<B>У Менску разагнаная акцыя апазыцыі</B>

Любоў Лунёва, Менск Прадстаўнікі дэмакратычнага руху а 19-й гадзіне паводле менскага часу намагаліся правесьці акцыю, каб прыцягнуць увагу кіраўнікоў дзяржаваў СНД да праблемы парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.
Байцы спэцназу міліцыі разагналі акцыю. Яны не далі моладзевым актывістам разгарнуць расьцяжкі і плякаты.

Кастрычніцкі пляц у Менску за дзьве гадзіны да правядзеньня акцыі быў ачэплены спэцназам.

На станцыях мэтро “Плошча Леніна” і “Кастрычніцкая” не спыняліся цягнікі, а па праспэкце хадзіў толькі аўтобус №100, які таксама не спыняўся на Кастрычніцкім пляцы і пляцы Незалежнасьці.

Байцы спэцназу паведамлялі людзям, што спэктаклі ў тэатрах адмененыя. Працаваў толькі дзяржаўны цырк. Але з-за затораў дзеці з бацькамі спазьніліся на прадстаўленьне – было шмат ляманту і сьлёз.

На пляцоўцы каля рэстарану “Мак-Дональдс” на рагу вуліцы Леніна і праспэкту Незалежнасьці спэцназаўцы затрымлівалі моладзевых актывістаў, якія там зьбіраліся. Разам зь імі затрымлівалі і выпадковых мінакоў.

Апэратару Ren-TV не дазволілі падысьці да праспэкту, і ён мусіў падыходзіць да Кастрычніцкага пляцу праз вуліцу Янкі Купалы. Але і там – безвынікова.

Мінакі бачылі шмат аўтобусаў з салдатамі ўнутраных войскаў. Людзі абураліся: “Тут што, вайна?..”