Добрускім школьнікам, якія пабілі настаўніцу, пагражае ад году да шасьці

Радыё Свабода Двум дзевяціклясьнікам добрускай сярэдняй школы №2, якіх узялі пад варту дзесяць дзён таму за зьбіцьцё 25-гадовай настаўніцы расейскай мовы й літаратуры, выставілі абвінавачаньне. Іх вінавацяць у хуліганстве з выключным цынізмам — паводле часткі другой артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу. Пра гэта паведамілі ў сьледчым аддзяленьні добрускай міліцыі.
Аднаго з арыштаваных ужо адправілі з Добрушу ў Гомельскі сьледчы ізалятар. Другога накіруюць туды заўтра.

Школьнікі спрабавалі сарваць урок і ў лаяліся. На заўвагі маладой настаўніцы, зробленыя двойчы, дзевяціклясьнікі не адрэагавалі. А калі выкладчыца прапанавала ім папрасіць прабачэньня, адзін дзевяціклясьнік ударыў ёй па назе, другі — заламаў руку.

Гэтыя школьнікі ўжо стаялі на ўліку інспэкцыі ў справах непаўналетніх. Сёлета яны былі асуджаныя за крадзёж з адтэрміноўкай пакараньня на год. Абодва арыштаваныя дзевяціклясьнікі — другагоднікі.

Паводле выстаўленага абвінавачаньня школьнікам пагражае арышт ад трох да шасьці месяцаў, альбо пазбаўленьне волі ад аднаго да шасьці гадоў.