі гэтыя дзёньнікі, і большасьць запісаў не выклікае ніякіх сумненьняў. Тое, што я правяраў па некаторых іншых крыніцах – дадзеныя, зьвязаныя, напрыклад, з прыездам Антона Луцкевіча на пецярбурскі канвэнт – зьезд масонаў у Петраградзе ў 1914-15 гадах, дык усё супадала, сапраўды так было. Там былі Ромэр і Луцкевіч, і іншыя дадзеныя пацьвярджалі гэта”.
(Дубавец: ) “Колькі словаў пра самога Ромэра. Беларускія студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які сёньня навучаюцца ў Вільні, добра ведаюць гэтае імя. Менавіта ў аўдыторыях унівэрсытэта Ромэра праходзяць іхныя лекцыі”.
(Смалянчук: ) “Міхал Ромэр – гэта вядомы літоўскі і польскі юрыст, спэцыяліст у праве, чалавек, які належаў да так званай катэгорыі літоўскіх палякаў. На пачатку ХХ ст. ён выступіў з шэрагам публіцыстычных артыкулаў, якія пазначалі зьяўленьне на грамадзка-палітычнай арэне ідэалёгіі краёўцаў. Гэта ідэя, што жыхары былога ВКЛ належаць да адзінае нацыі. Незалежна ад культурнай, этнічнай прыналежнасьці, сацыяльнага паходжаньня. Калі ты адчуваеш сябе грамадзянінам колішняга ВКЛ, гістарычнай Літвы, ты маеш права належаць да гэтай адзінай нацыі. Ідэя была дастаткова папулярная і ў яго спалучалася зь лібэральна-дэмакратычнымі поглядамі. Ён пасьлядоўна гэта ўсё адстойваў, але калі ў 1920-м годзе Жалігоўскі захапіў Вільню, настаў час рабіць выбар: з кім ты будзеш. Стала зразумела, што адрадзіць ВКЛ, пра што марыў Ромэр, не атрымаецца, і ён зрабіў стаўку на Літву. Ён перабраўся ў Коўна, стаў рэктарам унівэрсытэта, літоўскага першага ўнівэрсытэта Вітаўта Вялікага. Там ён тры кадэнцыі быў рэктарам і распрацоўваў, унёс велізарны ўклад у распрацоўку літоўскай канстытуцыі. Ну і ўвесь час, усё сваё жыцьцё вёў гэты дзёньнік, дзе, дарэчы, запісы рабіў на польскай мове”.
(Дубавец: ) “Ці браты Луцкевічы падзялялі ідэю краёвасьці?”
(Смалянчук: ) “Луцкевічы падзялялі. Але падзялялі, скажам так, інструмэнтальна. Яны бачылі ў гэтай краёвасьці магчымасьці для прапаганды беларускай ідэі. Яны лічылі, што гэтая краёвая ідэя дасьць магчымасьць беларусам выступаць нароўні зь літоўцамі, палякамі, пабудаваць свой беларускі дом у межах гэтай краёвасьці”.
(Дубавец: ) “Луцкевічы былі сярод заснавальнікаў першай лёжы. А хто быў ініцыятар?”
(Смалянчук: ) “Ініцыятар быў Ежы Ром – жыдоўскі лекар, вельмі вядомы дзяяч канстытуцыйных дэмакратаў, ён належаў да партыі кадэтаў. Ініцыятыва адраджэньня вольнага мулярства на тэрыторыі былога ВКЛ ішла з Масквы і Пецярбургу. Вялікі Ўсход Францыі стварыў там у 1906 годзе першую лёжу і паступова яны выйшлі праз Ежы Рома на тое, каб стварыць лёжу тут. І сапраўды, браты Луцкевічы былі ў той першай сямёрцы, якая ўтварыла лёжу “Еднасьць” напрыканцы 1910 году. Гэта была ўжо другая ў пэўным сэнсе беларуская лёжа. Першая ўзьнікла ў Менску крыху раней”.
(Дубавец: ) “1910-ты год, уздым беларускага адраджэньня, “Наша Ніва” выходзіць чацьвёрты год, ствараюцца выдавецтвы і гурткі, адбываюцца тэатральныя вечарыны – усё ідзе на выхад, на людзі, на раскрыцьцё, напаказ. Тым часам масонства – гэта адваротны працэс – таямніца, закрыцьцё, жорсткі адбор сяброў. Як бы ты на месцы Луцкевічаў матываваў іхны крок – якую яны бачылі карысьць ад масонства для галоўнай справы свайго жыцьця – беларускага адраджэньня? Відаць жа яны, як лідэры, прыцягнуць у вольныя муляры і іншых...”
(Смалянчук: ) “Сапраўды, потым уступіць Іван Краскоўскі, у 1912 годзе – Вацлаў Ластоўскі... Наколькі я магу меркаваць, наколькі ведаю Луцкевічаў, для іх масонства не было самамэтай. Масонскія лёжы, якія ўзьнікалі ў гэты час, гэта ў першую чаргу былі групы ўплыву. У прынцыпе гэта ідэя і самога вольнага мулярства і ідэя, блізкая партыі канстытуцыйных дэмакратаў, – ствараць ложы шматнацыянальныя, дзе былі б прадстаўнікі ўсіх нацыяў. Талерантнасьць нацыянальная, рэлігійная, палітычная – да пэўнай ступені, вядома. І магчыма, што Луцкевічы, уступаючы ў масонскія лёжы, бачылі для сябе магчымасьць і такім чынам узмацніць беларускі рух, зрабіць яго больш уплывовым. Праз супрацоўніцтва з прадстаўнікамі пераважна лібэральна-дэмакратычных кірункаў польскага руху, літоўскага руху. І аказалася, што гэтае супрацоўніцтва было вельмі эфэктыўным.
Я думаю, што Луцкевічы ў гэты час ужо адчувалі тую, можа, галоўную бяду беларускага руху, якая праявілася на пачатку стагодзьдзя ва ўмовах нашага славутага адраджэньня – гэта слабасьць сацыяльнай базы, адсутнасьць сур’ёзнай масавай падтрымкі беларускага руху. Трэба было шукаць магчымасьці трансьляцыі нацыянальнай ідэі. Я думаю, што і праз вольнае мулярства яны спрабавалі трансьляваць беларускую ідэю”.
(Дубавец: ) “Але закрытая лёжа, у якой сабралася зусім абмежаваная колькасьць хай сабе і вельмі ўплывовых людзей, мала стасуецца са словам “трансьляцыя”. Можа быць, гэта былі праекты, якія нараджаліся ў асяродку вольных муляраў, але працаваць мусілі вонкі?”
(Смалянчук: ) “Канечне гэта такі безумоўна вольнамулярскі праект, як выданьне Луцкевічамі на польскай мове газэты “Kurjer Krajowy” і на расейскай мове “Вечерней газеты”. Яны выступаюць у адным выпадку як такія дэмакраты-палякі (прычым імёны іх там не фігуруюць), альбо як такія прагрэсісты лібэралы расейцы. Так і на польскай і на расейскай мовах яны прапагандуюць ідэі беларускага адраджэньня. Спрабуюць паўплываць на зрусыфікаваных ці спалянізаваных беларусаў, вярнуць іх да беларускай ідэі, да беларускай нацыі. І тут значную падтрымку яны ў гэтых сваіх праектах атрымалі ад віленскага вольнага мулярства”.
(Дубавец: ) “Выходзіць, адзіная беларуская газэта “Наша Ніва” зусім не была самотнай са сваёй ідэяй нацыянальнага адраджэньня, а мела моцнае забесьпячэньне “на флангах”, ад “Kurjera Krajowego” і “Вечерней газеты” – па-польску і па-расейску. Такая, у пэўным сэнсе, апека двух рэальных газэт, таксама давала магчымасьць “НН” быць не зусім газэтай, быць больш чым газэтай, быць паэмай і эпасам, плёнам бязьмежнага нацыятворчага натхненьня.
Аднак вернемся да вольных муляраў. Апроч братоў Луцкевічаў, Івана Краскоўскага і Вацлава Ластоўскага, згадаем яшчэ аднаго брата-масона, які меў непасрэднае дачыненьне да “Нашай Нівы”. Гэта Зыгмунд Нагродзкі – віленскі прадпрымальнік, які, між іншым, і сам пісаў беларускія вершы, але ўвайшоў у гісторыю як сябра Францішка Багушэвіча і фундатар “Нашае Нівы”. Шмат пазьней Антон Луцкевіч у сваіх успамінах пісаў:
“У 1893 ці 94 г. атрымаў Нагродзкі, які жыў тады ў Вільні, першае выданьне вершаў Багушэвіча “Дудка беларуская”. Кніжачка выйшла за граніцай і прыходзіла ў Вільню кансьпірацыйнай дарогай. “Дудку” прынёс Нагродзкаму Язэп Пілсудзкі. Кніжка зрабіла на Нагродзкага велізарнае ўражаньне. Яму ўдалося хутка пазнаёміцца і з аўтарам яе, Багушэвічам, каторы ўжо жыў тады ў Вільні і працаваў, як адвакат. З паэтам Нагродзкі вельмі здружыўся, і яны бачыліся прынамсі раз у тыдзень”.
Упершыню ў “Нашай Ніве” імя Нагродзкага згадваецца ў 1907 годзе, на гадавіну існаваньня газэты. Акурат тады віленскі генэрал-губэрнатар сваім загадам закрыў друкарню Марціна Кухты, дзе друкавалася “НН” і рэдакцыя на адзін нумар мусіла зьмяніць месца друку. У Кухты “Наша Ніва” друкавалася, як правіла, авансам. Ясна, што іншы друкар, а гэта быў нехта Блюмовіч, патрабаваў аплаты адразу. І вось менавіта ў гэтым нумары ў газэце зьяўляецца “рэальная” рэкляма Зыгмунта Нагродзкага, ягонага складу гаспадарскіх машын і прылад. Пазьней плугі Нагродзкага будуць рэклямавацца ў “Нашай Ніве” часта.
У 1937 годзе ў часопісе “Калосьсе” зьявіцца нэкралёг па Зыгмундзе Нагродзкім, дзе будуць і такія словы пра “Нашу Ніву”:
“Нагродзкі быў у блізкіх зносінах зь сябрамі рэдакцыі, даваў у газэту добра платныя абвесткі аб сваім складзе с/г машын, друкаваў і рассылаў пры газэце свае каталёгі ў беларускай мове і ў патрэбе заўсёды гатоў быў дапамагчы выдавецтву пазыкай усьцяж нехапаўшых грошай”.
Каго яшчэ з найбольш яркіх віленскіх беларускіх масонаў мы можам прыгадаць?
(Смалянчук: ) “Яшчэ можна назваць Уладзіслава Асмалоўскага. Праўда, скажам, чалавек цалкам не належаў да беларускага руху, але быў сярод заснавальнікаў выдавецтва “Наша хата”. Вядома, што менавіта яму ў 1915 годзе, калі расейскія войскі адступалі і нямецкія акупацыйныя ўлады займалі Вільню, даручана было схаваць архівы віленскіх масонскіх лёжаў. Схаваў так, што па сёньняшні дзень нічога не вядома”.
(Дубавец: ) “Аднак традыцыі масонскай талеранцыі і ўдзелу беларусаў у лёжах вольных муляраў працягваліся і пасьля першай сусьветнай вайны – у Заходняй Беларусі 20-30-х гадоў мінулага стагодзьдзя. У прыватнасьці, пра гэта згадвае вэтэран беларускага руху ў ЗША Антон Шукелойць у кнізе Зянона Пазьняка “Гутаркі з Антонам Шукелойцем”.
Антон Шукелойць успамінае часы свае вучобы ў Ашмянскай польскай гімназіі:
“Дырэктар гімназіі (Лакуцьеўскі), як я ўжо гаварыў, гэта такі шляхціц з ваколіцы Цялешышкі... Ён быў пілсудчык, такога сацыялістычна-лібэральнага кірунку. І думаю, што, мусіць, быў масонам. Таму што ў нас у гімназіі вельмі высока цаніўся арганізатар польскай масанэрыі Валяр''ян Лукасінскі, маёр, які падрыхтаваў паўстаньне 1831-га году ў Варшаве. Вельмі цікавая, моцная фігура. Яго засудзілі на ссылку, прыкулі да тачкі. Ён, здаецца, трыццаць гадоў быў на ссылцы. І там памёр. Дырэктар якраз скаўцкую арганізацыю назваў ягоным імем. Віленская масонская лёжа мела такі лібэральны дух мяйсцовай інтэлігенцыі; ейным кіраўніком нейкі час быў рэктар Віленскага ўнівэрсыітэту, таксама шляхціц зь Лідчыны Вітальд Станевіч. Вельмі прыхільны да беларусаў, між іншым. Так што думаю, што і нас гэты Лакуцьеўскі паважаў”.
Далей Антон Шукелойць прыгадвае эпізод ужо з наступных часоў, калі ён вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце:
“Гэта адзін з тых вечаровых жартаў, якія расказваў Ян Пазьняк вечарам для нас, студэнтаў. Антон Луцкевіч, як ведама, быў масонам і належаў да масонскай лёжы ў Вільні. Адзін раз ён вырашыў зацягнуць у лёжу ксяндза Станкевіча, бо гэта ж выдатны дзеяч, і там, відаць, у лёжы, вельмі хацелі б яго мець. І вось ён ужо дамовіўся зь ім, і яны пайшлі. Але ён ня кажа ксяндзу Станкевічу, куды яны йдуць. Вось, маўляў, ідуць адведаць там некага, ня памятаю ўжо каго, магчыма, што рэктара ўнівэрсытэту Станевіча. Ну і прыйшлі ўжо, і падымаюцца па сходах перад дзьвярыма лёжы. Луцкевіч кажа: "Ведаеш, мы з табой прыйшлі ў лёжу масонаў". І тут ксёндз Станкевіч даў драла. Адразу, адмовіўся ісьці туды і сышоў назад. Так што такая няўдача была Луцкевіча ў ягоным супрацоўніцтве з масонскай лёжай”.
Аўтар кнігі “Гутаркі з Антонам Шукелойцем” Зянон Пазьняк пытаецца:
“Ці гэта было зьвязана з сацыялізмам?”
Антон Шукелойць адказвае:
“Не. Лёжы масонскія былі самы па сабе. І Тарашкевіч належаў да масонскай лёжы; ня ведаю, хто там яшчэ. Але наагул сацыялізм з масонствам не хадзіў у пары. Масонства – гэта такі лібэралізм у шырокім маштабе”.
Зразумела, што далучэньне братоў-заснавальнікаў да масонства не магло не адбіцца і ў тэкстах першай беларускай газэты.
Ці ня першае такое сьведчаньне знаходзім у “Нашай Ніве” напрыканцы 1911 году. Палемізуючы з вершам Янкі Купалы “Кожын год, што мінаў, штосьці нам не дадаў”, Антон Луцкевіч піша артыкул “Наш доўг”, дзе настойліва паўтарае назву віленскай масонскай лёжы: “Толькі ў еднасьці – сіла, і тую сілу прыдбаць можам мы самі”, “патрэбен жывы прыклад еднасьці”, “ня толькі гаварыць аб еднасьці ўсіх беларусаў, але жыцьцём сваім шырыць згоду і братнюю любоў у народзе”. Галоўная тэма артыкула – раскол беларусаў на праваслаўных “рускіх” і каталікоў “палякаў”. Шукаючы спосабу злучыць гэтыя дзьве часткі ў еднасьць, браты Луцкевічы рабілі стаўку і на мэханічнае злучэньне – грэка-каталіцызм і на злучэньне бязь зьмены сваёй канфэсійнай прыналежнасьці – а такую магчымасьць і давала масонства, якое патрабуе, каб сябра лёжы верыў у Бога, але пры тым ён можа быць і хрысьціянінам, і мусульманінам, і юдэем, і будыстам – ня важна. Усе маюць права на братнюю любоў.
Адна з асаблівасьцяў масонства ў тым, што пры ўсёй сваёй таямнічасьці яно ня можа існаваць нелегальна. Гэта значыць, што з прыходам бальшавіцкае ўлады вольныя муляры зьніклі ня толькі ў Вільні, але і па ўсёй савецкай і сацыялістычнай прасторы. Аднак ужо ў першыя гады дэмакратыі – а наяўнасьць або адсутнасьць масонства – сам па сабе паказьнік узроўню дэмакратыі і цярпімасьці ў грамадзтве – вольныя муляры зноў пазьяўляліся ва ўсіх без выключэньня постсавецкіх і постсацыялістычных краінах. Сёньня ў сеціве можна безь цяжкасьцяў адшукаць сайты вялікіх нацыянальных лёжаў Літвы і Польшчы, Расеі і Ўкраіны. Толькі беларускага сайту з падобным зьместам няма – што ёсьць вернай прыкметай адсутнасьці ў Беларусі масонства, а ў выніку і адсутнасьці Беларусі на масонскай карце сьвету.
Як бы мы, шаноўны слухач, ні ставіліся да масонаў, якімі так любяць запалохваць свой народ усе без выключэньня дыктатары, але і тут даводзіцца прызнаць, што наша грамадзтва, грамадзкая думка і грамадзянская сьведамасьць у параўнаньні з тым, што было ў часы “Нашае Нівы”, зрабіла за гэтае стагодзьдзе крок назад. Прычым адносіны да рэлігійна-філязофскага руху паляпшальнікаў жыцьця, масонаў – гэта ўсяго толькі адзін прыватны прыклад у доўгім шэрагу іншых.
Цяпер самы час зьвярнуцца да асобаў братоў-заснавальнікаў – Івана і Антона Луцкевічаў.
Выглядае так, што ў адрозьненьне ад прагматычных палякаў або літоўцаў, рамантыкі-ідэалісты беларусы маглі нічога і не рабіць. Іх проста магло ня быць. І тады гісторыя распрацавала б нейкія свае шляхі засваеньня гэтай зямлі і гэтага насельніцтва. Але зьяўляюцца браты Луцкевічы, якія пачынаюць свой пэрсанальны, аўтарскі праект – Беларусь. І як геній паэта падказвае яму абсалютна жывучыя ідэі, так і ім іх геній падказаў іхную паэму пад назваю “Наша Ніва”.
Пра братоў-заснавальнікаў гаворка пойдзе ў наступнай перадачы”.