А.Саньнікаў: Заява Буша была неканьюнктурная

Альгерд Невяроўскі, Менск Сёньня ў сталіцы Латвіі завяршаецца саміт кіраўнікоў краінаў НАТО. Гэтай сустрэчы папярэднічалі канфэрэнцыі й спатканьні эўрапейскіх палітыкаў ды экспэртаў. У мерапрыемствах удзельнічалі й прадстаўнікі беларускай апазыцыі — Аляксандар Мілінкевіч, Андрэй Саньнікаў, Міхаіл Марыніч і Ірына Красоўская.
Вынікі працы падводзіць міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Найбольш важным я лічу тое, што сказаў Буш у сваёй прамове. Гэта тое, што бачаньне Злучанымі Штатамі Эўропы цэласнай, свабоднай і мірнай уключае Беларусь. Такая заява была зробленая ўпершыню. Мы дамагаліся гэтага працяглы час — і цяпер гэта пачулі. Пасьля прамовы прэзыдэнт Латвіі спадарыня Віке-Фрэйбэрга прадставіла нас Бушу. Спадара Мілінкевіча, Марыніча, мяне, і мы проста падкрэсьлілі, што мы ўдзячныя за тыя словы, якія пачулі. Джордж Буш сказаў, што ён разам з дэмакратыяй, з тымі людзьмі, якія змагаюцца за свабоду. Вельмі добрае ўражаньне. Вельмі добрая, моцная прамова.

Сёньняшні пэрыяд — гэта не пэрыяд перад выбарамі. Гэта значыць, што заява была неканьюнктурная. Гэта сьведчыць пра палітыку Злучаных Штатаў”.